24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прапануе больш цесна каардынаваць у Саюзнай дзяржаве дзеянні, якія прымаюцца з улікам распаўсюджвання каранавіруса. Аб гэтым ён паведаміў сёння на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Румас прапанаваў абмеркаваць дату і парадак дня маючага адбыцца пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. "У нас шмат пытанняў, мы даволі доўга не збіраліся ў вочным рэжыме. Таму трэба абмяняцца планамі", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Папярэдне ў парадак дня саюзнага Саўміна ўключана 19 пытанняў, але ёсць пажаданні дабавіць пункты, сказаў Рыгор Рапота.
"Сітуацыя з пандэміяй каранавіруса ўнесла свае карэктывы, таму важна даведацца ваша меркаванне, якія ў нас ёсць магчымасці сустрэцца для вочнага абмеркавання пытанняў", - дадаў кіраўнік урада. Беларускі бок хацеў бы ўключыць некалькі пытанняў. "Напэўна, было б правільна больш цесна каардынаваць дзеянні ў сувязі з гэтай сітуацыяй (каранавірусам. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў Сяргей Румас.-0-