Сцяг Аўторак, 17 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 снежня 2024, 14:56

Шматлікія парушэнні. Крутой расказаў аб магчымых прычынах пажару ў ГЦ у Віцебску

Дзмітрый Крутой
Дзмітрый Крутой
16 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Шматлікія парушэнні, дапушчаныя ўласнікам гандлёвага цэнтра "Беларусь" у Віцебску, маглі стаць прычынай вялікага пажару ў гандлёвым аб'екце, які адбыўся 13 снежня. Аб гэтым журналістам па выніках абмеркавання на штабе ў аблвыканкаме расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што па гэтым інцыдэнце ўзбуджана крымінальная справа. "Пакуль Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па артыкуле, звязаным з парушэннем правіл пажарнай бяспекі. Але работа экспертаў-крыміналістаў толькі пачалася. Па меры гатоўнасці экспертыз магчыма перакваліфікацыя гэтай крымінальнай справы ў больш сур'ёзныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, таму што пачынаюць выяўляцца пэўныя падрабязнасці, звязаныя, напрыклад, з той жа сістэмай электразабеспячэння гэтага аб'екта, са шматлікімі неўзаконенымі перапланіроўкамі магазінаў, дзе працавалі арандатары, з парушэннямі фінансава-эканамічнай дзейнасці суб'екта і шэраг іншых напрамкаў. Усе ведамствы цяпер размеркавалі работу па сваіх блоках, замацаваны эксперты і рэспубліканскага ўзроўню, і ўзроўню Віцебскай вобласці. Людзей хапае, людзей дастаткова, таму я думаю, што расследаванне будзе праведзена хутка. Улічваючы, што ва ўласніка ў Віцебску знаходзіцца яшчэ шэраг аб'ектаў, яны будуць таксама дасканала правераны і рэвізаваны", - расказаў Дзмітрый Крутой.

Ён таксама падкрэсліў, што і раней па гандлёвым цэнтры ўзнікалі пытанні. "Недапушчальным, на мой погляд, фактам з'яўляецца тое, што на працягу многіх гадоў, асабліва з 2020 года, калі ў названым цэнтры ўжо адбыўся такі інцыдэнт з пажарам халадзільнага абсталявання, але, зразумела, не з такімі наступствамі, не прымаліся дастатковыя меры па ўстараненні парушэнняў, звязаных з сістэмай пажаратушэння, своечасовай работай усіх датчыкаў. Гэта сведчыць, што ва ўласніка не было вялікага жадання, нягледзячы на атрыманы прыбытак, прымаць усе дзейсныя меры па ўстараненні прадпісанняў кантралюючых органаў. З аднаго боку, нашы службы па лініі пажарнай бяспекі, па лініі дзяржаўнага электрычнага нагляду і санэпідэм працавалі нядрэнна, своечасова выяўлялі ўсе гэтыя парушэнні, але бачыце, з такіх маленькіх недапрацовак у выніку складваецца вялікая праблема, выкліканая гэтым пажарам", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, дадаўшы, што ў рамках крымінальнай справы будзе праведзена максімальна аб'ектыўнае расследаванне, а таксама будзе дадзена ацэнка дзеянню або бяздзейнасці службовых асоб.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі