Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 жніўня 2024, 11:41

Сергяенка: сістэма адукацыі адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да яе грамадствам і дзяржавай

Ігар Сергяенка
Ігар Сергяенка
29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сістэма адукацыі адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да яе грамадствам і дзяржавай, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў час семінара-нарады на тэму "Развіццё сістэмы адукацыі на сучасным этапе: праблемныя пытанні і навацыі ў заканадаўстве" (у святле падрыхтоўкі праекта закона Рэспублікі Беларусь "Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі"), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сістэма адукацыі адпавядае патрабаванням, што прад'яўляюцца да яе грамадствам і дзяржавай. Разам з тым Прэзідэнт краіны патрабуе не ўтойваць праблем у сістэме адукацыі і не прыхарошваць рэчаіснасць, - адзначыў спікер. - Кіраўніком дзяржавы пастаўлены шэраг задач перад адукацыйнай сферай, якія павінны быць вырашаны ў бліжэйшай перспектыве: прыцягненне высокаматываваных і творчых педагогаў да работы ў сістэме адукацыі, далейшае ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі кадраў, павышэнне прэстыжу педагагічнай працы, устараненне адміністрацыйных абмежаванняў праз заахвочванне творчасці і ініцыятывы. Гэтыя задачы могуць быць выкананы ў тым ліку і пры ўмове своечасовага ўдасканалення заканадаўства".
Абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь ад адукацыі ўступіў у дзеянне 1 верасня 2022 года. "У ліку асноўных новаўвядзенняў - пашырэнне сферы прымянення мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў; узмацненне выхаваўчага складніка адукацыі; замацаванне прынцыпу абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі (11-х класаў). Кодэкс захаваў сфарміраваную сістэму адукацыі і нацэльвае яе на паступальнае, эвалюцыйнае ўдасканаленне. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца на разглядзе праект закона "Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі". Законапраектам удакладняюцца, карэкціруюцца і дашліфоўваюцца асобныя нормы Кодэкса аб адукацыі. Шэраг новаўвядзенняў накіраваны на аператыўнае ўрэгуляванне пытанняў практычнага характару", - расказаў Ігар Сергяенка.
Дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў вядзецца актыўная работа па абмеркаванні законапраекта зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, у працоўных калектывах, на сустрэчах з выбаршчыкамі. "Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы правяла два выязныя пасяджэнні, адбылася рабочая нарада з начальнікамі абласных упраўленняў адукацыі, - падкрэсліў спікер. - Сённяшняе мерапрыемства - гэта працяг работы па абмеркаванні праблемных пытанняў і навацый у заканадаўстве аб адукацыі.

Мы павінны ўважліва прапрацаваць тыя прапановы, якія ўносяцца, пераканацца, што на сённяшні дзень улічаны ўсе пытанні, якія патрабуюць урэгулявання, каб больш да гэтай тэмы ў бліжэйшыя гады не вяртацца".
"У Кодэкс аб адукацыі неабходна ўнесці прапановы, якія ідуць ад жыцця. Іх крыніцамі павінна стаць інфармацыя, якая паступае ад мясцовых органаў кіравання, у ходзе размоў з выбаршчыкамі, педагогамі, бацькамі навучэнцаў, тым больш Міністэрства адукацыі гатова да дыялогу і гатова ўлічваць усе меркаванні і прапановы", - дадаў Ігар Сергяенка.

Удзельнікі семінара разгледзяць пытанні аб навацыях праекта закона "Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі", аб шляхах далейшага развіцця сістэмы адукацыі на сучасным этапе, аб праблемных пытаннях падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, аб развіцці сучаснага ўніверсітэта як цэнтра навуковай і адукацыйнай дзейнасці, аб арганізацыі работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах сучасных патрабаванняў па павышэнні якасці адукацыі.-0-

Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі