Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 жніўня 2019, 10:39

Саўмін зацвердзіў санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўстаноў адукацыі

14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 7 жніўня 2019 года нумар 525, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Дакументам устанаўліваюцца агульныя патрабаванні да размяшчэння ўстаноў адукацыі і іх тэрыторыі, планіровачнай структуры будынкаў, санітарна-тэхнічнага добраўпарадкавання, асвятлення, абсталявання і ўтрымання памяшканняў, арганізацыі адукацыйнага працэсу і выхавання, вытворчага навучання, практыкі, распарадку дня і медыцынскага забеспячэння навучэнцаў. Асобныя патрабаванні вызначаны да ўстаноў адукацыі з улікам іх тыпу: устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічных устаноў і школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Таксама ўстаноўлены патрабаванні да харчавання навучэнцаў, у тым ліку да размяшчэння і аснашчэння аб'ектаў харчавання, абсталявання, інвентару і посуду, асабістай гігіены работнікаў, транспарціроўкі і захоўвання харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання ў аб'ектах харчавання, рацыёнаў харчавання і тэхналогіі падрыхтоўкі страў для дзяцей.

Пастановай вызначана, што прыём (паступленне) дзіцяці ў адукацыйную ўстанову і пасля перанесенага захворвання, а таксама дакументаў у дзяцей, якія паступаюць ва ўстанову прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, павінен ажыццяўляцца па прадстаўленні медыцынскай даведкі аб стане здароўя. Пры прыёме дзіцяці ва ўстанову для дзяцей-сірот дадаткова да меддаведкі прад'яўляецца выпіска з медыцынскіх дакументаў.

Акрамя таго, для некаторых работнікаў устаноў адукацыі прадугледжана абавязковае гігіенічнае навучанне. Работнікі аб'ектаў харчавання павінны яго праходзіць перад паступленнем на работу і ў далейшым адзін раз у год, кіраўнікі, выхавальнікі і памочнікі выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, прыбіральшчыкі памяшканняў, работнікі плавальных басейнаў (аператары і медыцынскія сёстры хлараторных установак) і пральняў (кастэлянкі, рабочыя па мыцці і рамонце спецадзення і іншыя), загадчыкі гаспадаркі, намеснікі кіраўнікоў па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце ўстаноў - перад паступленнем на работу і ў далейшым адзін раз у два гады, работнікі водаправодных збудаванняў і каналізацыйнай гаспадаркі (слесары-сантэхнікі) - перад паступленнем на работу і потым адзін раз у тры гады.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі