Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 жніўня 2020, 16:55

Сезон масавага палявання на птушак адкрываецца 8 жніўня

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сезон масавага палявання на птушак адкрываецца 8 жніўня. Такая інфармацыя размешчана на сайце Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Летне-асенні сезон палявання набірае абароты. З другой суботы жніўня (гэта значыць з 8 чысла) можна будзе паляваць на вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную дзічыну, а таксама вальдшнэпа, вехіра, шызага голуба, перапёлку і фазана. Паляванне дазволена ў светлы час сутак некалькімі спосабамі: з засады, з падыходу, з пад'езду з маламерных суднаў без рухавікоў альбо з выключанымі рухавікамі. Дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую стрэльбу і патроны, запоўненыя шротам, паляўнічых сабак усіх груп, акрамя гончых і хартоў. Дапускаецца бяззбройнае паляванне з лоўчымі птушкамі", - гаворыцца ў паведамленні.

Таксама з другой суботы жніўня адкрываецца паляванне на цецерука. Але паколькі гэты від належыць да нарміруемых, яго здабываюць на падставе атрыманага ў паляўнгаспадарцы дазволу і паляўнічай пуцёўкі да яго. Паляваць можна толькі ў светлы час сутак на асобін любога полу і ўзросту, акрамя старак (самак, якія водзяць вывадак маладых птушак). Спосаб палявання - ружэйны з падыходу толькі з паляўнічымі сабакамі парод выжла, спаніэль, рэтрывер (з адным сабакам - да трох паляўнічых) з прымяненнем гладкаствольнай паляўнічай стрэльбы і патронаў, запоўненых шротам.

З першай суботы верасня (з 5 чысла) будзе дазволена здабываць рабчыка і шэрую курапатку, а з трэцяй суботы верасня (з 19 чысла) - белалобую і шэрую гусь, гусака-гуменніка і канадскую казарку.

Летне-асенні сезон палявання на птушак прадоўжыцца па другую нядзелю снежня (да 13 чысла).

У дзяржінспекцыі нагадалі аб неабходнасці захавання правіл бяспекі. Паляўнічым забараняецца страляць у напрамку людзей, сельгасжывёл, транспартных сродкаў і населеных пунктаў, размешчаных менш як за 0,5 км, страляць на шум, шоргат, па невыразна бачнай цэлі або ва ўмовах дрэннай бачнасці (прыцемкам, супраць сонца, у тумане). Ва ўмовах абмежаванай бачнасці нельга страляць па ўзлятаючай птушцы, якая знаходзіцца ніжэй за ўзровень 2,5 м. Пры паляванні з лодкі забаронена страляць праз весляроў або іншых паляўнічых у судне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі