ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лістапада 2020, 16:55

Сенатары адобрылі папраўкі ў законы аб ахове здароўя і аказанні псіхалагічнай дапамогі

Фота з архіва
Фота з архіва

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сенатары на пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект "Аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя і аказання псіхалагічнай дапамогі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта фактычна новая рэдакцыя закона аб ахове здароўя. Канцэптуальна перагледжаны вельмі многія рэчы, якія змогуць рэальна палепшыць даступнасць медыцынскай дапамогі і значна ўдасканаліць яе якасць. Акрэдытацыя медыцынскіх устаноў, стварэнне міжрэгіянальных цэнтраў у вялікіх гарадах або так званых апорных бальніц зможа наблізіць да чалавека спецыялізаваныя віды медыцынскай дапамогі, якія сёння выконваюцца ў рэспубліканскіх цэнтрах. Прапісваем пытанні развіцця ўніверсітэцкай клінікі. Пілотны праект рэалізуецца ў Гродзенскай вобласці. Упэўнены, што гэты праект станоўча рэалізуецца і будзе распаўсюджаны па ўсёй краіне", - расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Віктар Лісковіч.

Акрамя таго, пашыраюцца магчымасці дзённага стацыянара. Цяпер на ўзроўні дзённага стацыянара медыкаменты за кошт пацыента ўжо набывацца не будуць. "Гэта вельмі вялікі зрух, дзякуючы якому без неабходнасці пацыент не будзе займаць больш дарагі стацыянарны ложак, а ўсе паслугі атрымае на ложку дзённага знаходжання. Таксама ўзаконена пытанне сацыяльнага дзяржаўнага заказу ў медыцыне. Гэта тыя паслугі, якія патрэбны пажылым, людзям, якія маюць нейкія фізічныя абмежаванні. Тут мы зможам прыцягваць іншыя арганізацыі для аказання простых медыцынскіх паслуг, - адзначыў сенатар. - Мы сёння гаворым пра электронную ахову здароўя. Гэта вельмі важна не толькі для таго, каб зменшыць папяровы дакументаабарот, але і сістэматызаваць работу ўрача, паскорыць доступ да статыстычнай, аналітычнай інфармацыі".

Віктар Лісковіч падкрэсліў, што ўсе новаўвядзенні законапраекта накіраваны на тое, каб незалежна ад таго, дзе пражывае чалавек - у вялікім горадзе або сельскай мясцовасці - у любы час сутак яму была аказана медыцынская дапамога на самым высокім узроўні. "Дапамогу мы акажам. Але лепш, калі мы будзем займацца прафілактыкай, весці здаровы лад жыцця, будзем клапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх. Як у цяперашніх умовах, захоўваць дыстанцыранне, іншыя меры, якія рэкамендаваны Міністэрствам аховы здароўя. І тады мы будзем здаровы. А здаровы чалавек заўсёды прынясе намнога больш карысці краіне. Таму берагчы трэба здароўе, і закон гэтаму садзейнічае", - дадаў ён.

Што датычыцца закона аб аказанні псіхалагічнай дапамогі, то ён прыводзіцца ў адпаведнасць з указам "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці".

Законапраект сенатарам прадставіў выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Паводле яго слоў, дакумент адпавядае патрабаванням сённяшняга дня, а таксама патрабаванням развіцця сістэмы аховы здароўя ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі