
21 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Саюзныя парламентарыі пачнуць распрацоўку мадэльнага закона аб прыгранічным супрацоўніцтве ў Саюзнай дзяржаве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
"26 верасня ў Маскве і Мінску адбудзецца пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу па заканадаўстве і рэгламенце. У адпаведнасці з даручэннем старшыні Парламенцкага сходу Вячаслава Валодзіна саюзныя дэпутаты пачынаюць работу па падрыхтоўцы мадэльнага заканадаўчага акта "Аб прыгранічным супрацоўніцтве ў Саюзнай дзяржаве". У ходзе пасяджэння парламентарыі плануюць абмеркаваць з зацікаўленымі міністэрствамі Беларусі і Расіі парадак падрыхтоўкі дакумента", - сказалі ў прэс-службе.
Парламентарыі абмяркуюць таксама рэалізацыю мадэльнага заканадаўчага акта "Аб сістэме абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў Саюзнай дзяржавы", які быў прыняты на сесіі Парламенцкага сходу ў чэрвені 2023 года ў Віцебску.
"Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння разгледзяць ход работы па зніжэнні ў Беларусі мінімальнага тэрміну абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных за мяжой, а таксама дзейнасць па збліжэнні заканадаўстваў Беларусі і Расіі ў сферы забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Будзе разгледжана магчымасць замены без здачы кваліфікацыйных экзаменаў беларускіх вадзіцельскіх пасведчанняў на расійскія і наадварот", - дадалі ў прэс-службе.
Акрамя саюзных парламентарыяў у пасяджэнні плануецца ўдзел прадстаўнікоў МЗС Беларусі, МУС Беларусі і Расіі, Міністэрства эканамічнага развіцця РФ, Міністэрства фінансаў Беларусі, Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі, а таксама кампаній-аўтастрахоўшчыкаў.-0-