Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2021, 09:57

Шпакоўскі: правал другой пратэснай хвалі абумовіў спадзяванне апазіцыі на знешнія сілы і змову

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правал другой пратэснай хвалі абумовіў спадзяванне апазіцыі на знешнія сілы і арганізацыю змовы супраць дзеючай улады. Такім меркаваннем з газетай "СБ. Беларусь сегодня" падзяліўся палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі, каменціруючы планы групы асоб учыніць мяцеж у Беларусі і гаворачы пра сумесную работу КДБ Беларусі і ФСБ Расіі па нейтралізацыі гэтай пагрозы, паведамляе БЕЛТА.

"Нават тыя фрагменты відэаматэрыялаў, якія на сённяшні дзень следства прадаставіла грамадству, сведчаць аб тым, што ў іх было дакладнае планаванне: каго інтэрніраваць, якія аб'екты дзяржаўнага кіравання заняць, каго неабходна фізічна ўстараніць з гэтых працэсаў. Гэта на мове юрыспрудэнцыі 18-ы артыкул Крымінальнага кодэкса: арганізаваная злачынная група, аб'яднаная агульным злачынным намерам. Іх намерам быў захоп улады. Складана было адназначна прагназаваць такія наступствы, але ў прынцыпе меркаваць, што менавіта так будуць развівацца "мірныя" пратэсты, якія пачаліся ў нас у жніўні мінулага года, было магчыма, - адзначыў эксперт. - Таму што цалкам відавочна, што другая пратэсная хваля, спроба справакаваць людзей на масавы выхад на вуліцы не ўдалася. І ў гэтай сітуацыі застаецца спадзявацца толькі на знешнія сілы і арганізацыю нейкай змовы супраць дзеючай улады".

Паводле слоў Аляксандра Шпакоўскага, былі падабраны адпаведныя выканаўцы, якія, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі і выязджаючы ў трэція краіны, спрабавалі знайсці сабе саўдзельнікаў у органах дзяржаўнай улады Беларусі.

"У першую чаргу ў сілавых структурах, таму што пытанні нацыянальнай бяспекі і абароны - гэта сілавы блок, ні адна змова немагчыма без уцягвання ў яе прадстаўнікоў узброеных сіл, праваахоўных органаў, спецслужбаў і гэтак далей. На нейкім этапе гэта "вясёлая кампанія" трапіла ў поле зроку адпаведных органаў. І далей ужо з гэтымі людзьмі вялі аператыўную гульню, якая па сваім змесце мне нагадвае легендарную аперацыю "Трэст" савецкіх чэкістаў пачатку 1920-х гадоў", - падкрэсліў аналітык.

Расійскі палітолаг Сяргей Міхееў у сваю чаргу нагадаў, што такія аперацыі па арганізацыі дзяржаўнага перавароту ЦРУ ЗША праводзіла шмат разоў у краінах трэцяга свету: у Лацінскай Амерыцы, у Афрыцы, на Блізкім Усходзе. "Сказаць, што гэта нешта надзвычайнае, асабліва пасля нядаўняга абвастрэння сітуацыі ў Беларусі, няўдачы апазіцыі... Усё ж такі гэта была няўдача, як ні круціце. Відаць, быў зроблены вывад, што тымі спосабамі, якімі амерыканцы апошнія дзесяцігоддзі вырашалі свае праблемы, беларускую праблему вырашыць немагчыма - патрэбна фізічнае ўстараненне. І ў Расіі за гады кіравання Пуціна паступала інфармацыя аб замаху на яго жыццё. Наколькі да гэтага мелі дачыненне амерыканскія спецслужбы, сказаць складана, але што такая інфармацыя перыядычна з'яўлялася, гэта дакладна, - сказаў эксперт. - На жаль, гэта магчыма, калі амерыканцы робяць стаўкі на радыкальнае вырашэнне пытання. Тая ж Украіна і што там адбываецца - радыкальнае вырашэнне пытання. Я асабіста перакананы, што менавіта амерыканцы падштурхнулі да таго, каб не дамовіцца, а каб пралілася кроў. Ім было гэта выгадна, таму што на самай справе Януковіч гатовы быў пайсці пад гарантыі еўрапейскіх міністраў, якія прыязджалі, але тым не менш яны павялі сітуацыю па крывавай дарозе, таму што гэта было выгадна".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі