Сцяг Субота, 12 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2025, 17:17

Швед на адкрыцці памятнага знака ахвярам генацыду ў Магілёве: тут наш смутак і дух няскоранага народа

Андрэй Швед
Андрэй Швед
21 чэрвеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Тут наш смутак і дух няскоранага народа. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед у час адкрыцця памятнага знака, прысвечанага ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Памятны знак размясціўся па вул.Раўчакова ў Казіміраўскім лесе. Гісторыя гэтага месца выклікае сапраўдны жах: у 1941-1944 гадах фашысты расстрэльвалі тут мірных жыхароў, цэлыя сем'і яўрэяў, былых ваеннаслужачых і ваеннапалонных чырвонаармейцаў, удзельнікаў супраціўлення нацысцкаму рэжыму з ліку падпольшчыкаў і партызанаў і, магчыма, частку прывезеных з Польшчы або іншых еўрапейкіх краін яўрэяў, а таксама цыганоў, інвалідаў і душэўна хворых людзей. У мінулым годзе тут стартаваў новы сезон пошукавых работ пры ўдзеле 52-га пошукавага батальёна УС Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам пракуратуры Магілёўскай вобласці. Гэтаму садзейнічала расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На сённяшні дзень выяўлена сем расстрэльных ям, а ў іх астанкі 304 ахвяр, з іх 134 жанчын і аднаго дзіця.

"Кожны раз, калі мы праводзім такія мерапрыемствы, усведамляем, якое гора перажылі нашы продкі, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. Яшчэ больш усведамляеш і разумееш, што няма і, напэўна, ніколі не было і не будзе больш страшнай чумы, чым фашызм і нацызм у гісторыі чалавецтва. Больш за тысячу дзён і начэй доўжылася акупацыя Беларусі гэтымі звярамі ў чалавечым абліччы. І кожны дзень яны мучылі, катавалі і забівалі людзей. Рабілі гэта з раз'юшанасцю, з задавальненнем - аб гэтым сведчаць факты, - адзначыў Андрэй Швед. - Мы вядзём з вамі гэту сумесную работу для таго, каб усё чалавецтва ведала, абапіраючыся на дакладныя, бясспрэчныя факты, што Беларусь - адна з самых пацярпелых, а можа, адзіная ў свеце краіна, дзе маштабы генацыду атрымалі такія жудасныя памеры. Казіміраўскі лес - адно з тысяч месцаў, дзе чынілі злачынствы фашысты і іх памагатыя. Людзей сталі знішчаць практычна з першых дзён акупацыі. Намі атрыманы дакладныя звесткі, у тым ліку паказанні жывых сведак, што з верасня 1941 года, у тым ліку тут, пачалі масава прывозіць людзей і забіваць: расстрэльвалі, прывозілі ў душагубках, ставілі міны - людзі падрываліся на іх. Іх кідалі ў ямы, а потым туды кідалі гранаты. Мы гэта ўсё даказваем і фіксуем. Для таго каб людзі ведалі праўду, і гэту праўду павінны ведаць нашы дзеці і ўнукі. Таму што сёння ідзе барацьба за сэрцы і розумы кожнага з нас і нашых нашчадкаў". Андрэй Швед выказаў упэўненасць, што веданне праўды робіць беларусаў мацнейшымі.

Памятны знак, што размясціўся на вул.Раўчакова, называецца "Дрэва жыцця". "Назва сімвалічная. У ёй знак, дваякі сэнс. З аднаго боку, гэта смутак, трагедыя і боль, які жыве ў кожным сэрцы. З другога - дух няскоранага народа, дух тых, хто выжыў, даў нам жыццё", - падкрэсліў генпракурор.

Такія памятныя месцы ўжо з'явіліся практычна ва ўсіх абласных цэнтрах, у хуткім часе яго адкрыюць і ў Мінску.

Каля новага памятнага знака ў Магілёве - брацкая магіла, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы, з пашанай, былі перапахаваны астанкі мірных жыхароў, знойдзеныя ў мінулым годзе ў час работ у Казіміраўскім лесе.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны гітлераўскай Германіяй была запушчана машына па знішчэнні савецкіх людзей. "Дзеці, жанчыны, старыя, інваліды, ваеннапалонныя. Для фашыстаў не існавала ніякіх маральных норм. Мільёны бязвінных, мірных грамадзян, якія проста хацелі жыць, ствараць сем'і, нараджаць дзяцей, хадзіць у школу. Але гэтага не адбылося. Для іх быў падрыхтаваны іншы лёс, - сказаў ён. - Для славян, або "недачалавекаў", як нас разглядалі нацысты, быў уведзены рэжым бязлітаснага тэрору і знішчэння. Цэлыя вёскі і гарады ператвараліся ў выпаленую зямлю. Закатаваныя ў канцлагерах, атручаныя ў душагубках, закапаныя зажыва ў ямах. Доказы тых злачынстваў тут, зусім побач, у лесе".

Вынік фашысцкіх злачынстваў - жудасны. А маштабы гэтай жахлівай трагедыі да канца яшчэ невядомыя. "Магілёўская зямля, як і ўся Беларусь, паліта крывёю бязвінных ахвяр. Мы ведаем пра катаванні і здзекаванне з вязняў лагераў смерці ў Магілёве, Бабруйску, Крычаве. Мы помнім зажыва спаленых жыхароў вёскі Боркі. Мы не забудзем крыкі аб дапамозе мірнага насельніцтва, расстралянага ў Палыкавічах і многіх тысячах іншых", - падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што ў такіх злачынстваў няма тэрміну даўнасці, іх нельга забыць і немагчыма дараваць.

Кветкі да памятнага месца прынеслі сёння прадстаўнікі ўлады, дэпутаты, працоўныя калектывы, ветэраны, моладзь і жыхары бліжэйшых населеных пунктаў. Для апошніх Казіміраўскі лес заўсёды быў месцам памяці і смутку, бо менавіта іх продкі ў гады вайны сталі сведкамі злачынстваў фашыстаў, ратавалі тых, хто выжыў, хавалі іх і выходжвалі, дапамагалі збегчы з акупіраванай тэрыторыі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі