
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Загадчык лабараторыі, кіраўнік аб'яднання па інтарэсах "Генетыка і селекцыя" Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Іван Рускіх у праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА выказаў меркаванне наконт работы эколага і гучных заяў эколагаў.
"Экалогія - своеасаблівая дзейнасць. Калі я быў школьнікам, то ўдзельнічаў у праекце "Грынпіс". Гэта ўсё толькі пачыналася. Магу сказаць, што ў большасці выпадкаў гучныя эколагі ў большай ступені ангажыраваны нейкімі палітычнымі сіламі. Работа сапраўднага эколага спакойная, яна патрабуе цішыні і сістэмнага падыходу. Гэта значыць даследавалі, паглядзелі, выкідваюць ці не, далі нейкія прапановы ў заканадаўчыя органы, каб разгледзець магчымасць нарматыўнага рэгулявання той ці іншай гаспадарчай дзейнасці чалавека. Гэта яшчэ адукацыя, калі дзеці прыйшлі і іх спакойна вучаць. Гэта сістэмны працэс", - сказаў Іван Рускіх.
"А выскачыць на плошчу з плакатам, маўляў, давайце выратуем нейкі кавалачак лесу ці голыя ляжам пад дрэвы, маўляў, пілуйце нас, але не пілуйце дрэвы, - гэта да экалогіі ніякага дачынення на самай справе не мае. Гэта проста своеасаблівая дзейнасць, накіраваная на выкліканне нейкай нездаровай цікавасці ў масах", - дадаў ён.-0-