Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 верасня 2021, 12:08

Рыжанкоў даў наказ калектыву, вучням і іх бацькам разам ствараць гісторыю новай СШ нумар 225 Мінска

1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Настаўнікам, вучням, іх бацькам трэба будзе разам ствараць гісторыю новай школы, заявіў сёння першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў на ўрачыстай лінейцы ў школе-новабудоўлі Першамайскага раёна Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Жыццё чалавека шмат у чым вызначаюць школьныя гады. Дарагія настаўнікі, любімыя прадметы, верныя сябры, якіх мы набываем у школе. І мы неаднаразова на працягу жыцця звяртаемся да гэтых гадоў, успамінаў з асаблівым цяплом і дабрынёй, знаходзячы падтрымку ў іх", - адзначыў Максім Рыжанкоў.

Ён павіншаваў увесь калектыў новай школы, пажадаўшы настаўнікам цярпення і вытрымкі, павітаў вучняў, бацькоў. І асабліва першакласнікаў, якіх іх першы настаўнік хутка возьме за руку і павядзе ў доўгае падарожжа насустрач ведам. А для гэтага ў школе створана ўсё, што трэба. Больш таго, побач ёсць дзіцячы тэхнапарк, БНТУ, супрацоўніцтва з якім - яшчэ адзін бонус. Гэта залог якаснай адукацыі.

"Усім вам хачу сказаць добрыя словы наказу ў вашай першай школе. Яна для ўсіх вас першая - і для настаўнікаў, і для вучняў, і для бацькоў. Вам разам ствараць гісторыю гэтай школы, ствараць яе традыцыі. І ад таго, якую гісторыю вы створыце, залежыць, наколькі светлым і ўтульным будзе гэты храм ведаў", - сказаў Максім Рыжанкоў.

Сярэдняя школа нумар 225, якая разлічана на 750 навучэнцаў, пабудавана ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па Універсітэцкім праездзе, 5. Будынак у мікрараёне "Магістр" узвялі хутка і ў тэрмін. У ім сабрана ўсё, што патрэбна для сучаснай школы: зручныя класы, чатыры кабінеты інфарматыкі, тры лінгафонныя, поўнасцю ўкамплектаваны медыцынскі пункт (кабінеты ўрача-педыятра і працэдурны, фельчар запрошаны з 19-й дзіцячай паліклінікі), харчаблок з вітамінным барам і сталовай на 264 пасадачныя месцы, гардэроб на кожны клас, дзве спартыўныя залы, трэнажорная, харэаграфічная, на вуліцы - пляцоўкі для футбола, валейбола, заняткаў лёгкай атлетыкай, трэнажоры для варкаўта. І невялікі гарадок для вывучэння малышамі правіл дарожнага руху. Поўнасцю забяспечана безбар'ернае асяроддзе (пандусы, ліфт).

У гэтым навучальным годзе за новенькія парты ўстановы селі 410 дзяцей, у тым ліку 106 першакласнікаў. "Укамплектаваны 18 класаў, у асноўным гэта дзеці з нашага мікрараёна. Ажыятаж быў толькі ў першы клас, таму туды набіралі пераважна па прапісцы", - растлумачыла дырэктар установы Таццяна Качан.

Калектыў педагогаў укамплектаваны амаль поўнасцю, прычым у старшай школе настаўнікі ў большасці сваёй вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорый. Вельмі вопытны дэфектолаг. У пачатковай школе, наадварот, большасць педагогаў - маладыя спецыялісты, якім трэба будзе расці і набірацца вопыту з дапамогай старэйшых настаўнікаў.

Адметнасцю школы стане ўласны зімовы сад. Яго стваралі сумеснымі намаганнямі з Батанічным садам і парнікова-цяплічным камбінатам.

А яшчэ ёсць папярэдняя дамоўленасць з БНТУ аб занятках па робататэхніцы са школьнікамі. Плануецца супрацоўніцтва і з іншымі ВНУ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі