Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2021, 17:50

Сергяенка: дзяржаўныя СМІ знаходзяцца на варце нацыянальных інтарэсаў

11 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўныя СМІ сёння знаходзяцца на варце нацыянальных інтарэсаў і суверэнітэту краіны. Перакананасць у гэтым выказаў сёння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый друкаваных, тэлевізійных, радыёвяшчальных СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў і журналістаў, якія працуюць у Гомельскім рэгіёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адрасаваў прадстаўнікам СМІ Гомельскай вобласці словы ўдзячнасці за працу. "Сёння роля дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі як ніколі значная і вялікая. Менавіта вы сёння знаходзіцеся на варце нацыянальных інтарэсаў і суверэнітэту нашай краіны", - сказаў ён.

"Мы ўсе бачым і ўсведамляем, якая вядзецца магутная інфармацыйная, гібрыдная вайна, разгорнута самая сапраўдная ідэалагічная вайна", - падкрэсліў Ігар Сергяенка. На яго думку, у такой сітуацыі часам складана разабрацца людзям, асабліва тым, якія яшчэ толькі пачынаюць жыццё, якія вучацца ў школах, ВНУ і робяць свае першыя самастойныя крокі.

Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў мінулым годзе прадстаўнікі дзяржСМІ, асабліва ў сталіцы, адчулі сапраўдную атаку. "Тым не менш людзі праявілі сапраўдны патрыятызм, грамадзянскасць, даючы адпор тым, хто спрабаваў і прадаўжае спрабаваць захапіць нашу інфармацыйную прастору", - падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Гаворачы аб СМІ Гомельскай вобласці, ён адзначыў іх перадавое месца ў краіне. Свой пасільны ўклад у асвятленне працэсаў, якія адбываюцца ў жыцці дзяржавы, уносяць і раёнкі. "Аднак нам трэба будзе яшчэ больш зрабіць. Сёння як ніколі важна паказваць тое пазітыўнае, што адбываецца ў краіне, тое, што ствараецца, што будуецца, самаадданую працу людзей", - перакананы Ігар Сергяенка.

2021-ы - Год народнага адзінства, нагадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Асаблівая місія ў гэтай тэме - і на журналістах.

"Сёння амаль праз 80 гадоў пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, даводзіцца зноў абараняць гістарычную праўду аб той вайне. Чарговая задача - зноў і зноў звяртацца да тых суровых гадоў, паспрабаваць знайсці, даследаваць раней нязведаныя старонкі і ваеннага часу, і пасляваеннай эпохі, калі ў самыя кароткія тэрміны аднавілі з руін народную гаспадарку", - арыентаваў увагу прадстаўнікоў СМІ Ігар Сергяенка.

У ліку найважнейшых задач СМІ ён назваў і барацьбу з фэйкамі. "Вы навучыліся процістаяць. Створаны Telegram-каналы, працуюць інтэрнэт-рэсурсы рэдакцый газет. У гэтым напрамку нам трэба нарошчваць намаганні не апраўдваючыся, а наступаючы і даносячы людзям праўду", - перакананы Ігар Сергяенка.

Ён пажадаў прадстаўнікам СМІ ўпэўненага развіцця, удасканалення магчымасцей, стварэння новых форм работы. Таксама ўручыў падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта галоўнаму рэдактару газеты "Маяк Палесся" (Брагінскі раён) Галіне Шаўчэнка і аглядальніку газеты "Советский район" (Гомель), аўтару Telegram-канала "Зацепило" Аляксандру Яўсеенку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі