Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лютага 2024, 13:18

Швед: падрыхтаваны законапраект аб адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін, паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, адказваючы на пытанні дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па ініцыятыве органаў пракуратуры падрыхтаваны законапраект, які будзе ўстанаўліваць адміністрацыйную адказнасць за прапаганду ненармальных адносін, педафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэння дзяцей. Гэты праект цяпер праходзіць працэдуру ўзгаднення", - сказаў Андрэй Швед.

Ён адзначыў, што па ініцыятыве пракуратуры таксама прыняты пэўныя рашэнні, якія датычацца мер медыцынскага характару ў адносінах да тых асоб, што гвалтавалі дзяцей.

"На мой погляд, неабходна сёння інтэнсіўнасць работы ў гэтым напрамку не зніжаць ні ў якім разе. Другое - дабіцца ў бліжэйшы час рэалізацыі тых мер, якія мы з вамі ўжо распрацавалі, укараніць іх у практыку. Пры гэтым вельмі важна праводзіць работу з бацькамі і дзецьмі ў частцы таго, каб прафілактаваць усе гэтыя з'явы", - сказаў Андрэй Швед.

Адказваючы пасля пасяджэння на пытанні журналістаў наконт названага законапраекта, генпракурор звярнуў увагу на тое, што важна не дапускаць нават абмеркавання адпаведных тэм. Ён падкрэсліў, што дзейнасць апанентаў, якія спрабуюць разбурыць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, а значыць мараль і дзяржаўнасць, накіравана ў цэлым на разбурэнне Беларусі як краіны.

Генпракурор дадаў, што акрамя ўвядзення адміністрацыйнай адказнасці важна праводзіць шырокую ідэалагічную і растлумачальную работу, у тым ліку ў школах.

Паводле слоў Андрэя Шведа, кожны факт суіцыду, кожны факт гібелі непаўналетніх знаходзіцца на кантролі органаў пракуратуры.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі