Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лістапада 2024, 09:31

Сёння стартаваў збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі

Фота з архіва
Фота з архіва
7 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння стартаваў збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, паведамляе БЕЛТА.

ЦВК зарэгістраваны 7 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты: дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай, індывідуальнага прадпрымальніка Ганны Канапацкай, старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў" Сяргея Бобрыкава, першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова.

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты стартаваў сёння і завершыцца 6 снежня 2024 года. Зарэгістраваным ініцыятыўным групам неабходна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў. Ажыццяўляць збор подпісаў могуць толькі члены ініцыятыўнай групы на пікетах (у месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі), а таксама па месцы жыхарства, работы (службы) выбаршчыкаў. Член ініцыятыўнай групы павінен мець пры сабе адпаведнае пасведчанне і дакумент з фатаграфіяй, што пацвярджае яго асобу. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, горада, раёна ў горадзе. Выбаршчык павінен уласнаручна паставіць дату подпісу і распісацца. Падпісны ліст завяраецца членам ініцыятыўнай групы.

Пры зборы подпісаў не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, прымушэнне ў працэсе збору подпісаў, узнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу, раздача інфармацыйных матэрыялаў аб асобах, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты. Выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.
Падпісныя лісты трэба прадставіць у адпаведныя раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання, акрамя гарадоў з раённым дзяленнем), раённыя ў гарадах камісіі не пазней за 6 снежня 2024 года. У дзесяцідзённы тэрмін будзе праходзіць праверка сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, здадзеных членамі ініцыятыўных груп. Калі колькасць выяўленых пры праверцы несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў складзе больш за 15 працэнтаў ад колькасці правераных подпісаў (першапачаткова адбіраецца 20 працэнтаў), праводзіцца дадатковая праверка яшчэ 15 працэнтаў подпісаў выбаршчыкаў ад колькасці подпісаў у падпісных лістах, здадзеных у адпаведную камісію. У выпадку калі сумарная колькасць несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, выяўленых пры праверках, складзе больш за 15 працэнтаў ад агульнай колькасці правераных подпісаў, усе подпісы выбаршчыкаў у здадзеных у адпаведную тэрытарыяльную камісію падпісных лістах не ўлічваюцца.

Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года.-0-
Выбары Прэзідэнта Беларусі. Каляндарны план

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі