Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2021, 16:09

Рыжанкоў: буйным прадпрыемствам неабходна прыходзіць у малыя гарады са сваімі вытворчасцямі

26 лістапада, Слаўгарад /Кар. БЕЛТА/. Буйным беларускім прадпрыемствам неабходна прыходзіць у малыя гарады са сваімі вытворчасцямі. Такое меркаванне журналістам выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў падчас наведвання УП "Чырвоны харчавік - Слаўгарад", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да нейкага часу мы ўсе вытворчасці цягнулі ў вялікія гарады. Мінск перанасыцілі вытворчымі магутнасцямі, абласныя цэнтры таксама. І забылі крыху пра нашы раёны, малыя гарады. На самай справе любая вытворчасць - цэнтр прыцягнення рабочай сілы, сацыяльнага жыцця, адносін паміж людзьмі. Стварэнне такіх вытворчасцей, як у Слаўгарадзе, па выпуску мармеладу, разліве мёду, дзе будуць працаваць да ста чалавек, важна, нягледзячы на тое, што яна зусім невялікая. Гэта значыць, што людзі будуць забяспечаны работай, - падкрэсліў Максім Рыжанкоў.- На "Чырвоным харчавіку" пакуль ідзе мантаж новага абсталявання і пусканаладачныя работы, сярэдняя зарплата ўжо каля Br900. А калі яны выйдуць на поўную магутнасць, трэба разумець, што яна стане значна большай. Людзі забяспечаны жыллём, што дае магчымасць камфортна жыць у горадзе, ідзе добраўпарадкаванне, развіваецца сацыяльнае жыццё. Верагодна, не такімі сямімільнымі крокамі, але тое, што мы сёння ўбачылі, дастойна".

Максім Рыжанкоў таксама азнаёміўся з ходам мантажу новай лініі па вытворчасці жавальнага мармеладу і жавальных цукерак, магутнасць якой большая за 3 тыс. т прадукту за год. На наступным тыдні тут пачнуцца пусканаладачныя работы.

Як расказаў дырэктар слаўгарадскага прадпрыемства Андрэй Галянкоў, тут будуць выпускаць не толькі традыцыйныя жэлацінавыя ласункі, але і абсалютна новыя для беларускага рынку прадукты. "Базавыя віды прадукцыі, якую будуць вырабляць тут, - мармелады на аснове жэлаціну і інш., а таксама мармелад фруктова-жэлейны на аснове пекціну. Акрамя традыцыйных ласункаў будзем вырабляць і інавацыйныя варыянты карысных цукерак: мармелад на жэлаціне павышанай харчовай каштоўнасці (з вітамінамі) для харчавання дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту; мармелад для людзей, якія выбіраюць нізкавугляводныя прадукты харчавання, у тым ліку дыябетычны; арыгінальныя кандытарскія вырабы на аснове біялагічна каштоўнай расліннай сыравіны; мармелад для харчавання пры інтэнсіўных фізічных нагрузках; жэлейныя кандытарскія вырабы з выкарыстаннем мадыфікаваных крухмалаў. Усё гэта дасць магчымасць зрабіць слаўгарадскія ласункі імпартазамяшчальнай прадукцыяй і забяспечыць людзей смачным і карысным беларускім жавальным мармеладам", - расказаў ён.

Акрамя таго, Максім Рыжанкоў азнаёміўся з работай лініі па разліве мёду, якую "Чырвоны харчавік" запусціў у мінулым годзе. Тут штогод плануюць перапрацоўваць да 300 т карыснага прадукту ў розным асартыменце.

"Такім жа шляхам трэба рухацца і ў іншых раённых цэнтрах. І не трэба скнарнічаць нашым буйнейшым прадпрыемствам, а рабіць так, як зрабіў бабруйскі "Чырвоны харчавік". Знайшлі тут гатовую пляцоўку, якая не спатрэбілася пад іншыя праекты. Зрабілі акцэнт на развіцці новых і інавацыйных вырабаў харчовай прадукцыі. Навучылі ў сябе ў Бабруйску людзей, як працаваць на гэтых лініях, паставілі сюды некалькі тэхнолагаў. І цяпер яны ведаюць, што, з аднаго боку, у іх будзе развівацца новая і добрая вытворчасць, а з іншага, яны зрабілі вельмі важную справу для Слаўгарада", - падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі