16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Незалежная, эканамічна моцная Беларусь на Захадзе не патрэбна, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на рэспубліканскім афіцэрскім сходзе кіраўнікоў сістэмы МНС усіх узроўняў ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усё неабходнае для гэтага ў нас ёсць. У Беларусі створаны кампактныя, мабільныя і высокатэхналагічныя Узброеныя Сілы. Стратэгічныя дакументы, прынятыя на сёмым УНС - Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына - даюць дакладны і адназначны адказ на сучасныя выклікі нашай дзяржаўнасці і нашаму канстытуцыйнаму ладу, адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
"Незалежная, эканамічна моцная Беларусь на Захадзе сёння не патрэбна. Так, як паказваюць выказванні асобных заходніх палітыкаў, і межы нашай краіны яны з задавальненнем перагледзелі б. Што для гэтага трэба рабіць? Рэцэпт просты - разбурыць эканоміку, распаліць канфлікт на сацыяльнай і нацыянальнай глебе, пазбавіць нас гістарычнай памяці і праўды. Ну і, вядома, прыйшоўшы да ўлады, пазваць на нашу тэрыторыю так званых міратворцаў НАТА з мэтай прадаўжэння вайны з Расіяй ужо з новага напрамку", - адзначыў Ігар Сергяенка.
І гэта не тэорыя, падкрэсліў спікер. "Гэта магчымы сцэнарый падрыўных дзеянняў з боку Захаду, які актыўна рэалізуецца пры падтрымцы так званай пятай калоны", - сказаў ён.
"Мяркуйце самі. Эканамічныя санкцыі супраць нашых вытворцаў уведзены і дзейнічаюць на пастаяннай аснове - гэта раз. Іх мэта - не толькі паралізаваць работу эканомікі, але і выклікаць сацыяльнае незадавальненне грамадзян, гэта значыць, стварыць умовы для развіцця свайго дэструктыўнага парадку дня - гэта два. Пастаянныя заклікі так званай апазіцыі ўзмацніць націск на Беларусь, абяскровіць "рэжым", чытай беларускі народ, - тры. І самае галоўнае, паглядзім, што сёння адбываецца на польскай тэрыторыі ў плане нарошчвання ваенна-наступальнага патэнцыялу НАТА - дзясяткі тысяч салдат і тысячы адзінак тэхнікі, - дадаў Ігар Сергяенка. - Актыўна пашыраюцца і мадэрнізуюцца заводы па вытворчасці, у прыватнасці, стралковай зброі, цяжкай артылерыі, караблёў. Дабаўце да гэтага пагрозы з боку Украіны, фарміраванне нейкіх там добраахвотніцкіх фарміраванняў, і пазл складваецца. Падкрэсліваю, спакойна глядзець на гэта мы не будзем, не павінны і не маем права перад памяццю тых людзей, якія працавалі, служылі, абаранялі Радзіму да нас. Урокі гісторыі засвоены. Мы не дазволім раздзяліць нас і зрабіць Беларусь і беларусаў заложнікамі чужых нам геапалітычных інтарэсаў".
"Пры гэтым адзначу, што мы супраць войнаў, абвастрэння адносін. За 30 гадоў прэзідэнцкай рэспублікі Беларусь не развязала ніводнага ўзброенага канфлікту, не справакавала ніякага міжнароднага процістаяння, заўсёды займала ўзважаную пазіцыю ў сітуацыі напружанасці з многімі дзяржавамі. І гэта палітыка рэалізуецца сёння. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова выступаў з трыбуны ААН, іншых міжнародных пляцовак з важкімі ініцыятывамі, актуальнымі для многіх дзяржаў і народаў. У іх ліку чарнобыльская праблематыка, барацьба з гандлем людзьмі, Хартыя разнастайнасці і шматпалярнасці XXI стагоддзя, пояс лічбавага добрасуседства. Вы ўсе ведаеце адказную палітыку кіраўніка дзяржавы і нашай краіны ў адносінах да ўкраінскага канфлікту, - дапоўніў Ігар Сергяенка. - Але, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, міралюбнасць і пацыфізм - гэта розныя рэчы. Падзеі 2020 года на практыцы паказалі рашучасць беларускага лідара прымаць дзейсныя меры да захавання спакою і стабільнасці ў дзяржаве. Таму мы абавязкова захаваем свой суверэнітэт, права самастойна вызначаць унутраную і знешнюю палітыку, выбіраць сяброў і саюзнікаў. У тым ліку, пры неабходнасці, і са зброяй у руках".-0-
Фота Сяргея Шэлега