22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы шануюць памяць усіх загінулых у гады ВАВ, заявіў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання Ігар Сергяенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У рамках мерапрыемстваў Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў фае Авальнай залы Дома ўрада адбыўся мітынг-рэквіем. Мерапрыемства прысвечана памяці дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі.
"Мы шануем памяць усіх людзей, хто загінуў у гады ВАВ. 22 чэрвеня - асаблівая трагічная дата ў гісторыі нашай Айчыны, якая падзяліла жыццё савецкіх людзей на да і пасля вайны", - адзначыў спікер.
"Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання гэтак жа, як і ўсе жыхары нашай краіны, пайшлі абараняць Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нехта ваяваў на фронце, нехта прымаў удзел у партызанскім руху, нехта працаваў у тыле, дапамагаючы набліжаць перамогу, - падкрэсліў Ігар Сергяенка. - У выніку праведзенай даследчай работы былі ўстаноўлены і ўвекавечаны на мемарыяльных дошках дадаткова імёны загінулых дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання - 94 чалавекі. Практычна кожны пяты дэпутат загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, прапаў без вестак. Да пачатку вайны ў Вярхоўным Савеце БССР першага склікання працавалі 475 дэпутатаў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны цяперашняй тэрыторыі Беларусі. Больш за 200 дэпутатаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Чатыры чалавекі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза - гэта кіраўнікі партызанскага руху Уладзімір Царук, Фёдар Маркаў, Ціхан Бумажкоў і многія іншыя".
Пасля вайны імёны 26 дэпутатаў былі ўвекавечаны на мармуровых стэлах каля ўваходу ў Авальную залу. Напярэдадні 80-годдзя пачатку вайны па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў была праведзена маштабная пошукавая работа, у выніку якой спіс дэпутатаў на стэлах папоўніўся яшчэ 68 імёнамі.
Прэзентацыя новых мемарыяльных стэл, а таксама кнігі "Яны былі першымі. Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання" прайшла 22 чэрвеня 2021 года. Пры садзейнічанні членаў Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе каля стэл устаноўлена таблічка з QR-кодам міжнароднага гістарычнага праекта "Лічбавая зорка", створанага для пошуку помнікаў Вялікай Айчыннай вайны.-0-
Фота Сяргея Шэлега