Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 жніўня 2019, 19:04

Школьная мода: што падабаецца дзецям і колькі гэта каштуе бацькам

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 500 школьных базараў, кірмашоў, пашыраных распрадаж да школьнага сезона па ўсёй краіне, сотні мадэлей адзення, абутку, ранцаў, рукзакоў - сезон падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў самым разгары. Гандлёвыя аб'екты, ды і самі вытворцы імкнуцца дапамагчы бацькам сарыентавацца ў гэтым калейдаскопе. Так, дэманстрацыю калекцыі адзення дзелавога стылю для навучэнцаў ад ЗАТ "Калінка" арганізавалі сёння на пляцоўцы ГЦ "На Нямізе", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прахожыя і пакупнікі гандлёвага цэнтра зацікаўлена спыняліся, каб паглядзець, як юныя мадэлі ў беласнежных блузках і вадалазках (гэты трэнд, дарэчы, ужо які сезон не страчвае актуальнасці і для дарослага дзелавога стылю) у спалучэнні са спадніцамі, штанамі, сарафанамі або ж у акуратных сукенках, касцюмах са штанамі дэфіліравалі вакол фантана ва ўтульным дворыку. Бела-сіне-чорную гаму час ад часу разбаўляла клетка, прамыя сілуэты змяняліся паўсонцамі спадніц і плісіроўкай, накладныя кішэні, вышыўка, тасьма, карункавы адкладны каўнер, лёгкае жабо дапаўнялі лаканічныя вобразы і крой. Усё ў лепшых традыцыях афіцыйна-дзелавога стылю, але так, каб дзіця магло вылучыцца і адчувала сябе камфортна ў школе.

Усяго ў сёлетняй калекцыі швейнага прадпрыемства канцэрна "Беллегпрам" больш за 150 мадэлей дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў. Мадэлі можна бясконца камбінаваць і ствараць новыя вобразы.

"Нам такое адзенне падабаецца - лёгкае, зручнае, прыемнае. Нешта з "Калінкі" ў нас ёсць", - падзяліліся ўражаннямі ад калекцыі юныя мадэлі тэатра мод "Вяршыня". Дзяўчынкі прызналіся, што вярнуцца ў час, калі была школьная форма (шарсцяная сукенка з фартухом), ім не хацелася б. Лепш мець магчымасць мяняцца, быць рознымі кожны дзень. У модніцы-сямікласніцы Міланы Гарленка, напрыклад, у школьным гардэробе тры спадніцы, дзве сукенкі і розныя варыянты блузак і вадалазак. Сукенкі падабаюцца і равесніцы Міланы Насці Гулякевіч, і Дашы Лук'янчык, якая толькі перайшла ў чацвёрты клас. Штаны і спадніцы мяняе па чарзе шасцікласніца Юлія Варанько. Цёмныя колеры, на думку дзяўчынак, - гэта практычна. І робіць стройнай.

На першы погляд, патрэбнасці хлопчыкаў здаюцца на фоне дзявочай пераборлівасці меншымі. Але гэта абвяргае шматдзетная маці Зінаіда Кальцова. З пяцярых дзяцей у школу ў яе ходзяць пакуль толькі двое. І каб адзець і абуць старэйшага хлопчыка да гэтага навучальнага года, жанчыне давялося патраціць каля Br500, у той час як на малодшую дзяўчынку пайшло прыкладна Br300. "Што тут скажаш - хлопчыкі ў нас у цане, - уздыхае мама. - Але, можа, уся справа ў тым, што дачка пакуль маленькая, не такая патрабавальная, ёй можна купіць нешта з мінулагодняй калекцыі, на распрадажы. А вось сыну трэба адзецца па модзе". Нягледзячы ні на што Зінаіда Кальцова на дзецях не эканоміць: акцыямі і скідкамі, вядома, карыстаецца (асабліва, калі размова ідзе аб куплі абутку), але пры выбары галоўным крытэрыем застаецца якасць. "На шчасце, дзеці носяць рэчы акуратна, асабліва старэйшы Кірыл. Але перад кожным навучальным годам усё роўна трэба дакупляць кашулі і штаны, абнаўляць іх на працягу года", - дадала жанчына.

Амаль у поўнай гатоўнасці да школы і сям'я Піменавых. Маці Таццяна з дачкой Юляй якраз выходзілі з гандлёвага цэнтра з пакупкай - парай туфель "Марко" - і затрымаліся паглядзець дэфіле. "З адзеннем мы ўжо разабраліся, засталіся дробязі, - расказала жанчына. - Звычайна выбіраем нашых вытворцаў, карыстаемся скідкамі. Плюс нешта нам перадаюць старэйшыя пляменніцы. Цяпер сабралі Юлю, патраціўшы каля Br400".

Тых жа, хто пакуль не сабраў поўны школьны камплект, чакаюць чарговыя кірмашы і распрадажы. У Мінску бліжэйшы пашыраны продаж тавараў школьнага асартыменту будзе арганізаваны ў Культурна-спартыўным цэнтры БЧ 23 і 24 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі