Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 красавіка 2024, 09:08

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штогод 12 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас. Менавіта ў гэты дзень, 12 красавіка 1961 года, савецкі касманаўт Юрый Гагарын упершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў арбітальны аблёт Зямлі, адкрыўшы эпоху пілатуемых касмічных палётаў і шлях для даследавання касмічнай прасторы.

Палёт Гагарына прадаўжаўся 108 мінут. Абляцеўшы планету адзін раз, касманаўт атрымаў з Зямлі каманду на спуск. Спускальны апарат прызямліўся ў стэпе недалёка ад Саратава. На вышыні некалькіх кіламетраў Юрый Гагарын катапультаваўся і зрабіў мяккую пасадку на парашуце. Першаму касманаўту планеты 14 красавіка 1961 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар гістарычнай падзеі ў красавіку 1962 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было ўстаноўлена свята - Дзень касманаўтыкі. У 1968 годзе яно атрымала міжнародны статус і было перайменавана ў Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. 7 красавіка 2011 года ў гонар пяцідзясятай гадавіны палёту чалавека ў космас сваёй рэзалюцыяй Генеральная Асамблея ААН абвясціла 12 красавіка Міжнародным днём палёту чалавека ў космас.

З першых дзён асваення космасу Беларусь не заставалася ўбаку. Першыя распрацоўкі па касмічнай тэматыцы ў рэспубліцы належаць да пачатку 1960-х гадоў. У навуковых інстытутах і на прамысловых прадпрыемствах вяліся распрацоўка і стварэнне найноўшых аптычных прыбораў, наземных сістэм кіравання запускам ракет, праграм па апрацоўцы касмічных выяў.

У космасе за ўсю гісторыю яго асваення пабывалі чатыры ўраджэнцы Беларусі. Пётр Клімук свой першы палёт у космас здзейсніў у снежні 1973 года ў якасці камандзіра карабля "Саюз-13". На яго рахунку тры касмічныя палёты агульнай працягласцю 78 сутак. Уладзімір Кавалёнак пабываў у космасе тройчы, у сукупнасці правёўшы там 216 сутак, у тым ліку больш за дзве гадзіны ў адкрытым космасе. Касманаўт Алег Навіцкі ў час свайго першага палёту ўзначаліў асноўны экіпаж, які 23 кастрычніка 2012 года паляцеў да Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС). 17 лістапада 2016 года ў ходзе другога касмічнага палёту ён разгарнуў на борце МКС беларускі сцяг, зрабіўшы з космасу здымкі Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Усяго Навіцкі здзейсніў чатыры касмічныя палёты агульнай працягласцю 545 сутак і ажыццявіў тры выхады ў адкрыты космас. У снежні 2021 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў Навіцкаму ордэн Дружбы народаў.

23 сакавіка 2024 года ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі ў космас адправілася жанчына - Марына Васілеўская. Яна ажыццявіла касмічны палёт з касмадрома Байканур на Міжнародную касмічную станцыю ў складзе асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі. У яго таксама ўваходзілі лётчык-касманаўт Алег Навіцкі і бортінжынер, астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. Працягласць палёту склала 14 сутак, з іх 12 сутак - на расійскім сегменце МКС. Марына Васілеўская выконвала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з "Раскосмасам" і Расійскай акадэміяй навук.

11 красавіка 2024 года на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў Марыне Васілеўскай медаль Героя Беларусі, а таксама пасведчанне касманаўта. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Марына паміж дзвюх імперый - расійская, самая перадавая ў космасе, і амерыканцы. Вы разумееце, гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны. Народ наш гэта заслужыў". Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і далей будзе рухацца ў напрамку развіцця касмічных тэхналогій: "Мы будзем рабіць усё, і яшчэ нямала зробім".

Сёння ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі пройдзе адзіны ўрок, прысвечаны Міжнароднаму дню палёту чалавека ў космас. Яго мэтай з'яўляецца фарміраванне ў вучняў інтарэсу да дасягненняў краіны ў галіне касмічных даследаванняў, выхаванне пачуцця патрыятызму, гордасці за дасягненні Беларусі, павагі да людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё пакарэнню космасу, развіццё пазнавальнага інтарэсу да вывучэння космасу. Таксама вучням абавязкова раскажуць аб палёце беларускі Марыны Васілеўскай у космас.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі