Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 сакавіка 2023, 12:58

"Сёння гэта ўсё дае плады". Эксперт аб падачы інфармацыі аб Другой сусветнай вайне ў савецкі час

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вячаслаў Селяменеў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі, у праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА выказаў меркаванне, чаму ў савецкія гады на некаторыя тэмы аб Вялікай Айчыннай вайне не прынята было гаварыць услых.

"Многія тэмы абміналі, асабліва ў савецкі час. Такая была палітыка, - адзначыў архівіст і прывёў некалькі прыкладаў. - Сумесна з фондам "Гістарычная памяць" падрыхтавалі зборнік дакументаў "Латышские полицейские формирования в Белоруссии", прынеслі нашаму архіўнаму кіраўніцтву, а яно гаворыць: "Што вы робіце? У нас такія добрыя адносіны з Латвіяй, а вы капаецеся ў гэтым". І не далі згоду на выданне. А масквічы выдалі. Праўда, мне давялося выступіць пад псеўданімам у якасці складальніка зборніка. Выдалі зборнік дакументаў "Убийцы Хатыни" пра 118-ы ўкраінскі паліцэйскі батальён. Але калі масквічы хацелі правесці яго прэзентацыю, наша кіраўніцтва сказала: "Вы аб чым, у нас такія добрыя адносіны з Украінай". Сёння гэта ўсё дае плады. Гэта заканамерны працэс".

На думку Вячаслава Селяменева, яшчэ шмат тэм, якія давядзецца распрацоўваць гісторыкам сумесна з работнікамі архіваў і іншымі спецыялістамі. "Па карных аперацыях ні аднаго даследавання няма, як і па спаленых вёсках. Выходзяць артыкулы, дысертацыі, а фундаментальных даследаванняў па вайне няма. Гэта складаная тэма, вы разумееце. Выстаўляюць яўрэі прэтэнзіі: "Чаму ў вас няма фундаментальных даследаванняў па халакосце?" А я гавару, хто вам перашкаджае напісаць. Давайце створым творчы калектыў. Дакументы ўсе адкрыты. Мы цяпер выпусцілі зборнік дакументаў "Холокост в Беларуси: трагедия и память", у ім 517 дакументаў, яны раней публікаваліся, але не ўсе. Самы цікавы раздзел - мемарыялізацыя халакосту ў Беларусі. У савецкі час была спецыфічная форма асвятлення халакосту. Мы гаварылі аб ім, але не называлі яго сваім імем. Мы не называлі нацыянальнасць людзей, якіх знішчалі. У Хатыні зрабілі Сцяну памяці, на якой вырашылі ўвекавечыць месцы масавага прымусовага ўтрымання насельніцтва і знішчэння. Усяго 66 ніш. Што ўвекавечана на Сцяне памяці? 32 месцы чыста яўрэйскага знішчэння насельніцтва, яшчэ 19 - месцы сумеснага знішчэння беларусаў, рускіх, яўрэяў і ваеннапалонных. Але там слоў "яўрэі" і "гета" няма. Такая савецкая форма падачы халакосту. Мы гаварылі аб ім, але ўсё гэта ў завуаліраванай форме. Пры гэтым вынесены месцы не масавага знішчэння - па 2 тысячы, па 500 чалавек", - дадаў архівіст.

Важна яшчэ на належным узроўні прапрацаваць і тэму па дзейнасці народных мсціўцаў на акупіраванай тэрыторыі, адзначыў Вячаслаў Селяменеў. Гісторыя партызанскага руху засталася на ўзроўні распрацовак савецкай эпохі. "У нас выйшла нядрэннае трохтомнае выданне па гісторыі партызанскага руху, але там асноўны акцэнт зроблены на гераізме партызан. Уся складанасць і трагічнасць барацьбы не паказана. Але не ўсё так адназначна, - дадаў архівіст і прывёў у якасці прыкладу гісторыю сваёй сям'і. - Мой бацька таксама партызаніў. У маі - чэрвені 1944-га, напярэдадні вызвалення Беларусі, немцы правялі апошнюю буйную карную аперацыю "Кармаран" супраць партызан Барысаўска-Бягомльскай зоны. Бацька якраз быў у брыгадзе Калініна і трапіў пад раздачу. І ён расказваў, як выратаваўся. Камандзір брыгады распусціў іх, сказаў: "Хлопцы, выходзьце, хто як можа". Так ён застаўся жывы. Шмат было знішчана мірнага насельніцтва. Уяўляеце, нашы пачалі аперацыю "Баграціён", ужо разграмілі частку немцаў, а астатнія яшчэ да 27 чэрвеня білі партызан. Калі б не наступленне, то мала хто б з іх застаўся жывы".

За апошнія гады зроблена нямала ў захаванні нашага гістарычнага мінулага, таксама створаны Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта, падкрэсліў архівіст. "Яны і павінны вызначыць, якія тэмы сёння неабходна распрацаваць. У нас ёсць даследчыцкія кадры, але іх трэба аб'яднаць, паставіць задачу, мэты", - падагульніў Вячаслаў Селяменеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі