Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 лістапада 2024, 15:05

Рэкордная колькасць каманд зарэгістравалася на гарадскі квест "Гэта ўсё маё роднае" ў Пінску

9 лістапада, Пінск /Кар. БЕЛТА/. Рэкордная колькасць каманд зарэгістравалася на гарадскі квест "Гэта ўсё маё роднае", які праходзіць у Пінску ў час рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гарадскі квест праводзяць у кожным горадзе, дзе робіць прыпынак марафон. "Для кожнага горада рыхтуем пытанні, якія датычацца гісторыі, культуры, славутасцей непасрэдна таго горада, куды мы прыязджаем. Станцыя "Мой горад" у кожным горадзе адрозніваецца. Адрозніваецца і актыўнасць. Пінчане нас здзівілі. Чацвёрты горад, куды мы прыехалі, і зарэгістравана на пачатак больш за 50 каманд, калі гаварыць дакладна, то 53. Гэта самая вялікая колькасць на сённяшні дзень. А наогул, калі гаворым пра ўсе чатыры гарады, то больш за 165 каманд агульнай колькасцю звыш 1,2 тыс. чалавек паўдзельнічалі ў квесце", - расказаў другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Іваненка. 
Квест "Гэта ўсё маё роднае" ў Пінску сабраў удзельнікаў каля лядовай арэны. Камандам прапаноўвалася загадзя зарэгістравацца і выканаць дамашняе заданне. Трэба было зрабіць фота сваёй каманды на фоне Музея Беларускага Палесся і зняць невялікі ролік з прызнаннем у любові Пінску на фоне чыгуначнага вакзала. За гэта налічаны бонусныя балы. Цікавасць да праекта праявілі не толькі школьнікі, навучэнцы каледжаў і ліцэяў і студэнты. Вялікую актыўнасць выказваюць працуючыя у розных сферах маладыя людзі. Да квеста далучыліся не толькі пінчане, свае каманды сабралі і прадстаўнікі бліжэйшых раёнаў. 

Для ўдзельнікаў падрыхтавалі дзесяць станцый. Пытанні, напрыклад, датычацца гісторыі Беларусі і Пінска, цікавых фактаў пра краіну, знакамітых людзей, дасягненні. "Квест "Гэта ўсё маё роднае" даволі ўнікальны праект з адсылкай на цікавую гульню, у якой завязана ўся каманда. Гэта ўсё ж такі спаборніцтвы, ёсць лепшы, ёсць пераможца. Хоць станцый не так шмат, але за гэты час удзельнікі паспеюць праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці, адказаць на пытанні. Акрамя таго, яны паслухаюць вядомыя музычныя кампазіцыі беларускія, патанцуюць, на станцыі "Смачна есці" азнаёмяцца з беларускай кухняй. Думаю, абавязкова пакінуць сабе на памяць нейкія рэцэпты", - прывёў некалькі прыкладаў Аляксандр Іваненка. 
Пераможцаў чакаюць прызы ,а таксама запрашальныя білеты на канцэрт "Час выбраў нас!".

Дарэчы, арганізатары ўжо рыхтуюць дамашнія заданні, пытанні для квестаў, якія пройдуць у наступных гарадах на маршруце "Марафону адзінства".-0-
Рэспубліканская акцыя
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі