29 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі прагназуе, што граніца паміж Беларуссю і Расіяй, закрытая расійскім бокам у сакавіку з-за пандэміі COVID-19, будзе зноў адкрыта ў канцы ліпеня - пачатку жніўня. Аб гэтым дыпламат сказаў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Аналізуючы сітуацыю кожны дзень, суадносіны колькасці тых, хто захварэў і хто выздаравеў, бачу выдатную дынаміку непасрэдна па Маскве, дзе захварэўшых у суткі 600-700 чалавек, а тых, хто паправіўся, - 2-3 тыс., - адзначыў Уладзімір Сямашка. - І па Расіі колькасць тых, хто выздараўлівае, штосутачна большая, чым тых, хто захварэў. Па Беларусі такая ж сітуацыя. Думаю, што граніца недзе да канца ліпеня - пачатку жніўня павінна быць адкрыта".
Пасол адзначыў, што расійскі бок ужо ўвёў некаторыя паслабленні па перасячэнні граніцы. Ён нагадаў, што з самага пачатку для бесперабойнага забеспячэння таварамі першай неабходнасці не ўводзілася забарона на перасячэнне граніцы паміж Беларуссю і Расіяй для грузавога транспарту. А нядаўна ўрад Расіі прыняў распараджэнне, якое дазваляе перамяшчацца праз беларуска-расійскую граніцу вахтавікам. У прыватнасці, паводле слоў пасла, гэтай магчымасцю ўжо скарысталіся спецыялісты прадпрыемства "Беларуснафта".
"І наадварот, на будаўніцтве БелАЭС ідзе пастаянная ратацыя кадраў, і мы знаходзім спосабы для таго, каб яны праходзілі каранцін і траплялі на станцыю", - паведаміў Уладзімір Сямашка.
Ён дадаў, што дагэтуль пасольства вымушана займацца перапраўкай у Беларусь грамадзян, якія прыбываюць у расійскія аэрапорты з трэціх краін вывазнымі рэйсамі. Гэтых грамадзян беларуская дыпмісія на ўласных аўтамабілях дастаўляе з маскоўскіх аэрапортаў да расійска-беларускай граніцы. У прыватнасці, сёння дыпмісія аказвае дапамогу ў дастаўцы на радзіму васьмі беларускім грамадзянам.-0-