Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лютага 2024, 08:00

У Беларусі прайшоў адзіны дзень галасавання

АБНОЎЛЕНА 20:00

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Беларусі прайшоў адзіны дзень галасавання, паведамляе БЕЛТА.

Беларусы выбіралі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты завяршылася 30 студзеня. З 31 студзеня па 24 лютага праходзіў агітацыйны перыяд. Сёння, у асноўны дзень выбараў, агітацыя была забаронена заканадаўствам.

Датэрміновае галасаванне праходзіла з 20 па 24 лютага. Выбаршчыкі прадэманстравалі даволі высокую яўку. Датэрмінова на выбарах дэпутатаў прагаласавалі 41,71 працэнта грамадзян, уключаных у спісы для галасавання.

Сёння выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8.00 і працавалі да 20.00. На ўчастках бюлетэні выдаваліся выбаршчыкам пры прад'яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карткі, біяметрычнага пашпарта, ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), вадзіцельскіх правоў. Прагаласаваць можна было таксама прад'явіўшы пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда (пры наяўнасці фатаграфіі), студэнцкі або вучнёўскі білет. Калі ў час запаўнення бюлетэня выбаршчык дапусціў памылку або сапсаваў бюлетэнь, то ён мог звярнуцца да членаў участковай выбарчай камісіі і атрымаць новы бюлетэнь для галасавання. Аднак такім правам можна было скарыстацца толькі адзін раз.

Фота- і відэаздымка запоўненага бюлетэня для галасавання забаронены.

У Беларусі было створана 5411 участкаў для галасавання. На галоўнай старонцы афіцыйнага сайта ЦВК Беларусі запушчаны сэрвіс па пошуку ўчастка для галасавання, а ў раздзеле, прысвечаным бягучай выбарчай кампаніі, размешчаны адрасы і тэлефоны ўсіх тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій.

Паводле інфармацыі ЦВК, маніторынг выбарчай кампаніі праводзілі 45 505 нацыянальных наглядальнікаў. Акрамя таго, Цэнтральная камісія акрэдытавала 294 міжнародныя наглядальнікі. У назіранні за выбарамі дэпутатаў у адзіны дзень галасавання ўдзельнічалі місіі наглядальнікаў ад СНД, ШАС, прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі АДКБ, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, кіраўнікі і прадстаўнікі выбарчых органаў замежных дзяржаў, а таксама эксперты з еўрапейскіх і іншых краін, у тым ліку Італіі, Германіі, Літвы, Польшчы, Францыі, Швецыі, Швейцарыі, Сербіі, Балгарыі.

Пры падрыхтоўцы выбарчай кампаніі былі ўлічаны пытанні бяспекі, праведзены навучальныя заняткі з членамі выбарчых камісій, наладжана цеснае ўзаемадзеянне паміж усімі задзейнічанымі структурамі па правядзенні выбараў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі