Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 чэрвеня 2020, 13:09

РІКВ: пры правядзенні ЦТ будуць выкананы ўсе санэпідпатрабаванні

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры правядзенні ЦТ будуць выкананы ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, заявіла сёння журналістам намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля Вайцяховіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы дакладна ўсведамляем, што ЦТ - гэта экзамен з высокімі стаўкамі. Таму заўсёды асаблівая ўвага ўдзялялася падбору арганізацыйнай камісіі і падбору аўдыторыі для таго, каб абітурыентам было камфортна працаваць над тэстам. У гэтым годзе патрабаванні ўзмоцнены. Датычацца яны ў першую чаргу рассадкі абітурыентаў. Яна будзе з захаваннем дыстанцыравання не менш за 1 м. Гэта, зразумела, запатрабавала задзейнічаць даволі вялікую колькасць дадатковых аўдыторый. Акрамя таго, у кожнай аўдыторыі павінна праводзіцца дасканалае прыбіранне з прымяненнем дэзынфіцыруючых сродкаў. Абавязкова наяўнасць антысептыкаў у кожным пункце тэсціравання. Прычым каля ўвахода ў пункт, каля ўвахода ў аўдыторыю і ў самой аўдыторыі", - расказала Наталля Вайцяховіч.

Паводле яе слоў, арганізатары ЦТ будуць працаваць у масках і пальчатках. "Мы вітаем, калі і абітурыенты будуць выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы. Калі па нейкай прычыне абітурыент забыў сродкі аховы, але жадае імі скарыстацца, у кожным пункце будзе створаны рэзерв", - адзначыла намеснік дырэктара РІКВ.

Наталля Вайцяховіч звярнула ўвагу, што, як і ў ранейшыя гады, прапускны рэжым абітурыентаў у пункт правядзення тэсціравання будзе ажыццяўляцца па дакументах, якія засведчваюць асобу. "Такімі з'яўляюцца: пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца. Трэба заўважыць, з году ў год некаторыя абітурыенты спрабуюць трапіць на экзамен, выкарыстоўваючы вадзіцельскае пасведчанне, іншыя дакументы. Яшчэ раз паўтару, усе астатнія дакументы, акрамя пералічаных, не з'яўляюцца дакументамі, якія засведчваюць асобу", - дадала яна.

Як паведамлялася, ЦТ па беларускай мове адбудзецца 25 чэрвеня, па рускай - 26 і 27 чэрвеня, па грамадазнаўстве - 29-га, па матэматыцы - 1 і 2 ліпеня, біялогіі - 4 ліпеня. ЦТ па замежнай мове можна будзе здаць 6 ліпеня, хіміі - 8 ліпеня, фізіцы - 10 ліпеня, гісторыі Беларусі - 12 ліпеня, геаграфіі - 14 ліпеня, сусветнай гісторыі (навейшы час) - 16 ліпеня.

Рэзервовымі днямі ЦТ па беларускай і рускай мовах зацверджаны 19 і 21 ліпеня. Для грамадазнаўства, матэматыкі, біялогіі, замежных моў (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), хіміі, фізікі, гісторыі Беларусі, геаграфіі, сусветнай гісторыі (навейшы час) рэзервовымі днямі будуць 19 і 23 ліпеня.

Сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання ў пунктах яго правядзення абітурыентам пачнуць выдаваць з 24 ліпеня, тым, хто здаваў ЦТ у рэзервовыя дні, - з 29 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі