Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 верасня 2019, 09:12

Шумілін: на выстаўцы "ТэхІнаПрам" прадстаўлены самыя перадавыя тэхналогіі і распрацоўкі

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На міжнароднай выстаўцы тэхналогій і інавацый у прамысловасці "ТэхІнаПрам", якая адкрылася 17 верасня ў Мінску, прадстаўлены самыя перадавыя айчынныя тэхналогіі і распрацоўкі ў галіне сучаснага апрацоўчага абсталявання, машынабудавання, будаўнічых тэхналогій, хімічнай прамысловасці, перапрацоўкі карысных выкапняў. Аб гэтым паведаміў 17 верасня на адкрыцці Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.

Паводле слоў старшыні ДКНТ, на калектыўным стэндзе камітэта 25 беларускіх навуковых і інавацыйных арганізацый прадстаўляюць больш за 150 высокатэхналагічных распрацовак. "Большасць распрацовак выканана з падтрымкай дзяржавы ў рамках навукова-тэхнічных праграм, Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь і праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі", - падкрэсліў ён.

Упершыню экспануецца распрацаваны БДУ па праграме ДНТП "Эталоны і навуковыя прыборы" шматфункцыянальны вымяральны комплекс Alma Meter-2, які можа прымяняцца ў навуковых, выпрабавальных і метралагічных лабараторыях у галіне радыёэлектронікі, машынабудавання, энергетыкі, транспарту, авіяматорабудавання, станкабудавання. Беларускі комплекс істотна таннейшы за імпартнае вымяральнае абсталяванне. Не менш цікавая распрацоўка - смарт-шкло з пераменнай празрыстасцю - прадстаўлена рэзідэнтам Мінскага гарадскога тэхнапарка кампаніяй "Артызан". Інавацыйны матэрыял дае магчымасць імгненна ператварыць цалкам празрыстае шкло ў матавую непранікальную паверхню.

На выстаўцы прадстаўлены таксама тэхналогіі і абсталяванне, распрацаваныя беларускімі вучонымі сумесна з замежнымі партнёрамі. БДУ сумесна з расійскімі калегамі прадставіў тэхналогію вытворчасці кампазіцыйнага цвёрдага паліва з адходаў нафтапрадуктаў і гідролізнага лігніну, распрацаваную ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы "Кампамат". У рамках праграмы "Нанатэхналогія - СД" прадстаўлена тэхналогія нанясення ахоўных пакрыццяў метадам мікрадугавога аксідзіравання, якая прымяняецца ў вузлах трэння, што працуюць ва ўмовах абмежаванай падачы змазкі.

ДКНТ у час Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму арганізуе кірмаш інавацыйных распрацовак "Прамысловасць: ад інавацыі да вытворчасці", мэтай якога з'яўляецца садзейнічанне камерцыялізацыі гэтых распрацовак і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў за кошт укаранення перадавых тэхналогій. Толькі за мінулы год па выніках кірмашу паміж распрацоўшчыкамі і прамысловымі прадпрыемствамі заключана 11 дагавораў на ўкараненне навукова-тэхнічных распрацовак або прадастаўленне права выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці.

22-я міжнародная выстаўка тэхналогій і інавацый у прамысловасці "ТэхІнаПрам" праходзіць з 17 па 22 верасня ў Мінску. Выстаўка ўключана ў праграму Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму - 2019, які праводзіцца штогод з 1997 года пры афіцыйнай падтрымцы Савета Міністраў Беларусі, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, выканаўчых органаў улады ўсіх абласцей і горада Мінска, грамадскіх аб'яднанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі