Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 красавіка 2019, 15:10

Румас уручыў дзяржаўныя ўзнагароды больш як 190 прадстаўнікам розных сфер

10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас уручыў дзяржаўныя ўзнагароды больш як 190 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла сёння ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзяржузнагароды ўручаюцца па даручэнні Прэзідэнта лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў краіны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.

Сярод удастоеных дзяржузнагарод - працаўнікі сяла, медыцынскія работнікі, вучоныя, выкладчыкі, будаўнікі, работнікі прамысловасці, транспартнай сферы, энергетыкі, дзяржслужачыя, супрацоўнікі падатковых органаў, творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. "Кожны з вас унёс свой уклад у развіццё незалежнай і квітнеючай Беларусі", - адзначыў Сяргей Румас.

Узнагароды ўручаны работнікам аграпрамысловага комплексу краіны. Кіраўнік урада звярнуў увагу, што сельская гаспадарка штогод фарміруе больш за 7 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту Беларусі і 15 працэнтаў у агульным аб'ёме экспарту тавараў. У галіне занята каля 300 тыс. чалавек, або 8 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых беларусаў.

"Стварэнне ўмоў для далейшага ўстойлівага развіцця АПК з'яўляецца адной са стратэгічных мэт дзяржаўнай палітыкі, дасягненне якой будзе садзейнічаць фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, укараненню новых вытворчых і кіраўніцкіх тэхналогій, а таксама росту дабрабыту і якасці жыцця сельскіх жыхароў", - сказаў прэм'ер-міністр.

Высокіх узнагарод удастоены работнікі прамысловасці і энергетыкі.

Адзначаны заслугі будаўнікоў, якія займаліся ўзвядзеннем клінічнага медыцынскага цэнтра ў Ждановічах.

Падзякі Прэзідэнта ўручаны работнікам будаўнічых арганізацый, якія займаліся рэканструкцыяй аўтамабільнага моста цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне. "Яны не толькі вырашылі складаныя задачы і дасягнулі пастаўленых мэт у кароткія тэрміны, але і набылі вельмі каштоўны вопыт. Тураў - мая малая Радзіма, калі бываю там, то адчуваю, які падарунак вы зрабілі мясцовым жыхарам. Яшчэ раз шчырае вам дзякуй за вашу работу", - адзначыў Сяргей Румас.

Заслужаныя ўзнагароды і ў работнікаў авіякампаніі "Белавія". Паводле ацэнкі кіраўніка ўрада, за апошнія гады кампанія дасягнула значных поспехаў: адкрываюцца новыя маршруты, абнаўляецца авіяпарк. У мінулым годзе "Белавія" перавезла 3 млн пасажыраў - гэта на 15 працэнтаў больш, чым у 2017-м.

Сярод узнагароджаных - работнікі падатковай службы, вучоныя, прадстаўнікі сферы адукацыі. Дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаны дасягненні ў грамадскай дзейнасці і ўклад у развіццё ветэранскага руху прадстаўнікоў грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане".

За прафесійнае майстэрства дзяржузнагароды ўручаны прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі. Сярод іх і супрацоўнікі БЕЛТА. Галоўны рэдактар выдавецтва БЕЛТА Галіна Галаватая і вядучы фотакарэспандэнт аддзела па падрыхтоўцы і выпуску фотаінфармацыі рэдакцыі візуальнай інфармацыі агенцтва Леанід Шчаглоў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Рэдактару аддзела перакладаў (англійская мова) цэнтра знешніх камунікацый БЕЛТА Наталлі Кавалеўскай уручаны медаль "За працоўныя заслугі".

"Сёння роля журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі надзвычай высокая. Вы заўсёды на перадавой падзей, і ад вашага прафесіяналізму, аб'ектыўнасці і непрадузятасці ў падачы матэрыялу залежыць успрыманне свету грамадзянамі краіны", - сказаў Сяргей Румас.

Высокія ўзнагароды заслужылі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. "Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць таленавітых і адораных творчых людзей. Асабліва тых, хто праслаўляе нашу краіну і натхняе мільёны", - падкрэсліў кіраўнік урада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі