Сцяг Субота, 14 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 студзеня 2026, 13:29

Што цікавіць Прэзідэнта пры праверцы гатоўнасці Узброеных Сіл? Вальфовіч назваў ключавыя моманты

Аляксандр Вальфовіч
Аляксандр Вальфовіч
28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў, на якіх момантах раптоўнай праверкі гатоўнасці Узброеных Сіл Прэзідэнт Беларусі засяроджвае ўвагу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каменціруючы ход раптоўнай праверкі ва Узброеных Сілах, Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што Галоўнакамандуючы практычна кожны дзень заслухоўвае даклад з прамежкавымі вынікамі. Паводле яго слоў, у ходзе даклада 28 студзеня Прэзідэнту было ў падрабязнасцях даложана аб выніках, атрыманых за дні праверкі.

"Прэзідэнта перш за ўсё цікавіць аб'ектыўнасць і комплексны падыход да вырашэння задач, пастаўленых перад правяраемай воінскай часцю. Яго цікавіць усё да дробязей. Вядома, галоўным крытэрыем ацэнкі любога арганізма з'яўляюцца людзі і тэхніка. Прэзідэнта цікавіць тое, наколькі перш за ўсё падрыхтаваны штабы да ўсведамлення атрыманых задач, прыняцця рашэнняў, падмацаваных разлікамі. Прэзідэнт гаворыць: калі афіцэр падрыхтаваны да атрымання і вырашэння задачы, то і асабовы склад выканае яе па-любому. Ад абучанасці афіцэраў залежыць многае, і гэтаму Прэзідэнт удзяляе даволі вялікую ўвагу", - заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Увага ўдзяляецца і таму, наколькі добра асабовы склад і спецыялісты ведаюць давераныя ім узбраенне і ваенную тэхніку, наколькі прафесійна яго выкарыстоўваюць для паражэння цэлей на палігонах.

"Прэзідэнта хвалюе практычна ўсё. Вядома, стан узбраенняў і ваеннай тэхнікі, якія месцы прызначаны для яе захоўвання, наколькі воінская часць, якая правяраецца, укамплектавана запасамі матэрыяльных сродкаў. Усе гэтыя пытанні падлягаюць праверцы, - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. - Хацелася б засяродзіць увагу: наколькі Прэзідэнт уважліва адносіцца да вырашэння задач, пастаўленых ім, настолькі з клопатам ён ставіцца да людзей. Яго цікавіла, як у такое дрэннае надвор'е асабовы склад адзеты, накормлены, як падрыхтаваны месцы абагравання на палігонах. Ці ёсць гарачая гарбата, ці ёсць дадатковае харчаванне на палявых занятках. Усе гэтыя пытанні да дробязей цікавяць Прэзідэнта".

Дзяржсакратар Савета бяспекі дадаў, што Прэзідэнта хвалююць фізічная трываласць і маральна-псіхалагічны стан асабовага складу: "Наколькі асабовы склад - афіцэры і салдаты - гатовы да вырашэння задач у адпаведнасці з прызначэннем".

Пры гэтым, канстатаваў Аляксандр Вальфовіч, толькі Галоўнакамандуючы ведае, якія воінскія часці і ў які тэрмін падвергнуцца праверцы. "Я атрымліваю ад яго распараджэнне і, адпаведна, выконваю яго ўказанні - еду ў воінскую часць і ўручаю (распараджэнне. - Заўвага БЕЛТА) камандзіру. Хацелася б адзначыць, што аналіз паказаў: камандзіры ўпэўнена атрымліваюць распараджэнне, чытаюць пра задачу, якая пастаўлена Галоўнакамандуючым, і выконваюць яе. Хтосьці лепш, хтосьці горш. Для гэтага праверкі і праходзяць", - дадаў ён.

Па выніках праверкі будзе праведзены дэталёвы аналіз з улікам выяўленых недахопаў. Тым не менш, адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі, ужо цяпер відаць жаданне і імкненне асабовага складу паказаць вышэйшы рэзультат. "Кожны камандзір павінен быць гатовы выканаць задачу. А задачы вызначаны з таго, якія пытанні стаяць перад воінскай часцю ў адпаведнасці з планам абароны краіны. Таму (ваеннаслужачыя. - Заўвага БЕЛТА) будуць выконваць тое, для чаго яны патрэбны. Танкіст не паляціць на самалёце, а лётчык не паедзе на танку", - запэўніў Аляксандр Вальфовіч.

Аляксандр Вальфовіч нагадаў, што кіраўнік дзяржавы стаяў ля вытокаў стварэння беларускай арміі. "Менавіта ім было прынята рашэнне больш як 30 гадоў таму аб стварэнні сучасных беларускіх Узброеных Сіл у тым складзе і арганізацыйна-штатнай структуры, у якой яны сёння існуюць. Рашэнне было прынята абсалютна правільнае і своечасовае. Прэзідэнт, як ніхто іншы, ведае, якія мэты і задачы стаяць перад Узброенымі Сіламі, у якім стане яны павінны знаходзіцца. Таму ён цікавіцца не толькі ходам раптоўнай праверкі, але і тым, чым жывуць Узброеныя Сілы", - падкрэсліў ён.

Дзяржсакратар запэўніў: Прэзідэнт цудоўна разумее, што гарантам бяспекі любой дзяржавы з'яўляюцца падрыхтаваныя ў прафесійным плане Узброеныя Сілы. "Наша бяспека залежыць ад таго, наколькі Узброеныя Сілы гатовы і здольны вырашаць пастаўленыя перад імі задачы. І такія маштабныя праверкі, якія праводзяцца па рашэнні кіраўніка дзяржавы, якраз дазваляюць зрабіць зрэз і ацаніць прафесіяналізм і гатоўнасць нашых Узброеных Сіл да абароны нацыянальных інтарэсаў", - дадаў Аляксандр Вальфовіч.

Як паведамлялася БЕЛТА, маштабная праверка Узброеных Сіл па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачалася яшчэ 16 студзеня. Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі яе ход. Выпрацавана новая сістэма, пры якой Прэзідэнт, мінаючы Міністэрства абароны і Генеральны штаб, прыводзіць у баявую гатоўнасць воінскія часці. Першачарговая мэта такой праверкі - убачыць аб'ектыўную карціну. Менавіта таму мерапрыемствы маюць раптоўны характар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі