Міхаіл Русы
18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аляксандр Лукашэнка 18 лістапада сабраў нараду па тэмах развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся і рэалізацыі адпаведнай праграмы. Асноўным дакладчыкам на мерапрыемстве выступіў Міхаіл Русы - "сапраўдны паляшук", як назваў яго Прэзідэнт, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці і старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Па выніках мерапрыемства Міхаіл Русы расказаў журналістам, як парушыў стыль работы, прыняты на такіх нарадах, і якія пераўтварэнні чакаюць рэгіён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я, магчыма, парушыў стыль работы на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Улічваючы такую яго прыродную сціпласць, ён заўсёды просіць: вы мне гаварыце, дзе дрэнна, а што добра - гэта і так добра. І часам мы не даводзім вынік той работы, якая зроблена кіраўніком дзяржавы, - велазірнай", - растлумачыў сваю пазіцыю Міхаіл Русы.
Ён падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка заўсёды ўдзяляў асаблівую ўвагу развіццю Палесся. "Сённяшняя праграма (да 2030 года. - Заўвага БЕЛТА) - гэта прадаўжэнне той далёкай размовы, якую Прэзідэнт пачаў у 1996 годзе", - заўважыў парламентарый. Размова пра паездку кіраўніка дзяржавы ў Палескі рэгіён, у Ляскавічы, і памятнае фота, якое стала пазней шырока вядомым, дзе Аляксандр Лукашэнка размаўляе з палешукамі каля вялікага дуба. "Я памятаю, ён паглядзеў і сказаў: "Палешукі - гэта соль зямлі беларускай, гэта людзі, якія могуць многае вырашаць, а гэты край павінен быць прыведзены ў ідэальны парадак і стаць жамчужынай", - расказаў Міхаіл Русы.
Першая праграма па развіцці Палесся была рэалізавана ў 2010-2015 гадах. Рэгіён змяніўся, падкрэсліў парламентарый. Напрыклад, па Гомельскай вобласці выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг вырасла ў 7 разоў (у 2016 годзе ў параўнанні з 2009-м), прыбытак ад рэалізацыі - у 5 разоў, рознічны тавараабарот - у 7 разоў, экспарт паслуг - у 2 разы. Наладжана эфектыўная работа многіх прадпрыемстваў. У іх ліку - Тураўскі малочны камбінат, дзе раней перапрацоўвалі па 140 т малака за суткі, а цяпер - каля 700 т. І гэта не гаворачы пра будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў, дарог, адраджэнне нацыянальнага парку, правядзенне газіфікацыі.
Як вынік, менавіта ў шасці раёнах Палесся, уключаных у першую праграму, сканцэнтравана найбольшая колькасць населеных пунктаў з колькасцю жыхароў больш за 1 тыс. чалавек. "Мы захавалі рэсурсы - гэта самае галоўнае", - упэўнены Міхаіл Русы.
Але спыняцца на дасягнутым, зразумела, нельга. "І Прэзідэнт у час чарговай паездкі ў рэгіёны Палесся паставіў задачу: трэба на Палессі зрабіць яшчэ адзін крок, ёсць яшчэ вельмі вялікі патэнцыял", - сказаў парламентарый. У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта была зацверджана наступная праграма па далейшым развіцці рэгіёнаў Прыпяцкага Палесся, разлічаная да 2030 года. У далейшым яе дапрацавалі з улікам патрабаванняў кіраўніка дзяржавы. Геаграфія пашырана за кошт дабаўлення трох раёнаў: Ганцавіцкага Брэсцкай вобласці і Лельчыцкага і Ельскага Гомельскай вобласці, цяпер усяго 9 раёнаў. А таксама дасканала падлічаны аб'ёмы і крыніцы фінансавання, максімальна канкрэтызаваны ўсе мерапрыемствы.
"За словам "мерапрыемства" - канкрэтны аб'ект, з якім давядзецца працаваць. Гэта можа быць малочнатаварны комплекс, дзіцячы сад, школа, меліярацыйны аб'ект. Усё гэта падлічылі, па кожным раёне паглядзелі, што нам у першую чаргу трэба зрабіць, каб людзі маглі зарабляць, каб раёны давалі прадукцыю, а бюджэты атрымлівалі даходы і развівалі сацыяльную сферу", - падкрэсліў Міхаіл Русы.
"Кіраўнік дзяржавы нам адразу сказаў строга, што шалёных грошай не будзе. Ёсць праграмы развіцця (у розных галінах. - Заўвага БЕЛТА), крыніцы фінансавання, дзяржпадтрымкі - усё падсумуйце, паглядзіце і вызначце асноўныя напрамкі, - дадаў ён. - Усе праграмы, якія ў нас існуюць, - і дарожныя, і сацыяльныя, і "Адзін раён - адзін праект" - усё гэта сабрана разам, прааналізавана. Такая комплексная, канкрэтная праграма. Думаю, яна дасць адчувальны вынік".
І гэты вынік таксама цалкам канкрэтны: атрымаць па 1 млн т малака і збожжа, забяспечыць сур'ёзны прырост экспартнага патэнцыялу і выйсці на заработную плату пад Br3,3 тыс. У кожным з 9 раёнаў вызначана па адным сельгаспрадпрыемстве, якія ў бліжэйшы час павінны выйсці па эканамічных паказчыках дзейнасці на ўзровень паспяховага "Парахонскага", які год таму наведваў кіраўнік дзяржавы і ставіў яго ў прыклад.
Разам з развіццём дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў Прэзідэнт даручыў не меншую ўвагу ўдзяляць фермерскім гаспадаркам, якія за апошнія гады значна ўмацаваліся ў рэгіёне. "Яны нават самі прапануюць: дайце нам зямлю, мы яе прывядзём у парадак. Але пад канкрэтны праект. Будзе там 500 кароў - калі ласка, вось табе зямля. Нават можам дапамагчы з меліярацыяй", - удакладніў Міхаіл Русы.
Паводле яго слоў, кіраўніком дзяржавы на нарадзе таксама жорстка пастаўлена пытанне аб тым, каб за кошт агульных намаганняў і ўсіх гаспадарак нарэшце забяспечыць у краіне ўласныя патрэбнасці ў агурках, памідорах і іншай агародніне ў халодную пару года. "Гэта магчыма, і падлічана. Але была раз'яднанасць розных арганізацый, - растлумачыў ён. - Урад бярэ пад кантроль, і, думаю, аператыўна навядзём парадак".
Акрамя развіцця вытворчай базы, аграпрамысловага сектара, важны напрамак у праграме Прыпяцкага Палесся - стварэнне спрыяльных умоў для жыцця людзей, забеспячэнне сацыяльнай і іншай інфраструктуры, у тым ліку вырашэнне актуальных для рэгіёна пытанняў транспартных зносін.-0-
