Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 сакавіка 2020, 10:15

СААЗ адзначае аператыўнасць і адкрытасць Беларусі пры рэагаванні на каранавірус

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СААЗ удзячна Беларусі за аператыўнае рэагаванне на каранавірус, заявіў журналістам прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Зусім нядаўна адбылася канферэнцыя на чале з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Хансам Клюге, у якой прынялі ўдзел міністры аховы здароўя 12 краін рэгіёна, у тым ліку Беларусі. "Рэгіянальны дырэктар выказаў удзячнасць Міністэрству аховы здароўя Беларусі за вельмі аператыўнае рэагаванне на з'яўленне гэтых выпадкаў (каранавіруса. - Заўвага БЕЛТА), адкрытасць і неадкладнае інфармаванне. Сапраўды, тыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў краіне, даюць гарантыю і пачуццё абароненасці", - сказаў Батыр Бердыклычаў.

У Беларусі праводзіцца вельмі вялікая работа. "Нельга сказаць, што ёсць нейкая экстраардынарная сітуацыя або падставы для панікі. Усё ідзе ў рабочым рэжыме, адсочваюцца кантакты, усе, каму неабходна, атрымліваюць лячэнне", - адзначыў прадстаўнік СААЗ.

Пры гэтым, паводле яго слоў, вельмі важна, каб насельніцтва карысталася праверанымі і дакладнымі крыніцамі інфармацыі, а не кіравалася чуткамі.

Тэма каранавіруса знаходзіцца пад пільнай увагай абсалютна ўсіх краін свету. Рост новых выпадкаў, які прадаўжаецца, а таксама вялікая колькасць краін, дзе дыягнаставана захворванне, паслужыла падставай для СААЗ перагледзець рызыку распаўсюджвання віруса ва ўсім свеце і павысіць яе з высокага да вельмі высокага. "Гэта значыць, сёння ні адна краіна ў свеце, дзе яшчэ не былі зарэгістраваны такія выпадкі, не застрахавана. СААЗ заклікае ўсе краіны быць гатовымі да гэтага, а таксама да з'яўлення новых выпадкаў там, дзе вірус быў зарэгістраваны, хоць і ў адзінкавых выпадках", - сказаў Батыр Бердыклычаў.

СААЗ заклікае краіны сфакусіравацца на трох прыярытэтах: прадаўжаць меры эпідэміялагічнага нагляду і санітарна-эпідэмічныя мерапрыемствы, забяспечыць абарону медперсаналу, своечасова інфармаваць насельніцтва аб усіх рызыках, каб папярэдзіць зусім неабгрунтаванае распаўсюджванне чутак. Пры гэтым няма рэкамендацый аб увядзенні нейкіх радыкальных мер па абмежаванні падарожжаў, паездак, гандлю. Гэтыя меры, лічаць у СААЗ, не з'яўляюцца эфектыўнымі, акрамя таго, яны маюць негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы.

Як адзначыла намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава, краіна не ўводзіць абмежаванні на выезд з краіны. Разам з тым рэкамендуецца па магчымасці пазбегнуць наведвання тых краін, дзе рэгіструецца значная колькасць выпадкаў каранавіруса і ўведзены каранцінныя мерапрыемствы. Размова ідзе аб Кітаі, Італіі, Іране, Рэспубліцы Карэя.

Пасля вяртання з гэтых краін рэкамендуецца звяртаць увагу на стан здароўя на працягу 14 дзён. Пры выяўленых сімптомах трэба выклікаць хуткую дапамогу. У выпадках, калі стан здароўя здавальняючы, няма павышэння тэмпературы і іншых сімптомаў, але ёсць некаторыя сумненні, можна звярнуцца да ўрача і правесці неабходныя даследаванні.

Той факт, што ў Беларусі на сёння няма асаблівай падставы для панікі, пацвердзіў і загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук, прафесар Ігар Карпаў. "Аб'ём праведзеных мерапрыемстваў значны. Ён быў накіраваны на тое, каб папярэдзіць распаўсюджванне інфекцыі, не атрымаць вялікую колькасць цяжкіх выпадкаў. Дыягностыка праводзіцца максімальна шырока і накіравана на тое, каб выявіць пацыентаў, якія знаходзяцца ў групе рызыкі па гэтым захворванні, максімальна засцерагчы тэрыторыю краіны ад каранавірусной інфекцыі", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі