Сцяг Серада, 14 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 сакавіка 2025, 17:00

"Шок. Нават паверыць не магла". Школьніца з Гомельскага раёна папрасіла ў Прэзідэнта насенне кавуна

Усмешка скрозь слёзы, бура эмоцый і шок - першая рэакцыя дзевяцікласніцы з Гомельскага раёна Карыны Мурашка пасля таго, як яна даведалася, што яе пісьмо Прэзідэнту дастаўлена адрасату. І нават больш - ёсць рэакцыя. Сёння Карыну разам з бацькамі запрасілі ў Гомельскі аблвыканкам. Яе просьба да кіраўніка дзяржавы выканана. Старшыня аблвыканкама асабіста ўручыў ёй падарунак ад Прэзідэнта. Карэспандэнты БЕЛТА даведаліся пра падрабязнасці здзяйснення незвычайнага жадання.

Дзяўчына жыве ў прыгарадзе Гомеля. Вучыцца ў Галавінскай сярэдняй школе, паспяхова спраўляецца з вучэбнай праграмай. Таксама Карына паспявае праявіцца і ў грамадскім жыцці, з'яўляецца членам атрада юных міратворцаў і БРСМ. Заўсёды назірае за падзеямі ў краіне і асабліва за дзейнасцю кіраўніка дзяржавы. Яна была вельмі ўражана ходам электаральнай кампаніі ў студзені гэтага года, упэўненай перамогай дзеючага Прэзідэнта. Тады і вырашыла асабіста звярнуцца, шчыра павіншаваць, выказаць сваю павагу і папрасіць нешта.

Сваё адначасовае смелае і сціплае жаданне Карына напісала ў пісьме да кіраўніка дзяржавы. Прасіла прыслаць крыху насення кавуноў, якія вырошчваюць на падворку Прэзідэнта. Пісала яго ад рукі, змест ішоў ад вялікага сэрца дзяўчынкі-падлетка. Сёння яна ўспамінае, што ёю кіравала жаданне зрабіць добрую справу. Як пазначыла ў пісьме дзяўчына, яна хоча вырасціць свой ураджай і перадаць спелыя ягады выхаванцам Улукаўскай спецыяльнай школы-інтэрната і іншых устаноў.

"З самага дзяцінства бацькі прывівалі мне павагу да традыцый, культуры і гісторыі нашай краіны. Звычайна пасля рабочага дня мы разам глядзім навіны, даведваемся, што адбываецца ў краіне. Заўсёды цікава, чым насычаны рабочы дзень нашага Прэзідэнта. Неяк раней у адным з сюжэтаў убачыла, як Аляксандр Рыгоравіч са сваім сынам перадаваў ураджай кавуноў са свайго ўчастка дзецям-сіротам. Натхнілася іх прыкладам", - прыгадвае школьніца.

"Аднойчы лютаўскім вечарам Карына падыходзіць да нас з жонкай і просіць падказаць адрас Адміністрацыі Прэзідэнта. Гаворыць, напісала пісьмо. Мы прачыталі - усё вельмі душэўна атрымалася, таму вырашылі падтрымаць яе парыў. Ведалі, што адказ будзе, думалі, што, магчыма, бандэролькай нешта прышлюць. А тут такая ўвага! Мы вельмі ўдзячны", - гаворыць Дзмітрый Мурашка, тата дзяўчыны.

У пятніцу, 28 сакавіка, прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант перадала насенне старшыні аблвыканкама Івану Крупко. Кіраўнік рэгіёна, як і абяцаў, не проста прывёз іх дзяўчыне, але і пасадзейнічаў таму, каб рэалізацыя яе ініцыятывы ў вырошчванні ўраджаю суправаджалася ўвагай спецыялістаў.
"Вядома, была ў шоку. Нават паверыць не магла!" - менш чым за суткі хвілінны ролік, дзе Карына са слязамі на вачах глядзіць відэа, на якім старшыні аблвыканкама Івану Крупко перадаюць насенне прэзідэнцкіх кавуноў, набраў тысячы праглядаў. Эмоцыі не адпускаюць яе і да гэтага часу.

Сёння за чаем Іван Крупко перадаў Карыне насенне, паразмаўляў з дзяўчынай, падарыў ёй кнігу пра жыццёвы шлях Прэзідэнта і шакалад, даў парады. 
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што Прэзідэнт заўсёды падтрымлівае моладзь, а дзяржава стварае неабходныя ўмовы, каб маладыя людзі маглі развівацца і праяўляць сябе, рэалізоўваць свае ідэі і праекты. "І ў сваім раёне ты з'яўляешся адным з прыкладаў мэтанакіраванай, актыўнай і таленавітай моладзі. Тваё пісьмо дайшло і пакінула добрае ўражанне. Сваёй просьбай ты, напэўна, здзівіла аднакласнікаў і жыхароў вобласці, а разам з тым і паказала, што нічога немагчымага няма. А твая ідэя і імкненне - дарагога варта. Ты выбрала няпросты шлях: трэба будзе асвоіць тэхналогію вырошчвання. Думаю, што з дапамогай бацькоў і спецыялістаў, а атрымаць кансультацыю можна ў рэжыме анлайн у любы момант, удасца вырасціць ураджай", - адзначыў ён.
"Я вельмі шчаслівая. У мяне проста ногі дрыжаць ад радасці. Слёзы на вачах. Проста ў шоку да гэтага часу. Цяпер нам давядзецца нямала папрацаваць - будзем вырошчваць кавуны на нашым прысядзібным участку. Гэта такая адказнасць. Дагэтуль не верыцца - насенне ад самога нашага Бацькі", - з захапленнем гаворыць Карына, сціскаючы ў руках запаветны мяшочак.

Як распарадзіцца гэтым багаццем, сям'і падкажуць спецыялісты, бо пакуль на сямейным участку не спрабавалі вырошчваць бахчавыя, хоць штогод на агародзе збіраюць шчодры ўраджай агародніны, а сам падворак патанае ў кветках. Разам з мамай Карына вырошчвае ружы, гваздзікі, цюльпаны, розныя травы. А цяпер ужо і пад кавуны месца падрыхтавалі. Цяпер аграрны вопыт сям'і пашырыцца.

Першыя рэкамендацыі сёння дала загадчык аддзела бульбаводства і пладаводства Гомельскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Тамара Сідарэнка. Кандыдат сельскагаспадарчых навук дацэнт гатова аказваць кансультацыйную падтрымку і ў далейшым. 

"Вядома, падтрымаем, бо гэта няпростая культура. Яе вырошчваюць толькі праз расаду. Трэба вытрымліваць тэрміны, улічваць шмат аграрных тонкасцей з улікам нашых кліматычных умоў. Гэта культура не любіць пераахаладжэння глебы, важна кантраляваць і ўзровень вільгаці. Падрабязна раскажам аб усіх этапах, але трэба і самім азнаёміцца з біялогіяй культуры", - нацэльвае на работу Тамара Сідарэнка.

У цэлым у сям'і Мурашкаў настрой - поўная прысядзібная гатоўнасць. Карына і бацькі ўжо ў чаканні. "Гатовы закасаць рукавы, і як гаворыць тата, працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць", - ззяе усмешкай юны ініцыятар аграрных эксперыментаў.

"Упэўнены, што ўжо ў бягучым годзе атрымаем першыя вынікі, а потым, магчыма, пашырым ініцыятыву на ўзроўні школы. Галоўнае, адпрацаваць тэхналогію", - сказаў на заканчэнне Іван Крупко.
На паўднёвым усходзе Беларусі ёсць нямала фермераў і гаспадарак, якія паспяхова вырошчваюць бахчавыя. Кіраўнік рэгіёна запэўніў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб вынікі працы абавязкова парадавалі ўсіх.
БЕЛТА,
фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі