Сцяг Субота, 21 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 мая 2025, 15:37

Румак на ўскладанні кветак да манумента Перамогі: байцы больш як 70 нацыянальнасцей вызвалялі Беларусь ад ворага

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі розных канфесій, якія пражываюць у Беларусі, усклалі кветкі да манумента Перамогі напярэдадні 80-годдзя Перамогі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак расказаў, што ўскладанне кветак папярэднічае пасяджэнню Кансультатыўнага міжканфесійнага савета. "Мы аддаём даніну памяці людзям, якія забяспечылі сённяшняе мірнае жыццё, - азначыў ён.- Беларусь адносна невялікая краіна, але ў ёй пражываюць людзі больш як 150 нацыянальнасцей і амаль 25 канфесій і рэлігійных аб'яднанняў. Гэтыя дні - святыя для кожнага беларуса".
 
Ён нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь вызвалялі прадстаўнікі больш як 70 нацыянальнасцей. "У акопах былі людзі рознага веравызнання, поплеч яны змагаліся з ненавісным ворагам. Таму памяць пра гэтых герояў свяшчэнная для кожнага чалавека", - сказаў Аляксандр Румак.

Ушанаваць памяць продкаў прыйшоў Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч. Ён сам нарадзіўся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і ў памяці пра дзяцінства дагэтуль захоўваюцца страшныя карціны трагедыі: пажары, смерці, хаванне ў акопах з сям'ёй, зверствы фашыстаў. "І гэта ўсё паўплывала на маё далейшае жыццё. Я заўсёды з вялікім хваляваннем прыходжу на Плошчу Перамогі. Тут кожны праходзіць сваё выпрабаванне на патрыятызм, грамадзянскасць і маральнасць", - адзначыў ён.

Абу-Бекір Шабановіч падкрэсліў, што мусульмане вельмі шануюць памяць воінаў, якія абаранялі нас і здабывалі свабоду. "Вельмі важна і сёння быць перашкодай неафашызму і нацызму, якія прадаўжаюць свае крывавыя планы, - адзначыў ён. - Важна перадаць моладзі і дзецям запаветныя мары нашых продкаў - жыць у міры".

Ва ўсіх мусульманскіх арганізацыях і абшчынах чырвонай ніткай праходзіць тэма захавання памяці - праводзяцца дні памяці, сустрэчы са школьнікамі. "Менавіта на прыкладзе такіх падзей выхоўваюцца высокія маральныя пачуцці грамадзяніна - патрыятызму у працы, паводзінах, сямейных адносінах і адносінах да бліжняга", - адзначыў Абу-Бекір Шабановіч.

Старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання Артур Ліўшыц расказаў аб значэнні Дня Перамогі для іўдзееў: "Іўдзеі і яўрэі Беларусі не па чутках ведаюць, што такое трагедыя, халакост і генацыд. У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі было знішчана каля 1 млн яўрэяў. Дзень Перамогі для нас асаблівая дата, якая дала нам свабоду і будучыню. Важна помніць аб гэтым, таму што без мінулага ў нас няма будучыні. Калі мы не будзем захоўваць сваю спадчыну, помніць важныя даты і вучыць гісторыю, то ў нас не будзе ніякай будучыні. Мы як канфесія стараемся захоўваць гэту спадчыну, напрыклад, публікуючы кнігі. Мы робім усё магчымае, каб людзі даведаліся пра тую трагедыю, што адбылася ў час Вялікай Айчыннай вайны на нашай тэрыторыі", - сказаў ён.

Артур Ліўшыц таксама дадаў, што аб'яднанне супрацоўнічае з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. "Мы аказваем садзейнічанне ў пошуку інфармацыі аб ваенных злачынцах. Нядаўна прайшоў суд над карнікам Сямёнам Серафімовічам. Гэта вялікая справа, і мы рады, што прымалі ўдзел і знайшлі дакументы. На жаль, не заўсёды палітыкі могуць дамовіцца, але рэлігія па-за палітыкай. Мы пастараліся праз нашых партнёраў у Вялікабрытаніі, Канадзе і Ізраілі прадаставіць дакументы і тым самым дапамагчы суду вынесці справядлівы вердыкт і даказаць злачынства. Гэта яшчэ адзін маленькі ўклад у будаўніцтва будучыні", - расказаў старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання.

Аб'яднанне актыўна працуе над павышэннем інфармаванасці аб ролі яўрэяў у Другой сусветай вайне, расказваючы, што яны нараўне з іншымі набліжалі Перамогу. "Столькі яўрэяў змагаліся. Яны былі ў Савецкай арміі і дайшлі да Берліна, удзельнічалі ў партызанскім руху. Яны дапамагалі, не дзялілі сябе на яўрэяў і неяўрэяў. Гэта быў вялікі міжнацыянальны атрад супраціўлення, які змагаўся з нацыстамі за нашу краіну", - сказаў Артур Ліўшыц.

Удзел ва ўскладанні прыняў і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Іосіф Станеўскі. "У такія дні пераплятаюцца жалоба, таму што мы помнім тых, хто загінуў, і таксама гонар, таму што нашы продкі, дзяды і прадзеды здолелі перамагчы. Мы ўдзячны ім за тое, што жывём у гэтай цудоўнай краіне - Беларусі. Мы не можам забыць, таму што калі мы не ведаем мінулага, то як ісці ў будучае. І ў гэты час бог выбраў нас, каб мы былі сувязным звяном. Важна, каб у нашай адзінай беларускай сям'і была з'яднанасць, памяць і гонар", - сказаў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі