Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 кастрычніка 2017, 13:38

Самазанятым грамадзянам могуць прадаставіць магчымасць фарміраваць правы па сацстрахаванні

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вывучаецца пытанне прадастаўлення некаторым катэгорыям самазанятых грамадзян магчымасці фарміраваць свае правы ў галіне сацыяльнага страхавання. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер некаторыя катэгорыі грамадзян, якія ажыццяўляюць дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, не падлягаюць сацыяльнаму страхаванню, - гэтых катэгорый проста няма ў адпаведным законе. Паколькі згодна з указам нумар 337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб" пашыраецца пералік відаў дзейнасці без рэгістрацыі ў якасці ІП, дзяржаўныя органы вывучаюць пытанне прадастаўлення такім грамадзянам магчымасці фарміраваць свае правы ў галіне сацыяльнага страхавання. Вывучаецца і меркаванне грамадскіх арганізацый", - сказаў Валерый Кавалькоў.

Праект адпаведнага дакумента накіраваны на разгляд зацікаўленым дзяржорганам. Яго прыняцце магчыма ў 2017 або 2018 гадах.

"Сацыяльнае страхаванне, а гэта права на пенсійнае забеспячэнне пры пэўных умовах і права на атрыманне дапамог (у тым ліку па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, у сувязі з доглядам дзіцяці да 3 гадоў) за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, звязана непасрэдна з выплатай узносаў у ФСАН. Сацыяльнае страхаванне ёсць абавязковае і добраахвотнае. Абавязковае сацыяльнае страхаванне распаўсюджваецца на ўсіх грамадзян, якія працуюць па працоўных дагаворах і па грамадзянска-прававых дагаворах, калі адным з бакоў з'яўляецца юрыдычная асоба. Пад абавязковае сацыяльнае страхаванне падпадаюць індывідуальныя прадпрымальнікі і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян. Права ўдзелу ў сацыяльным страхаванні прадастаўлена творчым работнікам, рамеснікам, занятым у агратурызме, а таксама працуючым за мяжой. Яны могуць зарэгістравацца ў ФСАН і выплачваць узносы, тым самым фарміруючы свае правы ў галіне сацыяльнага страхавання (ідзе страхавы стаж для назначэння пенсіі і г. д.), - растлумачыў намеснік міністра. - Што датычыцца добраахвотнага сацыяльнага страхавання, то людзі недаацэньваюць яго значнасць. Напрыклад, больш за 2 тыс. жыхароў Беларусі займаюцца аграэкатурызмам, з іх толькі 6 чалавек выплачваюць узносы ў ФСАН. Права добраахвотнага сацыяльнага страхавання маюць рамеснікі - сярод іх толькі крыху больш за 230 чалавек зарэгістраваліся ў ФСАН, выплачваюць страхавыя ўзносы. Толькі 550 грамадзян Беларусі, якія працуюць за мяжой, добраахвотна заплацілі за 2016 год узносы ў ФСАН".

Валерый Кавалькоў адзначыў, што ў пералік відаў дзейнасці, на якія могуць распаўсюдзіць добраахвотны парадак выплаты ўзносаў у ФСАН, трапяць тыя, якія ў асноўным прадугледжваюць аказанне паслуг паміж дзвюма фізічнымі асобамі. Дарэчы, згодна з дзеючым заканадаўствам яны маюць права заключыць грамадзянска-прававы дагавор - і тады падлягаюць сацыяльнаму страхаванню на добраахвотнай аснове. Калі ж грамадзяне аказваюць паслугі без такога дагавора, то яны "выпадаюць" з сістэмы сацыяльнага страхавання.

"Мы спадзяёмся, што больш грамадзян прыйдзе ў сістэму сацстрахавання - і яны будуць мець права разлічваць на падтрымку ў выпадку надыходу страхавых выпадкаў", - рэзюмаваў Валерый Кавалькоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі