ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 29 студзеня 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 ліпеня 2022, 20:08

Сям'я Веракса з Гомельскай вобласці перамагла ў рэспубліканскім праекце "Уладар сяла"

9 ліпеня, Александрыя /Кар. БЕЛТА/. Сям'я Дзяніса і Юліі Веракса з Гомельскай вобласці стала пераможцам рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла". Вынікі конкурсу агучаны ў час святкавання "Купалля" ў Александрыі Шклоўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сям'я з Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ехала на праект толькі за перамогай: яны дастойна выступілі на ўсіх конкурсных этапах і не толькі ўзялі галоўны тытул, але і выйгралі ў намінацыі "Уладар сяла ONLINE". Дзяніс і Юлія Веракса прыехалі на конкурс з трыма дзецьмі. Праўда, самая маленькая ўдзельніца, сямімесячная Аліса, амаль увесь час спала, але двое сыноў, Арсень і Усевалад, актыўна ўключыліся ў конкурсную барацьбу. "Сям'я - гэта муж, жонка і дзеці, таму мы павінны быць заўсёды і ва ўсім разам, падтрымліваць адзін аднаго", - дзеліцца Юлія Веракса.

"Сакрэт перамогі ў тым, што ў нашай сям'і шануюць гістарычную памяць, наш дэвіз: "Моцны той род, які сваіх продкаў памятае і беражэ". Мы так пазіцыянуем сябе, вучым гэтаму нашых дзяцей, выхоўваем іх у любові да сваёй радзімы і ў духу патрыятызму", - далучаецца да слоў жонкі галава сямейства.

Дыплом другой ступені праекта "Уладар сяла" заваявала сям'я Дзмітрыя і Вікторыі Дундар з Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, трэцяй - прадстаўнікі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Павел і Людміла Занеўскія. Уладальнікам трэцяга месца прэзентавалі падвеснае крэсла, другога - каркасны басейн, першага - дамашнюю акустычную сістэму. Усе фіналісты атрымалі дыпломы, сертыфікат на Br2560, падарункі ад партнёраў конкурсу - партатыўныя калонкі, навушнікі, дзіцячыя гульні, наборы посуду і інструментаў.

"Канкурсанты здзіўляюць журы кожны год, і гэты не стаў выключэннем, - падзяліўся загадчык аддзела праектнай дзейнасці ЦК БРСМ Уладзіслаў Дубіцкі. - Яны дэманструюць новае творчае бачанне, укараняюць у свае выступленні сучасныя тэхналогіі, культывуюць сямейныя каштоўнасці і традыцыі. У конкурсу шмат партнёраў, ён падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, таму што такія праекты сапраўды патрэбныя і важныя".

У жніўні ўдзельнікі, якія заваявалі тры першыя месцы, будуць прадстаўляць нашу рэспубліку ў Расіі на аналагічным конкурсе. Яго арганізуе Расійскі саюз сельскай моладзі. Ідэю праекта суседзі перанялі ў беларусаў, бо гэты конкурс па праву можна лічыць брэндавым для нашай краіны.

На святочнай сцэне ў Александрыі гледачам і ўдзельнікам фіналу "Уладара сяла" прэзентавалі гімн праекта. Яго афіцыйны рэліз адбудзецца на ўсіх пляцоўках толькі 15 ліпеня. Трэк атрымаўся дынамічным і яркім - такім, як і сам маладзёжны праект.

"Уладар сяла" штогод аб'ядноўвае па ўсёй краіне сотні маладых беларускіх сем'яў, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Гэты папулярны конкурс ужо даўно стаў брэндам Беларусі, ён садзейнічае замацаванню маладых сем'яў у вёсцы, узняццю прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, адраджэнню працоўных дынастый і папулярызацыі традыцый беларускай вёскі. У гэтым годзе фінальныя спаборніцтвы прайшлі на дзвюх пляцоўках - у Горках і Александрыі. Арганізаваў праект БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі