Навіны сюжэта
"Праект "Беларусы ў кадры" на YouTube-канале БЕЛТА"
Для пачатку вучань сталічнай гімназіі нумар 43 паспрабуе паступіць у сувораўскае вучылішча: лічыць, чым раней пачне асвойваць ваеннае майстэрства, тым больш падрыхтаваным абаронцам Радзімы стане. Да гэтага Міхаіл рыхтуецца сур'ёзна - натхнёны ваеннай гісторыяй XIX стагоддзя, вывучае уніформу розных палкоў, падрабязнасці знакамітых бітваў, а таксама асвойвае прыёмы фехтавання ў клубе ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.
Эпоха вялікіх бітваў
Хто з хлопцаў у дзяцінстве не марыў аб ратных подзвігах і не захапляўся героямі вайны, удалымі баявымі афіцэрамі, сціплымі мужнымі салдатамі! І хаця б у думках не прымяраў на сябе эфектную ваенную форму - гусарскі даламан або калет кірасіра. Праўда, сёння не многія хлапчукі могуць сказаць (калі не загугляць), як выглядае і чым адрозніваецца адзін з гэтых мундзіраў ад іншага. Юны мінчанін Міша Ганчар можа доўга і захоплена расказваць пра форменныя адрозненні і нават прадэманстраваць мініяцюрную ўніформу розных палкоў, якую вырабіў сваімі рукамі.
- Спачатку разглядаю малюнкі ў энцыклапедыі, потым канструююю выкрайку - яе дастаткова адзін раз зрабіць, а далей па ёй можна ўжо і іншыя мундзіры кроіць. Шыю сам. Мама дапамагае, калі нешта не вельмі атрымліваецца, - расказвае Міша і паказвае гатовую ўніформу: вось гэта мундзір маскоўскага палка, але такі тып быў не толькі ў іх, а ў многіх палках расійскай арміі. Яшчэ я вырабіў мундзір афіцэра генеральнага штаба, мундзіры пехацінца, кірасіра і гусара і хачу пашыць форму кубанскага казака.
Асаблівае захапленне ў Міхаіла выклікае цудоўнае XIX стагоддзе. Дасягненні гэтай эпохі ў літаратуры, мастацтве, у тым ліку і ваенным, прыцягваюць увагу многіх захопленых людзей. Гімназісту гэты перыяд цікавы перш за ўсё ваеннай доблесцю. Хвалююць юнацкае ўяўленне і слаўныя подзвігі герояў, і эфектная форма - яркія мундзіры, эпалеты, ківеры:
- Тады было шмат войнаў, і ваенная форма таго часу вельмі прыгожая. І гісторыя цікавая - час высакародных афіцэраў, якія змагаліся за вызваленне сваёй Радзімы ад ворага, - тлумачыць Міша.
Хлопец любіць глядзець дакументальныя фільмы, шмат чытае гістарычнай літаратуры аб вызваленчых войнах і вялікіх палкаводцах той эпохі. Разважаючы аб рускіх імператарах, адзначае, што многія з іх дастойныя захаплення:
- Напрыклад, Аляксандр І перамог Напалеона, выратаваў сваю радзіму і ўсю Еўропу ад напалеонаўскіх заваёўнікаў. Аляксандр II - вызваліў сялян, адмяніў прыгоннае права.
З хваляваннем, так, як калі б гэта было не 200 гадоў таму, а толькі ўчора здарылася, падлетак гаворыць пра лёс рускіх дзекабрыстаў:
- Гэта былі дваране, адукаваныя і вельмі высакародныя, яны змагаліся за правы і свабоду простых людзей. І гатовы былі за свае ідэалы аддаць жыццё, пайсці на катаргу…
Міша добра памятае імёны і прозвішчы пакараных смерцю дзекабрыстаў: Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Павел Песталь, Кандрацій Рылееў, Пётр Кахоўскі. Многае даведаўся пра іх лёс, прачытаўшы кнігу Пятра Галавачова "Дзекабрысты. 86 партрэтаў", а таксама паглядзеўшы фільм "Саюз выратавання".
І нягледзячы на тое, што яны выступалі супраць імператарскай улады, асоба Мікалая I таксама прывабная для юнага аматара гісторыі. На самай справе: як бы да імператара ні ставіліся яго сучаснікі, нельга не аддаць належнае яго мужнасці і рашучасці. Не ведаючы, як павядуць сябе ваенныя і на чый бок ўстануць, Мікалай I не пабаяўся выехаць на плошчу верхам на кані і гатовы быў загінуць, абараняючы сваю сям'ю...
Акунуўшыся ў эпоху XIX стагоддзя, Міша захацеў пабываць у горадзе на Няве і ў летняй рэзідэнцыі расійскіх імператараў, пра якую даведаўся з дакументальнага фільма "Раманавы". У мінулым годзе мара спраўдзілася: адправіліся з мамай у падарожжа ў Санкт-Пецярбург, наведалі і Царскае Сяло, акунуліся ў атмасферу таго часу. Даведаўся шмат новага для сябе, гаворыць Міша. Пасля гэтай паездкі ў яго з'явілася яшчэ адна ідэя - наведаць месцы ссылак дзекабрыстаў, каб убачыць і лепш зразумець, як яны жылі ў Сібіры, чым ахвяравалі дзеля высокай ідэі.
Выбар прафесіі абмеркаванню не падлягае
Цяпер Таццяна Міхайлаўна шые для сына лейбік - гэта кароткая куртка з сукна з жалезнымі гузікамі, такія насілі ў XIX стагоддзі.
З цяжкасцю знайшлі падыходзячага цёмна-сіняга колеру 100%-ю шарсцяную тканіну, заказалі гузікі. Міша з нецярпеннем чакае, калі можна будзе прымераць абноўку. Сам такую складаную рэч ён, вядома, не пашые. Ды і ў прынцыпе, гаворыць, шыццё для яго - вельмі складаны занятак. Прызнаецца, узяцца за іголку яго падштурхнула толькі тое, што форма атрымліваецца як сапраўдная, толькі ў мініяцюры. Хоць удакладняе: у асноўным усе дэталі адзення ён шые сам, а потым ужо мама дапамагае, нешта падпраўляе. І ўсё ж яму больш цікавы вынік, а не сам працэс.
Разважаючы аб інтарэсах падлетка і аб тым, як іх звязаць з выбарам прафесіі, гаворым аб тым, што можна стаць, напрыклад, дызайнерам ваеннага адзення, гісторыкам ваеннай моды або ваенным гісторыкам. Міша адмоўна махае галавой: толькі ваенным. Гэта пытанне для 11-гадовага хлопца ўжо вырашана і абмеркаванню не падлягае. Бацькі, відаць, таксама змірыліся: хлопец марыць аб службе.
Хлопчык ужо два ці тры разы пабываў з бацькамі ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, калі там праходзілі Дні адкрытых дзвярэй. Усё ў гэтай навучальнай установе прыцягальнае і цікавае для яго, і Міша вельмі спадзяецца, што стане курсантам. А калі не паступіць у сувораўскае, будзе спрабаваць у ліцэй МУС. Гэты варыянт з бацькамі ўжо абмеркавалі. Выбар сына яны паважаюць. І лічаць, што наўрад ці ён выпадковы. Як і не выпадковы выбар імя для сына, які нарадзіўся 3 кастрычніка, калі праваслаўная царква ўспамінае св. князя Міхаіла Чарнігаўскага, мужнага воіна.
"З тэлефонам у руках яго не ўбачыш!"
Бацькі актыўна падтрымліваюць сына ў яго захапленнях. І, у прынцыпе, падкрэслівае мама Таццяна Міхайлаўна, выхоўваючы дзяцей (у сям'і ёсць яшчэ старэйшы сын Іван, ён вучыцца ў каледжы), імкнуліся да таго, каб яны выраслі ўсебакова развітымі асобамі: прывівалі ім любоў да кнігі, ведаў, творчасці. Планавалі выхадныя так, каб дзеці не сядзелі на канапе з пультам або гаджэтамі ў руках, а наведвалі цікавыя мерапрыемствы, выставы, тэатры, майстар-класы.
На пытанне, хто прывіў цікавасць дзіцяці да ваеннай гісторыі, мама, не задумваючыся, адказвае:
- Тата, вядома! Ён сам у юнацтве марыў быць ваенным.
Але бацька лічыць, што яго роля ў гэтай справе вельмі сціплая:
- Міша сам захапіўся. І наш старэйшы сын хацеў спачатку быць ваенным, але потым паступіў у каледж сувязі. На ваенную кафедру хацеў, не падышоў па ўзросце: у школу аддалі рана, яшчэ шасці гадоў не было. Абодва яны цікавіліся зброяй, ваеннай тэхнікай. Міша з ранняга дзяцінства захоплена разглядаў энцыклапедыі, пазней стаў больш сур'ёзныя кнігі чытаць, фільмы глядзець дакументальныя. З тэлефонам у руках яго асабліва не ўбачыш. Калі і глядзіць, то нешта тэматычнае з таго, што яшчэ не знайшоў у спецыяльнай літаратуры. Пастаянна заняты справай, майструе, шые, шаблі робіць, у прынцыпе - рукасты, не ўхіляецца ад работы. Я на дачу збіраюся ў выхадныя, ён: "Ты куды?" - "У ссылку", - кажу жартам. - "Я з табой!".
На дачы бацька і сын разам працуюць, а таксама майструюць што-небудзь для Мішынай калекцыі. Навыкі таты, інжынера-механіка, дарэчы, асабліва калі трэба нешта складанае вырабіць. Але і сын можа даць фору тату ў некаторых пытаннях:
- Міша больш падкаваны, чым многія дарослыя. Часам задае такія пытанні, на якія ўжо няпроста адказаць: трэба садзіцца за літаратуру і папаўняць веды!
Адам Іванавіч падкрэслівае, што хоць яму не ўдалося стаць ваеннаслужачым, але ён ніколі не навязваў сынам сваю нерэалізаваную мару:
- Наадварот, заўсёды кажу, што ваенная служба - вельмі нялёгкая і адказная праца!
Мама Таццяна Міхайлаўна - дзіцячы ўрач-фізіятэрапеўт. У свабодны час любіць майстраваць сваімі рукамі, пераканана, што кожны дзень трэба нешта рабіць для душы:
- У мяне шмат захапленняў: лічу сябе творчым чалавекам. У маладосці шмат шыла, вышывала. Быў перыяд, калі малявала карціны для сябе і блізкіх, сябрам дарыла. Потым вырашыла рабіць нешта больш прыкладное і карыснае - стала шыць сумкі і шоперы.
Таццяна Міхайлаўна паказвае сваю калекцыю - некалькі скураных сумак, рукзачок з ільняной тканіны, шопер, распісаны ўручную спецыяльнымі фарбамі па тканіне. Абрэзкі скуры выкарыстоўвае і юны дызайнер для шыцця мініяцюрнага ваеннага адзення для сваёй "гвардыі".
"Так выхоўвалі хлопчыкаў у XIX стагоддзі"
Будучы абаронца Айчыны шые мініяцюрныя ваенныя мундзіры і збірае калекцыю галаўных убораў. Першай у ёй стала міліцэйская фуражка, потым яе папоўнілі і ваенныя - сучасныя і савецкага перыяду. Ёсць і салдацкія пілоткі:
- Такія насілі пехацінцы ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ў савецкі мірны час. Іх форма не змянілася і цяпер, - удакладняе хлапчук. - Калекцыя невялікая, нешта мне падарылі, нешта набылі на рынку.
Міхаіл прадаўжае вывучаць гісторыю напалеонаўскіх войнаў. Ужо добра ўсведамляе: чым больш адкрываеш для сябе, тым больш цікавым і захапляльным становіцца мінулае. А для таго каб, як гаворыць субяседнік, "лепш уліцца ў тэму XIX стагоддзя", адчуць яго атмасферу і набыць навыкі валодання зброяй, наведвае клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Секерж" Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна "Зорка". Вучыцца фехтаваць шаблямі... Міша ў клубе самы малодшы. Перажывае, што пакуль яшчэ дрэнна атрымліваецца рух шабляй, які называецца "чорт". Лёгкая кавалерыйская шабля вагой амаль кілаграм, памахаць такой хвілін 15-20 не так ужо і проста. Але ён прадаўжае трэніравацца і адзначае, што казакі сваіх сыноў з ранняга дзяцінства навучалі валоданню шабляй. І афіцэры вучылі салдат валодаць зброяй і вялі за сабой у баі.
- У мірны час яны рыхтаваліся да вайны. Добры афіцэр павінен думаць не толькі пра сябе, але перш за ўсё пра сваіх падначаленых, - адзначае юны філосаф. І дадае, што не толькі ваенныя дзеянні займалі ўсе думкі афіцэраў: былі таксама балі, тайныя таварыствы, прыгожыя дзяўчыны... Але ўсё гэта, вядома, у мірны час:
- А ў прынцыпе ваенны чалавек сабе не належыць - яго жыццё аддадзена Айчыне. Так выхоўвалі хлопчыкаў у XIX стагоддзі, - гаворыць Міша. - І пераадольваць страх перад праціўнікам трэба вучыцца з дзяцінства!
Тады і даросламу воіну не страшна, запэўнівае хлопчык, аддаць сваё жыццё за Радзіму, за сваіх родных. І гэтыя рамантычныя ідэалы яму даспадобы.
Каб лепш адчуць атмасферу XIX стагоддзя, набыць навыкі валодання зброяй, Міша Ганчар наведвае клуб гістарычнай рэканструкцыі "Секерж".
"Зрабіў мундзір афіцэра генеральнага штаба, мундзіры пехацінца, кірасіра і гусара.
І хачу пашыць форму кубанскага казака".
Хвалююць юнацкае ўяўленне і слаўныя подзвігі герояў, і эфектная форма - яркія мундзіры, эпалеты, ківеры.
Ганна МАСЛЯКОВА, фота - БЕЛТА і з сямейнага архіва героя.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
