Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 жніўня 2020, 10:48

Сямашка: на выбарах вырашаецца, ці будуць нашы дзеці і ўнукі самі вызначаць свой лёс

9 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. На цяперашніх выбарах вырашаецца пытанне аб тым, ці будуць нашы дзеці і ўнукі самі вызначаць свой лёс або хтосьці звонку будзе ўказваць, як ім жыць. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, які сёння першым прыйшоў прагаласаваць на выбарах Прэзідэнта Беларусі на ўчастку ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах - вялікая, адказная акцыя для любой дзяржавы і грамадства, - сказаў Уладзімір Сямашка. - І Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне, паколькі мы выбіраем сваю будучыню, будучыню дзяржавы, будучыню нацыі".

Ён адзначыў, што беларускае грамадства і дзяржава вельмі рыхтаваліся да цяперашніх выбараў, усё было зроблена ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі. "Нягледзячы на ўсе праблемы, а праблемы былі вялікія: і эканамічны крызіс, звязаны з пандэміяй, і сама пандэмія - тым не менш усё было арганізавана", - канстатаваў дыпламат.

"Цяперашнія выбары Прэзідэнта вельмі важныя, яны вызначаюць, чым будзе жыць наша нацыя, кім будуць нашы дзеці, унукі і праўнукі: яны будуць самі вырашаць свой лёс або хтосьці будзе ім гаварыць, як жыць. Мы, беларусы, павінны гэта самі ўсё вызначыць. Пакуль гэта ў нас атрымліваецца па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Пасол паведаміў, што ў Расіі галасаванне на выбарах Прэзідэнта арганізавана ў тых гарадах, дзе больш за ўсё беларусаў. У прыватнасці, участкі адкрыліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Калінінградзе. "Мы вельмі адказна паставіліся да падрыхтоўкі, - адзначыў ён. - У Маскве самы вялікі кантынгент выбаршчыкаў. У поўнай адпаведнасці з законам прайшло папярэдняе галасаванне. Чым характэрныя гэтыя выбары? Тым, што вельмі высокая актыўнасць выбаршчыкаў. Часткова гэта тлумачыцца тым, што многія беларусы з-за пандэміі былі тут адрэзаны, не маглі выехаць, як гэта было раней, на адзін-два дні ў Беларусь, прагаласаваць па месцы жыхарства і вярнуцца на вучобу або работу. У пасольстве ў Маскве на папярэдніх выбарах - і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх - заўсёды было каля 1,5 тыс. выбаршчыкаў. У бягучым годзе мы чакаем, што будзе значна больш: 2-2,5 тыс. Прынамсі, па выніках пяці дзён датэрміновага галасавання ўжо больш як тысяча чалавек прагаласавала". Уладзімір Сямашка нагадаў, што любы грамадзянін Беларусі, які па тых ці іншых прычынах знаходзіцца ў дзень выбараў у Расіі, можа прыйсці ў пасольства і прагаласаваць са сваім пашпартам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі