13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палажэнне аб парадку арганізацыі і ажыццяўлення рэйтынгавай дзейнасці зацверджана пастановай Нацыянальнага банка ад 12 жніўня 2019 года нумар 325, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Палажэннем вызначаны прававыя асновы рэйтынгавай дзейнасці і дзейнасці рэйтынгавых агенцтваў у Беларусі. У тым ліку ўстаноўлены патрабаванні для ўключэння ў рэестр рэйтынгавых агенцтваў, патрабаванні да органаў кіравання і кантрольнага органа рэйтынгавага агенцтва, раскрыцця інфармацыі, захаванасці і абароны інфармацыі, атрыманай у працэсе дзейнасці рэйтынгавага агенцтва.
Згодна з палажэннем, рэйтынгавае агенцтва ствараецца ў форме гаспадарчага таварыства. Яно аказвае як паслугі, звязаныя з крэдытнымі рэйтынгамі, так і дадатковыя паслугі (па складанні прагнозаў кан'юнктуры на розных сегментах рынку, ацэнцы дзейнасці арганізацый, ацэнцы і аналізе эканамічных тэндэнцый, даследчыя паслугі па патрабаванні кліентаў і інш.).
Разам з тым з рэйтынгаваму агенцтву забаронена аказваць кансультацыйныя паслугі, а таксама сумяшчаць рэйтынгавую дзейнасць на тэрыторыі Беларусі з іншымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці.
На афіцыйным сайце Нацыянальнага банка будуць размешчаны нарматыўныя прававыя акты аб рэйтынгавай дзейнасці, інфармацыя з рэестра рэйтынгавых агенцтваў, спасылкі на афіцыйныя сайты рэйтынгавых агенцтваў у інтэрнэце.
Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2020 года.-0-