Сцяг Пятніца, 13 лістапада 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 лістапада 2026, 12:38

Сіняўскі абмеркаваў з кіраўніком Міжнароднай спартыўнай федэрацыі пажарных і ратавальнікаў падрыхтоўку ЧС у Мінску

Скрыншот відэа МНС
Скрыншот відэа МНС
4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі сустрэўся з прэзідэнтам Міжнароднай спартыўнай федэрацыі пажарных і ратавальнікаў Аляксандрам Чупрыянам. Міністр выказаў удзячнасць за падтрымку ініцыятывы правядзення мужчынскага і жаночага чэмпіянатаў свету па пажарна-выратавальным спорце ў Мінску ў 2027 годзе і пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку забяспечыць арганізацыю спаборніцтваў на найвышэйшым узроўні, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МНС.

"У нас ёсць багаты вопыт правядзення маштабных міжнародных спартыўных турніраў. Упэўнены, што чарговы чэмпіянат свету па пажарна-выратавальным спорце стане не толькі месцам сустрэчы ратавальнікаў з розных куткоў планеты, але і важным крокам у развіцці нашага спорту - спорту ў імя выратавання", - адзначыў Вадзім Сіняўскі.

Бакі абмеркавалі арганізацыйна-тэхнічныя аспекты падрыхтоўкі спаборніцтваў. Яны таксама разгледзелі ўдзел беларускай дэлегацыі ў канферэнцыі Міжнароднай спартыўнай федэрацыі пажарных і ратавальнікаў, якая пройдзе ў лістападзе бягучага года ў Аўстрыі. Менавіта там будзе прадстаўлена канцэпцыя чэмпіянатаў свету, уключаючы іх эмблему і маскотаў.

Асобнай тэмай стала прапанова беларускага боку аб правядзенні ў наступным годзе міжнародных спаборніцтваў "Кубак Садружнасці Незалежных Дзяржаў". Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што правядзенне Кубка СНД дасць магчымасць не толькі пашырыць узаемадзеянне ў галіне пажарна-выратавальнага спорту і падрыхтоўкі спартсменаў, але і надаць новы імпульс развіццю супрацоўніцтва ў папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый паміж краінамі і ведамствамі.

"У адрас кіраўнікоў ведамстваў па надзвычайных сітуацыях краін СНД накіраваны пісьмы з прапановай аб правядзенні Кубка СНД па пажарна-выратавальным спорце ў 2027 годзе. Распрацаваны праект палажэння. Вядзецца актыўная работа па суправаджэнні прыняцця гэтага рашэння", - рэзюмаваў міністр.

Раней Беларусь неаднаразова прымала ў сябе планетарнае першынство па пажарна-выратавальным спорце. У прыватнасці, Мінск выступаў гаспадаром ІІ чэмпіянату свету сярод мужчын у 2004 годзе, Гродна прымаў маладзёжныя міжнародныя спаборніцтвы ў 2015 годзе, а Брэст быў арэнай для сусветных стартаў сярод юнакоў і дзяўчат у 2022 годзе.-0-
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі