Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 лістапада 2022, 14:43

Саюзныя парламентарыі прапанавалі новыя маладзёжныя праекты

1 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Саюзныя парламентарыі прапанавалі праводзіць новыя маладзёжныя адукацыйныя і патрыятычныя праекты, а таксама змяніць фармат фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву". Гэтыя ініцыятывы абмяркоўваліся на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па маладзёжнай палітыцы, спорце і турызму, якое прайшло 31 кастрычніка ў Сочы ў адукацыйным цэнтры "Сірыус", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службу сходу.

"Парламентарыі разгледзелі пытанні фарміравання бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2023 год і падрыхтоўку саюзных мерапрыемстваў па напрамку дзейнасці камісіі. Для рэалізацыі ключавых задач маладзёжнай палітыкі дэпутаты прадставілі прапановы па распрацоўцы перспектыўных праграм, праектаў і мерапрыемстваў для фінансавання з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Сярод іх адукацыйныя і патрыятычныя праекты, спартыўныя творчыя спаборніцтвы, тэлевізійныя конкурсы, правядзенне форумаў палітычных лідараў і гісторыкаў. Таксама абмеркаваны прапановы па заснаванні прэмій для моладзі ў галіне навукі, мастацтва і спорту, развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, падтрымцы маладзёжных навуковых праектаў і ініцыятыў, супрацоўніцтве кадэцкіх вучылішчаў, дзейнасці студэнцкіх атрадаў і іншыя", - расказалі ў прэс-службе.

Камісія вызначыла пералік прыярытэтных праграм, праектаў і мерапрыемстваў для больш дэталёвай прапрацоўкі з мэтай далейшага накіравання ў адрас мяркуемых дзяржаўных заказчыкаў.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі таксама прапановы па новым фармаце правядзення XVI Фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву". Ён арганізаваны па ініцыятыве дэпутатаў Парламенцкага сходу і ўпершыню адбыўся ў Анапе ў 2006 годзе. З 2007 па 2019 год фестываль праводзіўся ў Растоўскай вобласці, у 2022 годзе прайшоў на тэрыторыі Смаленскай вобласці. "Былі выказаны прапановы па змяненні фармату правядзення, напаўненні яго новымі мерапрыемствамі, - адзначылі ў прэс-службе. - Прапануецца павялічыць колькасць фестывальных пляцовак, дабавіць адкрытыя вулічныя мерапрыемствы, забяспечыць правядзенне сустрэч і майстар-класаў з вядомымі прадпрымальнікамі, грамадска-палітычнымі і творчымі дзеячамі Беларусі і Расіі. Дэпутаты рэкамендавалі Федэральнаму агенцтву па справах моладзі РФ і Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі да канца лістапада 2022 года прадставіць у камісію прапановы па новым фармаце правядзення фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву".

Парламентарыі прадоўжылі абмеркаванне пытання аб узаемадзеянні з адукацыйным цэнтрам "Сірыус". "Па прапанове дэпутатаў у пачатку 2023 года будзе запланаваны візіт прадстаўнікоў цэнтра ў Беларусь для падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. Акрамя таго, плануюцца распрацоўка і падпісанне дарожнай карты па ўдзеле "Сірыуса" ў праектах і мерапрыемствах Саюзнай дзяржавы", - паведамілі ў прэс-службе.

Акрамя таго, абмеркаваны пытанні дзейнасці Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе ў 2022 годзе. "Дэпутаты заклікалі актывізаваць дзейнасць членаў Маладзёжнай палаты і забяспечыць правядзенне пасяджэнняў профільных камісій. Гадавую справаздачу аб рабоце Маладзёжнай палаты даручана прадставіць на наступным пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу па маладзёжнай палітыцы, спорце і турызме", - дадалі ў прэс-службе.

У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня камісіі Арцём Тураў, намеснік страшыні Сяргей Клішэвіч, члены камісіі Дзмітрый Баскаў, Вольга Петрашова і Антон Ткачоў, адказны сакратар Парламенцкага сходу Сяргей Стрэльчанка. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічалі першы сакратар ЦК ГА "БРСМ" Аляксандр Лук'янаў, намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па справах моладзі РФ Дзяніс Ашыраў, кіраўнік апарату Савета федэральнай тэрыторыі "Сірыус" Сцяпан Мядзведка, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, старшыня Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Дзмітрый Мацюшэнкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі