Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 студзеня 2021, 17:17

Рыжанкоў: толькі праз дыялог, з'яднанне народа можна вырашыць усе задачы

28 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Толькі праз дыялог, кансалідацыю, з'яднанне народа можна вырашыць усе задачы па далейшым развіцці краіны. Упэўненасць у гэтым выказаў сёння ў Гомелі на рэгіянальным сходзе ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу ад Гомельскай вобласці першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што беларускае грамадства, дзяржава імкнецца да далейшага развіцця. "Сапраўды, нам патрэбны нейкі, можа, больш шырокі грамадскі дыялог. Але весці яго, ствараць (нешта новае. - Заўвага БЕЛТА) трэба на тым базісе, які да гэтага часу створаны. Мы ідзём наперад, і дзецям сваім мы павінны перадаць краіну яшчэ лепшай, яшчэ больш развітой, але пры гэтым незалежнай, стабільнай, паспяховай", - сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

На яго думку, пустымі заклікамі, эмоцыямі гэтыя пытанні не вырашыць. "Толькі праз дыялог у грамадстве, праз кансалідацыю грамадства, з'яднанне народа, еднасць, павышэнне ўзаемнага даверу мы можам вырашыць усе задачы", - лічыць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Максім Рыжанкоў звярнуў увагу, што Усебеларускі народны сход - пляцоўка для абмеркавання маштабнага пласта самых актуальных пытанняў развіцця дзяржавы, і гэту магчымасць трэба выкарыстоўваць максімальна эфектыўна.

У рабоце абласнога сходу прынялі ўдзел першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, выканаўчай улады, працоўных калектываў рэгіёна.

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек. Гомельскую вобласць прадставяць 310 дэлегатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі