5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе 1100 дзён акупацыі ў беларускай сталіцы працавала магутная падпольная арганізацыя, якой актыўна дапамагалі мясцовыя жыхары. Многія мінчане ўліліся і ў партызанскія атрады. Штодзённа яны давалі адпор ворагу. За гады акупацыі гітлераўцы так і не змаглі адчуць сваю перавагу ў Мінску.
Мінск стаў чатырнаццатым у спісе населеных пунктаў, у які адправіліся аўтары праекта "Цытадэлі мужнасці".
Праект "Цытадэлі мужнасці" выходзіць у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА раз у два тыдні. Усяго будзе апублікавана 36 матэрыялаў - аб кожным з населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Баі за Мінск пачаліся 25 чэрвеня 1941 года. Горад зведаў масіраваныя налёты нямецкай авіяцыі, з паўночнага захаду і паўднёвага захаду да яго цягнуліся механізаваныя часці гітлераўцаў, замыкаючы клешчы акружэння. На ўсход рухаліся калоны бежанцаў. Прарыў да сталіцы БССР немцы пачалі 27 чэрвеня. Пры абароне Мінска было здзейснена шмат гераічных подзвігаў, але, на жаль, яны мала фіксаваліся - баявая абстаноўка была вельмі складанай. 28 чэрвеня Мінск быў акупіраваны.
Першыя падпольшчыкі і іх арганізацыі ў Мінску з'явіліся яшчэ летам 1941-га: на чыгунцы, у бальніцах, на заводах. Самай вядомай іх аперацыяй стала знішчэнне гаўляйтара. Падпольшчыца Марыя Осіпава з 1942 года працавала сувязной спецатрада "Дзіма". У 1943 годзе яна змагла наладзіць кантакт з Аленай Мазанік, якая працавала пакаёўкай у доме Вільгельма Кубэ. Той удалося залажыць міну ў спальні гаўляйтара. 22 верасня 1943 года Кубэ быў ліквідаваны.
Ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мінск вызвалілі ў час наступальнай аперацыі "Баграціён". Позна вечарам 3 ліпеня 1944 года ў горад уварваліся савецкія танкі. Групоўка з больш як 100 тыс. гітлераўцаў трапіла ў акружэнне на ўсход ад Мінска. Складваць зброю яны не спяшаліся, хацелі вырвацца на захад. Многія байцы Чырвонай Арміі стаялі насмерць, каб не дапусціць прарыву гітлераўцаў з Мінскага катла. Баі там доўжыліся да 11 ліпеня 1944 года. Больш за 70 тыс. гітлераўцаў удалося знішчыць, каля 35 тыс. захоплены ў палон.
Многія нашы салдаты ў тых баях праявілі сапраўдны гераізм. Так, 18-гадовы артылерыст Анатоль Аўдзееў змагаўся ў складзе 873-га знішчальнага процітанкавага артылерыйскага палка. На працягу дзесяцігадзіннага бою ўвесь разлік, у складзе якога ён быў наводчыкам, загінуў. Шостую атаку Аўдзееў адбіваў адзін. Калі скончыліся снарады, вёў агонь з кулямёта, вінтоўкі, кідаў у немцаў гранаты. Калі і гэтага не засталося, узброіўся сякерай, засекшы ў рукапашнай схватцы некалькі гітлераўцаў.
Калі нашы салдаты ўвайшлі ў горад, яны ўбачылі жахлівую карціну: сталіца БССР ляжала ў руінах. З 332 прадпрыемстваў уцалелі 19, было знішчана 79 школ і тэхнікумаў, 80 працэнтаў жылфонду. Гісторыкі сцвярджаюць, што Мінск апынуўся ў настолькі жаласным стане, што яго нават збіраліся будаваць з нуля ў іншым месцы. Потым усё ж вырашылі аднавіць. Гэта ўдалося зрабіць толькі да 1950 года, але рэстаўрацыйныя работы і пасля прадаўжаліся яшчэ шмат гадоў. 27 чэрвеня 1974 года беларускай сталіцы было прысвоена званне "Горад-Герой".
Праект "Цытадэлі мужнасці" выходзіць у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА раз у два тыдні. Усяго будзе апублікавана 36 матэрыялаў - аб кожным з населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.