Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2019, 11:09

Румо: увод новага корпуса мінскага НПЦ дасць магчымасць асвоіць больш трансплантацыйных тэхналогій

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля ўводу ў эксплуатацыю новага хірургічнага корпуса мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі спектр прымяняемых тут трансплантацыйных тэхналогій павінен пашырыцца, заявіў журналістам дырэктар цэнтра Алег Румо, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Корпус разлічаны на 170 ложкаў, яго аснасцяць сучасным медыцынскім абсталяваннем. У адным будынку будуць размяшчацца самыя высокатэхналагічныя напрамкі сучаснай хірургіі.

Тут сканцэнтруюць увесь спектр хірургічнай дапамогі: экстранную і планавую дапамогу, хірургію печані, анкалагічную хірургію, кардыяхірургію, пульманалогію. Пры наяўнасці попыту будуць развіваць рэканструкцыйную хірургію, што прадугледжвае выпраўленне дэфектаў у тым ліку пасля аварый, будзе магчымасць правесці трансплантацыю канечнасцей, маткі, аперацыі ў галіне пластычнай, барыятрычнай, эндакрыннай хірургіі. "Калі корпус будзе пабудаваны, ён створыць новыя магчымасці не толькі для напрамкаў, якімі мы цяпер займаемся, але дасць магчымасць развіваць іншыя напрамкі і новыя віды трансплантацыйных тэхналогій", - сказаў Алег Румо.

Новы хірургічны корпус плануецца пабудаваць да сярэдзіны 2021 года. Ён узводзіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, рэканструюецца значная частка іншых карпусоў НПЦ. Актыўна прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва гематалагічнага корпуса. "За свае грошы плануем выканаць яго праект, каб потым знайсці магчымасці прафінансаваць будаўніцтва. Гэты корпус меншы, ён не такі дарагі і не патрабуе такіх фінансавых укладанняў. Думаю, за два-тры гады гэты праект рэальна рэалізаваць", - адзначыў дырэктар цэнтра.

Сёння НПЦ актыўна развівае тэхналогіі аказання меддапамогі па тыпу замкнёнага цыкла. Гэта значыць, што кожны пацыент, прыходзячы ва ўстанову, у адным месцы павінен атрымаць усё неабходнае - пачынаючы ад аналізаў, дыягностыкі і УГД да такіх высокатэхналагічных аперацый, як трансплантацыя, кардыяхірургія, гематалагічнае лячэнне.

Візітнай карткай цэнтра з'яўляецца транспланталогія. Дзякуючы гэтаму Беларусь уваходзіць у топ-10 краін свету па ўзроўні донарства органаў, апярэджвае ў гэтым плане вялікую колькасць развітых краін, у тым ліку Канаду, Аўстралію, Вялікабрытанію. Паводле даных СААЗ, такая дапамога ў рэспубліцы больш даступная, чым у Расіі, Польшчы, Германіі.

Больш таго, аперацыі па трансплантацыі ныркі ў рэспубліцы выконваюцца ва ўсіх рэгіёнах. А ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях таксама праведзены аперацыі па перасадцы сэрца, у Брэсцкай ёсць праграма трансплантацыі печані.

Сярэдні тэрмін чакання трансплантацыі ныркі ў Беларусі складае 14 месяцаў. У Вялікабрытаніі, напрыклад, гэта 2,5-3 гады.

Сёння ў мінскім НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі працуюць амаль 2 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі