Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2021, 14:18

Сікорскі назваў матэрыял New York Times аб пасадцы самалёта Ryanair у Мінску інфармацыйным укідам

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі назваў матэрыял New York Times аб пасадцы самалёта Ryanair у Мінску інфармацыйным укідам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Інфармацыя, якая з'явілася ў New York Times, у першую чаргу разлічана на звычайнага абывацеля, на грамадскасць, на тых, хто не ведае спецыфікі грамадзянскай авіяцыі. Для нас як для прафесіяналаў гэта інфармацыя незмястоўная і нават недарэчная. Растлумачу чаму. Па-першае, у той дзень, 23 мая, рашэнне аб пасадцы ў Мінску прымалася камандзірам паветранага судна. Дыспетчар па ўсіх міжнародных правілах і стандартах не можа аказваць націску на прыняцце рашэння, асабліва ва ўмовах пагрозы авіяцыйнай бяспецы. Ён толькі перадае звесткі і дапамагае камандзіру паветранага судна ў бяспечнай навігацыі. Па-другое, мы бачым, што гэты інфармацыйны ўкід ідзе ў той момант, калі мы просім ад нашых польскіх партнёраў і ад камісіі ICAO прадаставіць даныя аб'ектыўнага кантролю. У прыватнасці, перагаворы вільнюскага дыспетчара з пілотам і ўнутрыкабінныя перагаворы членаў экіпажа", - сказаў Арцём Сікорскі.

Паводле яго слоў, гэта неабходна, каб разумець, у чым канкрэтна беларускі бок абвінавачваюць. "Прадэманструйце, што мы аказвалі нейкі націск, пагражалі прымяненнем баявой авіяцыі і г.д. Але гэтага няма. Мы яшчэ 24 мая поўнасцю апублікавалі ўсе перагаворы паміж пілотам і дыспетчарам, пачынаючы ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі і заканчваючы пасадкай і заруліваннем на стаянку паветранага судна ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Мы для ўсіх праводзілі неабходныя брыфінгі, прэс-канферэнцыі. Нашы заходнія партнёры такой адкрытасці не праяўлялі", - адзначыў дырэктар дэпартамента.

Арцём Сікорскі пацвердзіў інфармацыю аб тым, што такі дыспетчар сапраўды працаваў у "Белаэранавігацыі". Раней ён выехаў з Беларусі, ніхто яму ў гэтым не перашкаджаў. "Чалавек, знаходзячыся на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пры аказанні пэўнага націску на яго можа пагадзіцца на тыя ці іншыя віды супрацоўніцтва, пайсці на нейкія здзелкі, у тым ліку і са сваім сумленнем. Даваць яму нейкую ацэнку я не маю права. Ён не сказаў нешта канкрэтнае. Мы бачым інтэрпрэтацыю польскімі спецслужбамі яго слоў, але не яго словы", - падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Арцём Сікорскі расказаў, чаму цяпер з'яўляюцца такія інфармацыйныя фэйкі. "Па-першае, неабходна апраўданне для аўтараў і выканаўцаў незаконных санкцый і авіяцыйнай блакады. Па-другое, трэба адвесці расследаванне куды-небудзь убок або яго як мага даўжэй зацягнуць. Іншых прычын у іх няма, - падкрэсліў ён. - Паколькі для прафесіянала зразумела, што за пультам знаходзіцца не адзін дыспетчар. Ёсць дыспетчары, якія ажыццяўляюць працэдурны, радыёлакацыйны кантроль, таксама старшы дыспетчар, кіраўнік палёту. У прыватнасці, на кіраўніка палёту кладзецца вялікая адказнасць за прыняцце рашэнняў".

Кіраўнік дэпартамента акцэнтаваў увагу, што ўся неабходная інфармацыя камісіі ICAO была прадстаўлена. "Калі прыязджала камісія ICAO, усе нашы дыспетчары, якія ў гэты дзень былі на змене, падрабязна расказалі, як усё адбывалася. Усё запратакаліравана. У нас ёсць усе доказы правільнасці нашых дзеянняў. У той сітуацыі, у частцы грамадзянскай авіяцыі, мы дзейнічалі бездакорна, у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі", - канстатаваў ён.

"Для нас да гэтага часу незразумела, чым кіраваўся камандзір паветранага судна, калі за дзве мінуты да пераходу граніцы паміж Беларуссю і Літвой ён прыняў рашэнне развярнуцца і ляцець у Мінск. Пры гэтым самалёт нават не зніжаўся на працягу ўсяго шляху руху ў Беларусь, хоць у стандартнай сітуацыі ён заўсёды пачынаў зніжэнне ў раёне Баранавіч для таго, каб паспець увайсці ў адпаведную пасадачную канфігурацыю. Таму ў нас таксама ёсць вельмі шмат пытанняў па гэтай сітуацыі. Трэба, каб пілот выступіў, расказаў, як ён прымаў рашэнне ў той момант, як ён дзейнічаў, з чаго зыходзіў", - адзначыў Арцём Сікорскі.

Таксама Арцём Сікорскі расказаў, на якім цяпер этапе знаходзіцца расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanair. На працягу 224-й сесіі, якая скончылася ў лістападзе бягучага года, павінна была быць разгледжана канчатковая справаздача аб гэтым інцыдэнце. Аднак камісія ICAO не змагла падрыхтаваць гэты дакумент і яго разгляд перанеслі на 225-ю сесію, якая пачнецца ў сярэдзіне студзеня наступнага года і прадоўжыцца да сакавіка. Калі і ці будуць наогул разглядаць канчатковую справаздачу, да гэтага часу ICAO нічога не паведаміла. Мы толькі атрымалі абнадзейлівую інфармацыю, што яны абяцаюць у час 225-й сесіі разгледзець нашу скаргу наконт дзеянняў заходніх краін па незаконнай авіяцыйнай блакадзе і санкцый адносна нашых перавозчыкаў. Мы неаднаразова падкрэслівалі, што нашы еўрапейскія партнёры парушаюць адпаведныя артыкулы Чыкагскай канвенцыі і па нацыянальнай прыкмеце блакіруюць палёты нашых паветраных суднаў, што з'яўляецца прамым парушэннем гэтай канвенцыі", - растлумачыў ён.

Дырэктар дэпартамента адзначыў, што цяпер вялікую актыўнасць ICAO не праяўляе. "Апошні запыт ад іх быў недзе ў кастрычніку. З таго часу ніякай дадатковай інфармацыі яны не запытвалі", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі