Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 ліпеня 2022, 16:36

РЭПАРТАЖ: Два Героі - адна сям'я. Як даяркі маці і дачка сенсацыйна ператварылі ў золата "вялікае" малако

Аўтарскі публіцыстычны праект "Лёсы жанчын - лёс адзінай Беларусі" журналіста, члена праўлення Беларускага саюза жанчын Аліны ГРЫШКЕВІЧ прадаўжаецца ў Год гістарычнай памяці, які праходзіць пад знакам захавання нацыянальнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа.

Праект быў пачаты ў 2021 годзе - у Год народнага адзінства, 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 30-годдзя БСЖ.

Лёсы жанчын як звёны адзінай гісторыі краіны, адзінага лёсу Беларусі, што сціпла, упэўнена і нястомна ствараюць нашы суайчынніцы. Такі лейтматыў праекта, у якім прадстаўляюцца ўнікальныя лёсы розных жанчын, як простых і невядомых раней, так і знакамітых. У кожнай з іх свая жыццёвая дарога, часам вельмі няпростая, але яна звязана са стваральнай працай і патрыятызмам, што фундаментуюць дзяржаву, аб'ядноўваюць грамадства.

Гэты расказ аб унікальнай палескай сям'і ў пяці пакаленнях па жаночай лініі з вёскі Барысы Брэсцкага раёна, у якой два Героі Сацыялістычнай працы - даяркі маці і дачка Лідзія Іванаўна Асіюк і Галіна Фёдараўна Скакун. Факт выключны не толькі для Беларусі, але і для ўсёй постсавецкай прасторы.

Прафесія даяркі перайшла ад маці да дачкі і стала знакавай у іх лёсах, з пакалення ў пакаленне перадаліся не толькі працавітасць, але і шлях да поспеху. Героем Сацыялістычнай Працы ў 1958 годзе стала Лідзія Іванаўна Асіюк (22.02.1920 - 27.12.1984), а праз 30 гадоў - у 1988 годзе - гэта вышэйшая ступень узнагароды за працу была прысуджана яе дачцэ Галіне Фёдараўне Скакун (10.10.1943 - 25.03.2022).

Аб сямейнай дынастыі і аб тым, якой цаной далося "вялікае" малако, расказвае дачка і ўнучка Герояў - 58-гадовая Юлія Дзмітрыеўна СКАКУН, якая жыве ў гэтай жа вёсцы і тым самым доме, дзе жылі яе знакамітыя на ўвесь Савецкі Саюз маці і бабуля. Сама яна прысвяціла жыццё бацькам, захаванню памяці аб Героях, ад якіх атрымала ў спадчыну самаахвярнасць і працавітасць.

Праца - соль зямлі беларускай

Упэўнена, што ў сучасным свеце, які ўсё больш накіраваны ў віртуальную рэальнасць, праўда аб людзях працы павінна гучаць больш моцна і пераканаўча. Сеяць і расціць збожжа, даіць кароў і пячы хлеб - гэта высакародна і важна. У Год гістарычнай памяці хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на традыцыйныя беларускія каштоўнасці - працавітасць і самаахвярнасць, а таксама велічную ролю чалавека-працаўніка і яго безумоўны аўтарытэт у грамадстве.

Сучаснасць кідае нам няпростыя сусветныя і асобасныя выклікі. Мы хвалюемся з-за інфляцыі, дэвальвацыі, эпідэмій, пагроз бяспецы і нестабільнасці ў свеце і ўсё радзей у мітусні будняў усведамляем бездань інфляцыі нораваў, духоўнасці ў сусветнай супольнасці з далёка ідучымі наступствамі. На жаль, часта дабрабыт і поспех ужо не звязваюць з карпатлівай працай.

На жаль, але меркай жыцця сталі лайкі ў фэйсбуку, наведванні, блогі, актыўнасць у сацсетках. Проста канстатацыя: псеўдапапулярнасць і псеўдаідэалы ўсё больш напаўняюць галовы юных, якія якраз і павінны прывучацца да працы, выхоўвацца на прыкладах гераізму і спасцігаць мудрасць сваіх бацькаў, дзядоў і прадзедаў.

Часам задумваюся: як мала сёння мы чуем жыццесцвярджальных расказаў пра чалавека працы - даярку і жывёлавода, камбайнера і фермера. Пра тых, хто стварае для ўсіх нас рэальныя даброты і дзякуючы каму ў нас на стале ёсць хлеб і масла, малако і мяса, сыр і тварог. Мы ўспрымаем гэта як данасць. Але ж у буханцы хлеба і пакеце малака - праца вялізнай колькасці сельскіх працаўнікоў. Можа, мы перасталі іх цаніць належным чынам, забываем гаварыць аб іх гучна і звонка, як яны таго заслугоўваюць?

IT-тэхналогіі, мэсэнджары, камп'ютарныя гульні і штучны інтэлект - гэта, вядома, здорава і гэта непазбежная сучасная рэальнасць, якая заўтра абавязкова стане яшчэ больш неардынарнай і фантастычнай, але... толькі пры ўмове мірнага і сытага цывілізаванага жыцця. А таму не трэба забываць пра чалавека працы, які сваёй штодзённай дзейнасцю забяспечвае нас прадуктамі харчавання і ў жыцці дзяржавы адыгрывае базавую, асноватворную ролю.

Цікава, у цяперашняе стагоддзе інфармацыйных тэхналогій ці шмат дзяўчат і юнакоў мараць стаць даяркамі, цялятніцамі, трактарыстамі і камбайнерамі - тымі, хто будзе забяспечваць харчовую бяспеку? Не ўпэўнена... Хутчэй, у юных галовах лунаюць мары стаць айцішнікамі, блогерамі, дырэктарамі, касманаўтамі і абавязкова вельмі багатымі, і абавязкова каб усё і адразу.

Між тым менавіта ў рабочых прафесіях - залог нашай паспяховай будучыні, у іх шмат магчымасцей для высокіх дасягненняў, такіх як у працоўнай, легендарнай для Беларусі дынастыі Герояў Сацыялістычнай Працы - Лідзіі Іванаўны Асіюк і Галіны Фёдараўны Скакун. Краіне, у якой ёсць такія сем'і і такія Героі, усе астатнія могуць толькі пазайздросціць.

Цяпер усё механізавана, рабатызавана і ручная праца зведзена да мінімуму, усё значна прасцей, лягчэй для даярак, усіх жывёлаводаў, аднак дабіцца 8-тысячных надояў па-ранейшаму складана (сярэдні надой малака ад каровы ў 2021 годзе па краіне складаў 5,3 тыс. кг). А простым палескім жанчынам яшчэ ў папярэднім (20-м) стагоддзі ўдалося дасягнуць такіх высокіх вынікаў, якія праславілі іх на ўвесь Савецкі Саюз.

Дык у чым жа сакрэт "вялікага" малака? І якія яны, гераіні "вялікага" малака?

Дачка і ўнучка Герояў Юлія Дзмітрыеўна

...Юлія Дзмітрыеўна сустракае мяне каля веснічак таго самага дома ў Барысах. Гэта сямейнае гняздо быццам увабрала сямейную аўру і энергетыку пяці пакаленняў сям'і.

Падворак патанае ў зелені і кветках. І дом, і веснічкі пазнаюцца па чорна-белых газетных фота. Паколькі шматлікія фатаграфіі, у тым ліку паўвекавой даўнасці, на якіх адлюстраваны Героі Сацыялістычнай Працы, абляцелі ўсе рэспублікі былога Савецкага Саюза - яны тады былі надрукаваны ва ўсіх цэнтральных саюзных газетах.

Юлія Дзмітрыеўна - чалавек сціплы і далікатны. У ёй адчуваецца сапраўдная вясковая інтэлігентнасць, тонкасць душы. Яна з цеплынёй расказвае аб сваёй працавітай і пры гэтым вельмі сціплай сям'і, у якой праца, прыстойнасць і міласэрнасць заўсёды былі галоўнымі жыццёвымі арыенцірамі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Жанчына нікуды не выязджала з роднай зямлі, роднага дома ў Барысах, з дзяцінства жыве ў ім.

Герой Сацыялістычнай працы Лідзія Іванаўна Асіюк

Пра сваіх бабулю і маці Юлія ўспамінае з вялікай любоўю.

Сваё апавяданне пра сям'ю па жаночай лініі яна пачынае яшчэ са сваёй прабабулі - Пелагеі Пракопаўны, успаміны аб якой звязаны са школьным часам. Сваю праўнучку яна называла Юленька-зорачка. Запомнілася, што ў яе гутарковай беларускай мове ўперамешку ўжываліся ўкраінскія і польскія словы, таму што граніца з Украінай і Польшчай знаходзіцца літаральна побач з вёскай, прыкладна за 3 км.

Мама Пелагея Прокопаўна з дачкой Лідзіяй Іванайўнай Асеюк (справа налева)

"Добрай была да людзей, да ўсяго жывога, ні грама зла не трымала ў сваім сэрцы і ўчынках ні да сваіх, ні да чужых і вельмі была працавітая", - успамінае аб прабабулі Юлія Дзмітрыеўна.

Чатыры жаночыя пакаленні на адным фота - Пелагея Пракопаўна, Галіна Фёдараўна Скакун з маленькай дачкой Юліяй і Лідзія Іванаўна Асіюк (справа налева)

Такая сусветная дабрата, а таксама праца сталі галоўнай філасофіяй жыцця для ўсіх наступных пакаленняў у сям'і Пелагеі - гэтыя каштоўнасці сталі асновай лёсаў яе дачкі Лідзіі Іванаўны Асіюк, унучкі Галіны Фёдараўны Скакун, праўнукаў Юліі Дзмітрыеўны і Віктара Дзмітрыевіча Скакун, а таксама цяперашніх юных пакаленняў - прапраўнукаў Аксаны і Ігара, прапрапраўнукаў Ільі, Ульяны і Ясеніі. Тут магутная сувязь і пераемнасць пакаленняў.

Бабуля Ліда

Юлія добра памятае тую непаўторна цудоўную пару дзяцінства, у якім Лідзія Іванаўна Асіюк, а для яе проста бабуля, была самым галоўным і аўтарытэтным чалавекам у сям'і і, вядома ж, у мясцовым калгасе.

Лідзія Іванаўна Асіюк, в.Барысы 17 кастрычніка 1973 г.

Нарадзілася будучы Герой Сацыялістычнай Працы 22 лютага 1920 года, з малых гадоў спазнала цяжкую вясковую працу. Пад наглядам маці Пелагеі расла моцнай, валявой, працавітай і з разуменнем таго, што толькі дзякуючы працы можна чагосьці дабіцца ў жыцці.

Мама Пелагея Пракопаўна з дачкой Лідзіяй Іванаўнай Асіюк (справа налева)

Росквіт маладосці Лідзіі Іванаўны прыпаў на Вялікую Айчынную вайну, як і замужжа, і нараджэнне дачкі Галіны, якая засталася без бацькі ў 11 месяцаў - гадаваць дзіця давялося адной. Ратавалі залатыя рукі майстрыхі Пелагеі Пракопаўны, якая добра шыла на машынцы. Яна абшывала і сваіх, і чужых - яе кашулі і штаны насілі многія ў акрузе - і гэтым хоць крыху зарабляла, што ратавала ад голаду ў вайну.

Можа, гэтыя першыя выпрабаванні ў зусім яшчэ маладым узросце і загартавалі характар будучага Героя Сацпрацы. Аднак у вайну, ды і пасля яе нічога не прадвяшчала, што ў звычайным вясковым доме на краі вёскі, у самай звычайнай сялянскай сям'і ствараецца біяграфія чалавека, які паб'е рэкорды ў малочнай галіне і ўнясе свой уклад у тое, каб праславіць Беларусь на ўвесь Савецкі Саюз.

Тады Лідзія Іванаўна Асіюк была самай звычайнай калгасніцай. Працаўніца-прыгажуня, цемнавокая брунетка, з ганарлівай постаццю, упэўненым і сумленным позіркам, яна адразу выклікала сімпатыю. Яе ўпэўненасць у тым, што ўсё робіць правільна, прываблівала, і вакол яе неяк адразу аб'ядноўваліся такія ж простыя працаўнікі, як яна.

Лідзія Іванаўна працавала да вайны і адразу пасля яе ў агародніцкай брыгадзе, а потым - даяркай у мясцовым калгасе імя Жданава Брэсцкага раёна, цэнтрам якога і была вёска Барысы. Яна лічыла, што галоўнае - працаваць ад душы і з поўнай аддачай.

Калі прыйшла на ферму ў пасляваенны час, у 1948-1949 гадах, там брудна было, парадку ніякага, кармоў каровам не хапала. Спачатку толькі тры каровы за ёй замацавалі, але іх жа карміць трэба, каб малако атрымаць. Пра "вялікае" малако размова тады не ішла, хаця б крыху надаіць.

Жанчына адразу ж па-гаспадарску падышла да пытання. Мала таго, што занялася парадкам у стойлах, дзе стаялі худыя і брудныя каровы, дык яшчэ каля фермы стала разам з іншымі даяркамі саджаць гарбуз, кабачкі, капусту, бульбу на корм жывёлам. З уласнага дамашняга саду яблыкі, бульба і капуста таксама ішлі ў калгас.

Гледзячы на яе стараннасць, упартасць, і іншыя жанчыны пацягнуліся за ёй, імкнуліся гэтак жа рупліва гаспадарыць на ферме. Прыклад Лідзіі Іванаўны быў вельмі паказальным, побач з ёй проста сорамна было гультаяваць. Хоць, вядома, людзі розныя, і не ўсім падабалася заўзятасць маладой даяркі.

Лідзія Іванаўна Асіюк на ферме (злева)

Не ўсё пайшло адразу. Як успамінала потым сама Лідзія Іванаўна, не заўсёды і ў яе была ўпэўненасць, што ўдасца надаіць шмат малака ў тагачасных умовах - у дашчаных хлявах, якія халоднымі восеньскімі начамі прадзімаліся вятрамі і заліваліся дажджамі, а зімой замяталіся снегам, а таксама без пародзістых кароў, без кармоў у дастатковай колькасці.

Аднак вельмі ўжо хацелася маладой даярцы, якая бачыла пакуты і разруху вайны, самой нешта рабіць для калгаса, для аднаўлення краіны, якую яна непарыўна звязвала са сваёй сям'ёй, маці, дачкой. Лідзія Іванаўна марыла, каб яе родныя сталі жыць сытней і лепш. Як яна разумела, гэтага можна было дасягнуць толькі ўласнай працай.

Карова Слаўная

Лідзія Іванаўна расказвала потым унучцы Юліі пра сакрэты "вялікага" малака: "Даіць трэба не два разы ў дзень, а тры-чатыры. Карову чым часцей доіш, тым яна лепш будзе раздойвацца і больш малака даваць. Калі ж яна ацялілася, і яе ўсяго толькі раз-два выдаілі, то яна або захварэе, або запусціцца (прападзе малако), і атрымаецца дуля замест малака".

Што такое тры разы на дзень даіць рукамі карову - гэта з ранішняй зары да вячэрняга месяца на ферме, дома няма калі бываць, не тое што дамашнюю работу весці і дзіця гадаваць.

Таму дачка Галіна расла на руках бабулі Пелагеі Пракопаўны, якая выкладала дзяўчынцы жыццёвыя ўрокі дабра і справядлівасці. Вучыла неяк мякка, незнарок расказвала жыццёвыя гісторыі. Але, вядома ж, самым галоўным быў прыклад маці Лідзіі Іванаўны, на ферму да якой пастаянна бегала Галіна, дапамагаючы, назіраючы і пераймаючы навыкі. З малых гадоў яна ўмела даіць карову, прыбіраць каля яе, каб чысціня і парадак былі там, дзе стаяць жывёлы.

Адну з кароў Лідзіі Іванаўны звалі Слаўная. Вялікая, прыгожая, цёмна-пярэстая, галандскай пароды, прыгнаная з Германіі пасля вайны як трафей. У той час некаторыя бралі такіх пародзістых кароў у асабісты падворак, Лідзія Іванаўна ўзяла для калгаса.

Карова Слаўная стала даваць шмат малака дзякуючы добраму догляду і кармам. Увогуле, хутка даярка з яе высокапрадукцыйнай каровай ператварылася ў мясцовую знакамітасць, пра іх у газетах пачалі пісаць, а ў калгасе Жданава аб гэтай карове Слаўнай хтосьці нават у кнізе напісаў.

Тым часам надоі ў групе кароў Лідзіі Іванаўны паступова станавіліся ўсё большымі. Яе вопытам зацікавіліся ў раёне, потым на рэспубліканскім узроўні.

Сакрэты "вялікага" малака

Пачынаючы з 1950 і прыкладна па 1975 год ёй удавалася атрымліваць вельмі высокія надоі малака. Калі ў 1955-м яна надойвала па 4619 кг малака ад кожнай з 12 кароў у групе, у 1966 годзе гэты паказчык вырас да 7659 кг (тады ў яе было 10 кароў), у 1967 - 7929 кг (10 кароў).

Праславілася Лідзія Іванаўна 8-тысячнымі надоямі. Гэта рэкордная лічба не толькі для тых часоў, але і цяпер не кожная сучасная механізаваная гаспадарка можа пахваліцца такімі вынікамі.

Рэкорды даваліся самаахвярнай працай. Калі да даяркі зачасцілі газетчыкі і тэлебачанне з Мінска і Масквы, то ўсе хацелі даведацца пра сакрэты, ці няма тут якіх чараў або магіі. Журналісты расказвалі, што на прасторах Савецкага Саюза многія даяркі працуюць добра, аднак такіх высокіх паказчыкаў дабіваюцца адзінкі.

Хітрыць Лідзія Іванаўна не ўмела і ўсё як на споведзі расказвала: важна, каб карова стаяла ў чысціні, каб яна не прастуджвалася, не хварэла. У часовых збудаваннях, якія ледзь трымаліся, гэта складана было забяспечыць. Гэта потым ім на змену прыйдуць цагляныя будынкі і транспарцёры для збору гною. А тады ўсё было ўручную.

"Сакрэты былі простымі, - расказвае мне Юлія Дзмітрыеўна, якая памятае і ведае ўсе падрабязнасці поспехаў працоўнай дынастыі сваёй сям'і. - Важна добра карміць карову, не шкадаваць ёй кармоў, таму мы на ферму заўсёды нешта насілі з дому. Часцей даіць, выдойваць дасуха, ні кропелькі малака не пакідаць у вымі. Выдойвалі рукамі да апошняй кропелькі малако. Бабуля Ліда па чатыры разы на дзень даіла высокапрадукцыйных кароў, асабістага часу не шкадавала. Не з васьмі да шасці гадзін працавала - колькі трэба, столькі яна на ферме і была".

"Летам кароў пераганялі з фермы ў спецыяльныя летнія лагеры, на заліўныя лугі да ракі Буг. Гэта побач з польскай граніцай, рукой падаць. Быў час, што пехатой хадзілі да палякаў і яны сюды. Калі вада ў рацэ разлівалася, кароў заганялі на ўзвышша, перачакаць разліў. Прыгажосць у гэту пару была такая, што проста не перадаць словамі. Плавалі мы на лодках, сярод белых гарлачыкаў, лотасаў, як у фільмах, - рамантыка. Заліўныя лугі былі вельмі прыгожыя. Калі прыйшла меліярацыя, прырода змянілася не ў лепшы бок, паўтара года вады ў калодзежах не было. Потым, вядома, і дарогі пабудавалі, усё стала прасцей", - усё гэта Юлія Дзмітрыеўна памятае па расказах бабулі Ліды.

1958 год - Герой Сацыялістычнай Працы

Працаваць даяркай было цяжка, але вельмі прэстыжна і звыкла. Карова ж была ў кожнай дамашняй гаспадарцы, без карміцелькі немагчыма ўявіць тагачасны побыт і жыццё вясковага чалавека.

Лідзія Іванаўна Асіюк дзякуючы ўдарнай працы хутка стала вельмі вядомай. Аднак ніхто не чакаў, што яе працу ацэняць так высока. Сталі сапраўднай сенсацыяй не толькі яе 8-тысячныя надоі, але і ўзровень узнагароды за працу.

18 студзеня 1958 года даярка з Брэсцкага раёна Лідзія Іванаўна Асіюк была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы за выдатныя дасягненні ў развіцці жывёлагадоўлі. Работа простай палескай жанчыны стала ўзорам для многіх у раёне, вобласці, Беларускай ССР і СССР. У модным тады сацыялістычным спаборніцтве на дасягненні беларускай даяркі сталі раўняцца.

У багатым на падзеі грамадскім жыцці Лідзіі Асіюк шмат цікавых фактаў. Яна штогод удзельнічала ва Усесаюзнай выстаўцы ВДНГ, па выніках якіх, бывала, атрымлівала ў падарункі адрэзы на сукенкі, дываны і нават аўтамабіль "Масквіч", выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР і дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Іванаўна Асіюк каля падоранай аўтамашыны "Масквіч" побач з домам у вёсцы Барысы, 17 кастрычніка 1973 года.

Сапраўдны працоўны лідар - Лідзія Іванаўна на рабоце спраўлялася так, што многія проста дзівіліся, і грамадскія нагрузкі былі такімі, што ведалі яе не толькі ў Беларусі, а нават у кіраўніцтве тагачаснага СССР. Гэта простая беларуская жанчына часта засядала ў прэзідыумах розных пасяджэнняў у Маскве.

Масква, 26 мая 1989 г. Дэлегаты з'езда народных дэпутатаў СССР з Брэсцкай вобласці

Біяграфію сваёй праслаўленай бабулі Юлія Дзмітрыеўна ведае добра і расказвае пра яе падрабязна. Успамінае такі выпадак. Калі аднойчы Лідзія Іванаўна ездзіла па справах у Маскву, то яе ледзь не забілі. У магазіне яна заўважыла, як мужчына выцягнуў вялікі пачак грошай з касы, калі прадавец адвярнулася. Ён убачыў, што незнаёмая жанчына, а гэта была Лідзія Іванаўна, глядзіць на яго, і схапіў яе за горла, стаў пагражаць нажом, каб маўчала. Але яна паспела паведаміць аб крадзяжы прадаўцу, пазвалі міліцыю...

Хоць, вядома, пераважна апавяданні бабулі пра далёкую Маскву былі ў асноўным прыгожыя і пазітыўныя, яна расказвала, які гэта прыгожы горад, прывозіла заўсёды гасцінцы з саюзнай сталіцы, а гэта ў час татальнага дэфіцыту было вельмі прыемным момантам.

У жыцці Лідзіі Іванаўны было шмат людзей, якім яна дапамагала: камусьці з кватэрай, камусьці з лякарствамі, камусьці з лесам, яна нават уладкоўвала землякоў у крамлёўскую бальніцу, хоць сама ёю так ні разу і не скарысталася.

Калі ў яе нарадзілася ўнучка Юлія, а было гэта ў 1963 годзе, бальніца ў вёсцы была драўляная. Лідзія Іванаўна дабілася, каб пабудавалі новую, і не для сябе старалася, а для ўсіх вяскоўцаў. Яна ніколі не выхвалялася і не казырала, проста дапамагала, паколькі гэта было яе жалезным правілам - дапамагаць людзям.

Аднавяскоўцы ўспамінаюць, што нягледзячы на яе патрабавальны характар, яна была вельмі добрым і спагадлівым чалавекам і ніколі не адмаўляла ў просьбах.

Галіна Фёдараўна Скакун

Мабыць, працоўны ўклад жыцця і нацыянальныя традыцыйныя каштоўнасці ў гэтай простай вясковай сям'і былі наcтолькі магутнымі, што далі магчымасць сфарміраваць і такія моцныя жаночыя характары і лёсы.

Калі ў сям'і з'явіўся першы Герой Сацыялістычнай Працы, ніхто і думаць не мог, што ў гэтым жа сціплым вясковым доме, у гэтых сціплых умовах зараджаецца яшчэ адна залатая зорачка сельскай гаспадаркі.

У 1958 годзе, калі Лідзія Іванаўна стала Героем, яе дачцэ Галіне было ўсяго 15 гадоў. З дзяцінства яна засвоіла матчыну навуку. Калі падрасла, старалася пастаянна быць побач з мамай Лідай - і дома, і на рабоце. Сакрэты "вялікага" малака яна спасцігала не па расказах, а ўжывую, назіраючы што і як робіць мама, якая была для яе нязменным аўтарытэтам.

Галіна расла знатнай прыгажуняй. Цемнавокая, стройненькая, як трысцінка, з добрым норавам, працавітая. Хлопцы на яе заглядаліся, аднак дзяўчына не асабліва сярод іх кагосьці вылучала.

Свой лёс і снежнай дарогай не абыдзеш

...Справа была зімовым днём у 1960 годзе, калі 17-гадовая Галіна ў паліто наросхрыст, расчырванелая ад яркага зімовага сонца і гульні ў снежкі з аднакласнікамі, бегла з партфелем дадому са школы, размешчанай у яе родных Барысах.

Статны юнак у ваеннай форме, праходзячы з сябрамі міма прыгожай дзяўчыны, сказаў між іншым: "Гэта паненка будзе маёй жонкай". Усе пачалі жартаваць, што, маўляў, табе яшчэ даслужыць трэба ў арміі, а потым пра жаніцьбу думаць, і колькіх ты яшчэ сустрэнеш за гэты час.

Аднак Дзмітрый, будучы муж Галіны, слова сваё стрымаў. Адслужыўшы радыстам на аэрадроме ў Польшчы, вярнуўся дадому, не забыўшы пра сваё мімалётнае абяцанне, паколькі вобраз выпадкова спатканай аднавяскоўкі застаўся ў яго ў сэрцы.

Калі вярнуўся з тэрміновай службы, пачаў сустракацца са сваёй выбранніцай, а зусім хутка прыйшоў да мамы Лідзіі Іванаўны і бабулі Пелагеі. Сур'ёзная справа - 18-гадовую юную дзяўчыну, адзіную дачку ў сям'і вядомай даяркі, вырашыў сватаць. "Хачу вашу Галю замуж узяць", - ужо з парога заявіў Дзмітрый строгай маці, не быўшы ўпэўненым у станоўчым адказе, аднак з цвёрдым перакананнем не адступаць ні ў якім разе.

"Ды ёй усяго 18 споўнілася, школу толькі скончыла", - толькі і сказала збянтэжаная ад такога павароту падзей мама Ліда. Пра замужжа сваёй дзяўчынкі яна яшчэ нават не думала. А вось бабулі Пелагеі вельмі спадабалася, што будучы зяць прыйшоў дадому да старэйшых з такой прапановай, значыць, чалавек з сур'ёзнымі намерамі. Дзмітрый быў з вялікай сям'і і прывучаны да павагі старэйшых, што адразу і заўважылі жанчыны.

Бабуля і мама спыталі тады ў Галіны: "А ты сама хоць хочаш за яго замуж?" Яна адказала па-дзіцячы наіўна: "Калі ён мяне кіне, то мне будзе шкада". Гэта і была яе згода. Бабуля Пелагея сказала: "Ну, што ж, тады выходзь за яго замуж".

Галіна і Дзмітрый Скакун

Размоў на той час у вёсцы было хоць адбаўляй - адна дачка ў Асіюк, ды адразу замуж, а маглі б яшчэ пачакаць, пашукаць больш выгадную партыю. Настаўнікі прамым тэкстам гаварылі: што вы сабе думаеце, вы ёй жыццё губіце, рана ёй замуж. Аднак у сям'і не прынята было навязваць сваю волю іншым, нават такім юным дзяўчатам, як іх Галя. У сям'і цвёрда вырашылі - вяселлю быць.

Маладыя сустракаліся зусім нядоўга і 14 кастрычніка 1961 года ў мясцовым клубе ў сваёй жа вёсцы распісаліся. У той дзень дождж ліў як з вядра, а ім гэта было толькі ў радасць - закаханыя, маладыя, яны мокрыя ішлі пехатой з клуба, упэўненыя ў тым, што заўсёды цяпер будуць ісці па жыцці разам пры любым надвор'і. Так яно і адбылося.

Сукенка на нявесце была бялюткая, з моднай тады крэп-жаржэтавай тканіны. Прыгожа па фігуры пашытая, з прыгожымі манжэтамі. Убор гэты доўга захоўваўся ў сям'і, а потым, як шчаслівы сямейны талісман, перадаваўся з рук у рукі мясцовым дзяўчатам - у ім многія замуж выходзілі, як мінімум нявест пяць. Аднойчы, прыкладна ў канцы 90-х, незнаёмая жанчына падышла да Юліі ў магазіне і з гордасцю сказала: я ў сукенцы вашай маці замуж выходзіла.

...Адразу пасля вяселля Дзмітрый пераехаў жыць у дом юнай жонкі. Паколькі Лідзія Іванаўна заўсёды была галоўнай у сям'і, да яе ўсе прыслухоўваліся - як скажа так і будзе, то і зяць успрыняў гэта як належнае. Слова цешчы, якую лічыў другой мамай, для яго стала законам. Са сваім добрым памяркоўным характарам і працавітасцю ён выдатна ўпісаўся ў новую сям'ю, прыняўшы яе традыцыі.

Праз два гады ў іх нарадзілася дачка Юлія, а праз шэсць - сын Віця.

З дзіцячых успамінаў Юліі: калі бабуля Лідзія Іванаўна прыязджала з чарговай паездкі з Масквы, то яна з татам ездзіла яе сустракаць у Брэст на вакзал. Гэта было радаснай і важнай падзеяй у яе дзіцячым жыцці.

Рамантыка вясковага жыцця: раніца пад трэлі салаўя

Па ўспамінах Юліі Дзмітрыеўны, яе мама Галіна Фёдараўна вельмі любіла сваю работу, любіла людзей, з якімі разам працавала.

...Уставала Галіна Фёдараўна яшчэ задоўга да таго, як зачырванее ранішняе неба і першыя пеўні заспяваюць. Умыўшыся халаднаватай калодзежнай вадой, якая дарыла бадзёрасць, упраўлялася перш за ўсё па гаспадарцы, гатавала снеданне для сям'і, напаўняючы дом водарам свежаспечаных бліноў на сырадоі і імчалася на ферму, атрымліваючы задавальненне ад разліваў салаўіных трэляў. Жыццё напаўнялася непаўторнай свежасцю раніцы і радасным чаканнем новага дня.

Свежасць ранішняй расы, пах свежаскошанай травы пад першыя прамяні ўзыходзячага сонца... Рамантыка вясковага жыцця - гэта яднанне з прыродай і арганічнае ў ёй існаванне чалавека. Усё гэта блізка і зразумела таму, хто нарадзіўся на зямлі і па жыцці не страціў з ёй сувязі.

...Дружнае мыканне кароў змяняла карціну салаўінай раніцы на пачатак рабочага дня даяркі.

Наколькі цяжка было атрымаць "вялікае" малако - асобная тэма размовы. Выдаіць карову рукамі або ў сучасных даільных залах з найноўшым абсталяваннем - гэта неба і зямля. Толькі чалавек недасведчаны можа сказаць, што, маўляў, работа даяркі простая і няхітрая. Праца гэта нялёгкая, а тады была і зусім цяжкай, хоць і звыклай для вясковых жанчын, якія спрадвеку бралі на сябе цяжкі груз вясковых клопатаў.

Галіна з 22 гадоў, з 1965 года, працавала жывёлаводам у тым жа калгасе, дзе працавала і яе мама. Само сабой зразумелым было працаваць так, каб маме не было за яе сорамна. Дзяўчына сама лічыла важным дацягнуцца да высокай планкі, пастаўленай ударнай працай мамы.

Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Іванаўна Асіюк і яе дачка Галіна рыхтуюцца да чарговай дойкі кароў у калгасе імя Жданава Брэсцкага раёна

Спачатку Галіна абавязалася надаіць па 4500 кг малака ад кожнай каровы. Абавязацельства сваё выканала, паколькі перш за ўсё хацелася, каб мама пахваліла і ацаніла яе працоўнае імкненне. "Ці думала яна аб тым, каб перасягнуць маму? Не, вядома, проста раўнялася на яе і не хацела адставаць", - гаворыць Юлія Дзмітрыеўна.

"Быў такі выпадак, калі аднойчы з Германіі прыязджаў фермер і прывёз маме ў падарунак цялушку вельмі рэдкай на той час галштына-фрызскай пароды, якая вядома высокімі ўдоямі. І з таго падарунка цэлы статак развялі потым на ферме", - расказвае дачка.

У групе ў Галіны Фёдараўны было да 97 кароў, з іх каля 70 - дойных. Работы - шмат. Муж Дзмітрый Васільевіч вырашыў пакінуць работу на прамкамбінаце і перайсці да жонкі на ферму вадзіцелем.

Сям'я старалася працаваць сумленна: выдаеныя каровы, добрыя кармы (часта з дамашняга агарода), беражлівае стаўленне да жывёл. Вельмі хутка працоўныя дасягненні Галіны Фёдараўны сталі прыкметнымі і на дзяржаўным узроўні, аб чым сведчыць медаль "За працоўную доблесць".

Першы ордэн у 28 гадоў

Свой першы ордэн "Знак Пашаны" Галіна атрымала ў 28 гадоў.

Любоў да працы і пераемнасць лепшых сямейных традыцый - аснова яе ўзнагарод.

У савецкі час прафесіі даяркі і трактарыста былі вельмі паважанымі ў вёсцы. А як інакш, гэта ж людзі, якія закладваюць фундамент харчовай бяспекі. Сацыялістычнае спаборніцтва было гарачым, і бітвы за кілаграмы малака і збожжа разгортваліся не на жарт. Трэба было душу ўкласці, папрацаваць як мае быць і яшчэ свае ўласныя сакрэты майстэрства выпрацаваць, каб атрымаць вынік высокі і прыкметны не толькі ў сваім калгасе, раёне і - бяром вышэй - Савецкім Саюзе.

У працоўным летапісе Галіны Фёдараўны шмат значных падзей: тройчы ўзнагароджвалася залатым медалём ВДНГ СССР, тройчы - сярэбраным і 5 разоў - бронзавым.

У 1978 годзе Галіну Фёдараўну на ВДНГ у Маскве за яе чарговыя малочныя рэкі ўзнагародзілі легкавым аўтамабілем "Масквіч". Па тых часах купіць дэфіцытны легкавы аўтамабіль было амаль тое ж, што цяпер самалёт. А ў якасці падарунка - гэта было ўдвайне прыемна!

Тое цудоўнае фота на фоне новенькага аўтамабіля каля веснічак роднага дома абляцела рэспубліканскія і саюзныя газеты.

Яшчэ праз два гады, у 1980 годзе, беларуская даярка стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР.

Узнагароды не сыпаліся як з рога дастатку, яны даставаліся цяжкай штодзённай працай.

8-тысячны рэкорд мамы яна перасягнула, паставіўшы ўласны рэкорд па надоях 8300 кг малака.

Другі ў сям'і Герой Сацыялістычнай Працы праз 30 гадоў

Пікам працоўнай біяграфіі стаў 1988 год, калі ў верасні прыйшла сенсацыйная навіна - за працоўныя дасягненні ў развіцці жывёлагадоўлі Галіна Фёдараўна Скакун удастоена высокага звання Герой Сацыялістычнай Працы. Для сям'і гэта была, вядома ж, вялікая радасць. Шкада, што за чатыры гады да гэтага пайшла з жыцця Лідзія Іванаўна, не паспеўшы парадавацца за сваю дастойную пераемніцу ў прафесіі, яе дасягненні і ўзнагароды.

Атрымаўшы высокае званне, Галіна Фёдараўна не заганарылася, яна спакойна ўспрымала ўзнагароды, прадаўжаючы працаваць у калгасе ўсё гэтак жа аддана і самаахвярна. Толькі вось усё часцей станавілася ганаровай госцяй на самых розных высокіх саюзных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. З'езды, сесіі, канферэнцыі, сустрэчы з моладдзю. Усё гэта забірала шмат часу.

Масква, 25 мая 1989 г. З'езд народных дэпутатаў СССР. Народныя дэпутаты СССР начальнік цэха Брэсцкага электра-механічнага завода імя 25 з'езда КПСС З.К. Мацяўшук (злева) і аператар машыннага даення з Брэсцкага раёна Г.Ф.Скакун

У яе адсутнасць на ферме працавалі Юлія з братам Віктарам і татам Дзмітрыем Васільевічам. Пакуль яна па пленумах і выстаўках ездзіла, усё ляжала на надзейных плячах мужа, а ён не лічыў ганебным падставіць плячо сваёй любімай жонцы і замяняў яе на ферме і дома.

Ёсць выраз, што за кожным вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына. Але, як паказвае жыццё, за некаторымі вялікімі жанчынамі стаяць не менш вялікія мужчыны. Моцная працавітая сям'я Скакун - прыклад многім.

Галіна Фёдараўна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, дэлегатам IV Усесаюзнага з'езда калгаснікаў. Яна заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна і Ганаровы ветэран Прыбужжа.

Да кар'еры і цёплых кабінетаў не імкнулася

Адзначым, што абодва Героі Сацпрацы ў сям'і былі беспартыйнымі. Галіне Фёдараўне не аднойчы рэкамендавалі ўступаць у рады Камуністычнай партыі, абяцаючы, што гэта адкрые дзверы для многіх пасад, аднак яна аднеквалася: мне гэта не трэба, не маё гэта.

У савецкі час даяркі-рэкардсменкі карысталіся сапраўднымі славай і пашанай. Іх слова гучала з высокіх трыбун у Мінску і Маскве. Іх па імёнах ведалі высокія чыноўнікі, а таму простыя вясковыя жанчыны, атрымаўшы адпаведную адукацыю, цалкам маглі апынуцца на высокіх пасадах. Але Галіна Фёдараўна, як і яе маці Лідзія Іванаўна, не імкнулася да кар'еры і проста добрасумленна працавала. Не прываблівалі яе цёплыя кабінеты.

Любімыя муж і дзеці, напоўнены магутнай сямейнай энергетыкай дзедаўскі дом, свежасць ранішняй расы і салаўіныя трэлі, зімовыя снегапады і завірухі, пах восеньскага саду са спелымі духмянымі яблыкамі - усё гэта грэла яе душу і напаўняла сэрца любоўю да зямлі, да родных мясцін.

Толькі двойчы яе ўгаварылі выехаць за межы Савецкага Саюза. Паехаць за мяжу тады было справай няпростай, аднак ёй як перадавой даярцы прапаноўвалі паездкі па абмене вопытам за мяжой, ад якіх яна ўпарта адмаўлялася, лічачы страчаным час далёка ад роднай сям'і, фермы і мілай сэрцу прыроды.

З'ездзіла яна адзін раз у камандзіроўку ў Чэхаславакію і адзін раз у Польшчу, засталася задаволеная, але гаварыла, што вельмі сумавала па ўсіх сваіх. І больш выязджаць некуды за мяжу катэгарычна адмовілася.

Гісторыя аднаго крамлёўскага фота і асфальтавай дарогі ў вёсцы

Лідзія Іванаўна была дэлегатам III з'езда калгаснікаў, а Галіна Фёдараўна - IV з'езда калгаснікаў у Маскве ў 1988 годзе (за некалькі месяцаў да прысваення ёй Героя).

Юлія ўспамінае гісторыю адной фатаграфіі з сямейнага фотаальбома, на якой у крамлёўскай зале ў шэрагу дэлегатаў IV з'езда калгаснікаў з розных рэспублік СССР яе мамы няма. Тады Галіна Фёдараўна прамяняла ўрачыстае пафаснае фатаграфаванне на тое, каб скарыстацца момантам знаходжання ў Крамлёўскім палацы і трапіць на прыём да сакратара ЦК КПСС, члена Палітбюро - Ягора Лігачова, які ў той час яшчэ і нейкую звязаную з сельскай гаспадаркай камісію ўзначальваў. Справа была надзвычайнай важнасці - звярнуцца з просьбай пракласці асфальтавую дарогу па сваёй роднай вёсцы Барысы.

Ягор Лігачоў быў вельмі здзіўлены візітам простай беларускай калгасніцы: "Як гэта, простая даярка з Беларусі да мяне ў кабінет сама прыйшла, ды яшчэ прасіць не за сябе, а за вёску?" Галіна Фёдараўна нават не ведала, як рэагаваць…

А ў гэты час удзельнікі сходу пазіравалі перад фотакамерай, каб павезці з сабой на памяць у розныя рэспублікі Савецкага Саюза такое рэдкае фота.

Галіне Фёдараўне таксама гэта фатаграфія дасталася. Да гэтага часу яна захоўваецца ў сямейным фотаальбоме, як напамін аб той крамлёўскай гісторыі. Застаўся ў памяць ад з'езда і ручны гадзіннік, які стаў сямейнай рэліквіяй і дакладна адлічвае імклівы бег часу.

Візіт да Лігачова быў удачным: высокі крамлёўскі чыноўнік слова сваё стрымаў - прыкладна праз паўтара-два гады асфальтавая дарога была пракладзена праз вёску. Вось такі падарунак аднавяскоўцы атрымалі дзякуючы Герою Сацыялістычнай Працы.

Ці памятаюць аб гэтым мясцовыя жыхары - не ведаю. Ва ўсякім разе пры жыцці Галіна Фёдараўна хваліцца гэтым не любіла. Як чалавек сціплы, яна лічыла гэта звычайнай справай - дапамагаць людзям, як гэта рабіла і яе знакамітая мама.

Між тым, дамачадцы ўспамінаюць, што для вырашэння грамадскіх пытанняў часта з дамашняга падворка з Барысоў "ад'язджалі" ў сталіцы каўбаскі, "кумпячкі", "вяндліна".

Юлія - захавальніца гераічнай сямейнай гісторыі

Юлія Дзмітрыеўна нарадзілася 21 снежня 1963 года. Колькі сябе памятае, яна была на ферме, побач з бабуляй і мамай.

"Калі я не дома, то на ферме. Ніхто не прымушаў мяне туды ісці, проста хацелася дапамагчы, каб ім было лягчэй, - расказвае жанчына. - Я любіла ў дзяцінстве насіць татаву ваенную фуражку і ў ёй хадзіла на ферму. Мяне пыталі, хлопчык, ты чый? Зразумела, што дзіця гадоў пяці ў штанах і фуражцы прымалі за хлапчука. Горда адказвала - я ўнучка бабулі Ліды".

"У нашай сям'і галоўнымі былі сумленнасць, працавітасць, упартасць і дабрата, і каб усё сумленна рабілася. І гэта выяўлялася літаральна ва ўсім, - прадаўжае яна. - Не было ніякага сюсюкання тыпу "мусі-пусі", аднак мы з братам заўсёды адчувалі за сабой жалезную падтрымку бабуль і мамы".

Яна расла ў сям'і разам са старэйшым братам Віктарам, які цяпер працуе вадзіцелем. Дружна жылі ў дзяцінстве, дапамагаючы адзін аднаму. Дружна жывуць і цяпер, у суседніх вёсках.

Бабуля з мамай не хацелі, каб Юлія сваё жыццё звязала з сельскай гаспадаркай, жадалі каб прафесія была не такой цяжкай. Таму вучыцца яна пайшла ў 1981 годзе ў Гродзенскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, хоць са сваім амаль выдатным школьным атэстатам (адзіная чацвёрка была па фізкультуры) магла паступіць у любы інстытут. Але ні аб чым яна не шкадуе.

"26 гадоў я прапрацавала ў гандлі, побач, у пасёлку Дамачава. Добра памятаю 90-я гады, калі на прылаўках магазінаў - пустата. Даводзілася літаральна змагацца за тое, каб у магазін накіравалі тавары. Калі адзін халадзільнік і адзін тэлевізар паступаў, то іх па разнарадцы аддавалі ў школу і бальніцу. Час такі быў, добра, што потым, у постсавецкі перыяд, усё наладзілася ў краіне, зарабілі вытворчасці, магазіны таварамі запоўніліся", - расказвае Юлія Дзмітрыеўна.

Вось толькі асабістае жыццё не склалася - неяк так атрымалася, што ў вёсцы выходзіць замуж не было за каго... Потым, калі Юлія скончыла тэхнікум, цяжка захварэла бабуля Ліда, і самым важным было дастойна дагледзець яе ў старасці. Потым яна даглядала хворую маці. Цяпер важная частка яе жыцця - бацька, які перанёс інфаркт і якога яна таксама даглядае.

Часта ў госці заглядае брат, а таксама яго дзеці - сын Ігар, дачка Аксана і ўнукі - сямігадовы Ілья, трохгадовая Ульяна і Ясенія, якой амаль адзін год.

Праўнукі і прапраўнукі Герояў Сацыялістычнай Працы растуць добрымі людзьмі. Працавітасць і добрасумленнасць перадалася праўнукам Ігару і Аксане. Іх дзяцінства прайшло ў гэтым жа доме ў Барысах, і яны бачылі як жывуць іх бабулі, дапамагалі ва ўсім. Іх ніхто гэтаму асабліва не вучыў, але з дзяцінства ўсе лепшыя якасці перанялі ад старэйшых.

"Цяпер многія сваіх дзяцей засцерагаюць ад усяго. Але ж калі іх не адхіляюць ні ад радасці, ні ад бяды, калі прыклад старэйшых у наяўнасці, то і тлумачыць не трэба, усё само сабой закладваецца", - разважае Юлія Дзмітрыеўна.

Яна марыць, каб усе яе родныя былі здаровыя, каб быў мір на роднай і прыгожай беларускай зямлі, каб сапраўды беларускія традыцыі працавітасці і любові да роднай зямлі перадаваліся і далей з пакалення ў пакаленне, ствараючы аснову для стабільнай і багатай Беларусі.

...А я, ад'язджаючы з Барысоў, падумала: як важна было б увекавечыць для нашчадкаў памяць пра беларускую жаночую працоўную дынастыю Герояў Сацыялістычнай Працы ў кнізе або мастацкім фільме, у помніку, скверы або музеі, каб не сцерліся з памяці ўнікальныя жаночыя лёсы, уплеценыя ў працоўную гісторыю Беларусі.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

фота аўтара, а таксама з сямейнага архіва Скакун і БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі