Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2020, 14:03

Сітуацыя з наяўнасцю масак і антысептыкаў у Беларусі выраўнавалася, попыт будзе задаволены - КДК

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з наяўнасцю масак і дэзынфекцыйных сродкаў у аптэках і гандлёвай сетцы Беларусі выраўнавалася, попыт насельніцтва будзе задаволены. Аб гэтым журналістам заявіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Віктар Бурло сёння ў час прамой тэлефоннай лініі аб наяўнасці гэтых тавараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"КДК займаецца маніторынгам аптэчнай і гандлёвай сеткі з канца сакавіка - пачатку красавіка. Тады ў многіх аптэках не было ні масак, ні антысептыкаў, але сёння, зыходзячы са зваротаў і нашага маніторынгу, сітуацыя выраўнавалася. Думаю, у цэлым попыт насельніцтва будзе задаволены, грамадзяне могуць іх купіць. Калі, напрыклад, у адной аптэцы іх няма, то гэта часовая з'ява. Упэўнены, што калі зайсці ў суседнюю аптэку або ў тую ж, але пазней, то гэтыя тавары будуць", - сказаў Віктар Бурло.

Паводле даных на пачатак красавіка, маскі былі толькі ў 48 аптэках з 283 правераных па краіне, або ў 17 працэнтах з іх. Бліжэй да 13 красавіка сітуацыя палепшылася: маскі з'явіліся ў 89 працэнтах абследаваных аптэк (у 964 з 1081 правераных). 16 красавіка маскі былі амаль усюды: у Брэсцкай вобласці з 277 правераных аптэк не было масак у адной, у Гродзенскай з 112 аптэк не было масак у васьмі, у Магілёўскай ва ўсіх правераных былі маскі.

Са сродкамі дэзынфекцыі пытанне стаяла больш востра, але да сярэдзіны красавіка сітуацыя таксама палепшылася. У прыватнасці дзякуючы таму, што многія прадпрыемствы пачалі выпускаць спіртазмяшчальныя дэзынфектары. Паводле даных на 16 красавіка, у Брэсцкай вобласці сродкі дэзынфекцыі адсутнічалі ў 27 з 277 абследаваных аптэк, у Гродзенскай вобласці адсутнічалі ў 27 з 112 аптэк, у Магілёўскай вобласці дэзынфектараў не было ў адной аптэцы з усіх правераных.

У цэлым, адзначыў прадстаўнік КДК, апошнім часам паступае не вельмі шмат пытанняў па наяўнасці масак або антысептыкаў. "Цяпер на кантролі адзін зварот па Мінску. Ёсць асобныя пытанні наконт кошту тавару, кожны выпадак вывучаецца асобна. Мы самі ў час маніторынгу 6 красавіка выявілі, што ў адной з аптэк Мінска кошт дэзсродку аб'ёмам 500 мл складаў Br24,96. Высветлілася, што антысептык вырабляюць на Гродзенскім лікёра-гарэлачным заводзе, адпускная цана на выхадзе складала каля Br7. Гэта значыць падагульняючая цана перавышала пачатковую амаль у 4 разы. Але мы разабраліся, сітуацыя вывучана", - расказаў Віктар Бурло.

Зваротаў сапраўды мала. На прамую тэлефонную лінію ў КДК па Мінску за 2 гадзіны паступіла шэсць званкоў, з іх усяго тры - па тэме. Мінчанка патэлефанавала даведацца, хто павінен дэзынфіцыраваць пад'езд, калі дом належыць таварыству ўласнікаў, а таксама папрасіла разабрацца, чаму ў "Віталюры" завышана цана на лімоны. Прадстаўнік камітэта адказаў: пытанне будзе ўзята на кантроль, заяўніцы дадуць адказ.

Яшчэ адзін жыхар сталіцы абурыўся, што ў "Гіпа" прадаюць маскі па Br3,90, пры тым што ў Бараўлянах у аптэцы можна купіць аднаразовыя маскі па 90 капеек. Віктар Бурло выказаў меркаванне, што ў магазіне прадаюць шматразовыя маскі. Але ў любым выпадку прадстаўнікі КДК абавязкова з'ездзяць і паглядзяць: "ёсць інтарэс убачыць, што за тавар і вытворца".

Наконт завышанага кошту дэзсродкаў патэлефанавала жанчына. Яна расказала, што ў аптэцы пры 9-й паліклініцы ў Мінску прадаюць антысептык аб'ёмам 50 мл па Br6,25. Гэты зварот таксама будзе правераны.

Таксама сёння прамыя тэлефонныя лініі праходзяць у абласных аддзяленнях КДК. Паводле даных на 12.00, ніводнага званка не паступіла на прамую лінію ў Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Ад жыхароў Гродзенскай вобласці прагучала адна скарга: у лютым маска каштавала 24 капейкі, цяпер - 90 капеек. Яшчэ адзін зварот паступіў ад жыхара Магілёўскай вобласці: ён паскардзіўся на падаражанне імбіру, часнаку, лімонаў. На прамую тэлефонную лінію Віцебскай вобласці паступіла чатыры звароты: па фасоўцы, наяўнасці і цане антысептыку.

Да 18.00 па пытанні наяўнасці масак і дэзсродкаў можна патэлефанаваць на прамую лінію ў Брэсцкай (8 0162 21-18-76, 21-25-08), Гродзенскай (8 0152 79-88-24, 79-88-40), Мінскай (8 017 284-03-42) і Магілёўскай (8 0222 62-47-75) абласцях. Жыхары Віцебскай вобласці могуць звярнуцца па тэлефоне 8 0212 37-61-94, 37-89-39 да 17.00. Можна паведаміць спецыялістам кантрольнага ведамства пра факты адсутнасці ў продажы масак і дэзсродкаў і пра завышэнне цэн на іх. Супрацоўнікі КДК вывучаць інфармацыю, прааналізуюць сітуацыю ў цэлым па краіне і ў кожным асобным рэгіёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі