Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лістапада 2019, 15:18

Румак: пакуль толькі 60 працэнтаў людзей з інваліднасцю, якія маюць рэкамендацыі да працы, працуюць

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапрацоўваюцца механізмы па пашырэнні магчымасцей для працаўладкавання людзей з інваліднасцю, але не менш важны крытэрый - іх уласнае жаданне працаваць. Такое меркаванне намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак выказаў карэспандэнту БЕЛТА на палях мерапрыемства рэспубліканскай кампаніі "Інклюзіўнае грамадства: інвестыцыі ў будучыню" ў Мінску.

"З амаль 570 тыс. інвалідаў, якія пражываюць у Беларусі, каля 200 тыс. чалавек знаходзяцца ў працаздольным узросце. З іх прыкладна 113 тыс. па стане здароўя могуць працаваць - яны маюць адпаведныя рэкамендацыі МРЭК. Гэта, вядома, права кожнага чалавека з інваліднасцю выбіраць, ці хоча ён выкарыстаць гэту магчымасць. Але магу сказаць, што працуюць 60 працэнтаў людзей, якія маюць рэкамендацыі МРЭК", - сказаў Аляксандр Румак.

Каб чалавек мог сябе рэалізаваць, у праекце закона "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі" прадугледжваюцца пэўныя механізмы. У іх ліку - кватаванне рабочых месцаў. Гэта значыць прадпрыемству, зыходзячы з колькасці работнікаў, будзе даводзіцца квота на працаўладкаванне інвалідаў. Паводле слоў Аляксандра Румака, у многіх еўрапейскіх краінах распаўсюджана практыка ўключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў звычайныя працоўныя калектывы - як для іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства, так і для змянення стаўлення грамадства да такіх людзей.

Кватаванне рабочых месцаў - толькі адна з шэрага навацый, прапісаных у дакуменце, які, як чакаецца, стане важным элементам Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025 гады. "Законапраект ва ўстаноўленым парадку ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні, - растлумачыў Аляксандр Румак. - Гэта значыць, будзе разглядацца парламентарыямі ў новым складзе. Калі ўнесеныя на сесіі прапановы будуць падтрыманы Палатай прадстаўнікоў, то магчымы змяненні ў бягучым варыянце законапраекта".

Прыняцця гэтага дакумента асабліва чакаюць грамадскія аб'яднанні інвалідаў, такія як ГА "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку". "У законапраекце добра сістэматызаваны пытанні, звязаныя з абавязацельствамі дзяржавы ў адносінах да людзей з інваліднасцю па зроку. Напрыклад, атрыманне імі адукацыі, працаўладкаванне. З'яўляецца магчымасць недзяржаўнаму сектару займацца рэабілітацыяй інвалідаў на прафесійным узроўні і атрымліваць з бюджэту грошы на гэтыя мэты. Уводзіцца паняцце "дыскрымінацыя". Можа, не зусім у тым варыянце, як мы прапаноўвалі спачатку, але гэта ўжо важны крок. Вядома, заўсёды хочацца большага. І мы будзем працаваць ужо з новым парламентам і ўносіць прапановы, якія не прайшлі на пагаджальных камісіях", - адзначыў намеснік старшыні цэнтральнага праўлення БелТІЗ Міхаіл Антоненка.

Ён падзякаваў за актыўную падтрымку галоўнаму партнёру - Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, а таксама выказаў надзею, што ведамствы, якія раней не мелі непасрэдных адносін да работы з людзьмі з інваліднасцю (праваахоўныя органы, праектныя інстытуты, будаўнічыя), пойдуць на дыскусію і ўзаемаадносіны ў прававым полі. З прыняццем закона з'явіцца сур'ёзная юрыдычная аснова для гэтага. "І мерапрыемствы нашай кампаніі якраз нацэлены на гэта - каб спецыялісты з розных сфер атрымлівалі інфармацыю з першых вуснаў аб тым, хто такія людзі з інваліднасцю, якія іх патрэбы, як з імі працаваць", - сказаў Міхаіл Антоненка.

Грамадскае аб'яднанне "БелТІЗ" пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па 5 снежня ўключна праводзіць рэспубліканскую адвакацыйную кампанію "Інклюзіўнае грамадства: інвестыцыі ў будучыню". Кампанія стартавала ў Брэсце і праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны прыкладна па аднолькавым сцэнарыі: дыскусійная панэль, навучанне ў дзвюх рабочых секцыях ("Даступнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю па зроку" і "Этыка стасункаў і правілы камунікацыі з людзьмі са слабым зрокам") і невялікі канцэрт людзей з інваліднасцю па зроку.

"Тыя, хто прыходзіць на мерапрыемствы кампаніі, застаюцца задаволеныя, што атрымалі інфармацыю з першых вуснаў. Магу з гордасцю сказаць, што БелТІЗ - даволі кампетэнтнае аб'яднанне ў пытаннях камунікацыі, даступнасці асяроддзя для людзей з інваліднасцю па зроку, а таксама ў пытаннях удасканалення ўзаемадзеяння ў грамадстве. Для любой арганізацыі, якая хоча быць сучаснай і рухацца па шляху інклюзіі, наш вопыт карысны", - рэзюмаваў Міхаіл Антоненка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі