ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 21 студзеня 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 студзеня 2021, 17:33

Развітацца з мітрапалітам Філарэтам у Мінскім Святадухаўскім Кафедральным саборы можна да 18.00 14 студзеня

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развітацца з мітрапалітам Філарэтам, ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі можна да 18.00 14 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў сінадальным інфармацыйным аддзеле БПЦ.

У Мінскім Святадухаўскім кафедральным саборы арганізавана бесперапыннае чытанне клірыкамі Мінскай епархіі Евангелля і служэнне памінальных богаслужэнняў па новаспачыламу. "Дзверы храма для развітання са спачылым будуць адкрыты ўсю ноч. Для таго каб кожны з прыйшоўшых мог з усёй царквой памаліцца аб упакаенні душы мітрапаліта Філарэта, пройдуць памінальныя службы. Кожныя паўгадзіны будзе служыцца ліція (кароткая памінальная служба) і кожныя дзве гадзіны - паніхіда. Акрамя таго, будзе арганізавана прамая трансляцыя на "Беларусь 3" 14 студзеня з 10.00 да 12.00. З 8.00 да 10.00 будзе арганізавана трансляцыя на YouTube-канале БПЦ", - расказалі ў сінадальным інфармацыйным аддзеле БПЦ.

14 студзеня ў 8.00 у Мінскім Святадухаўскім Кафедральным саборы пачнецца саборная архірэйская Боская літургія, пасля заканчэння якой будзе адслужаны чын адпявання ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Труна з целам мітрапаліта Філарэта будзе знаходзіцца ў Мінскім Святадухаўскім Кафедральным саборы да 18.00 14 студзеня, пасля чаго будзе перавезена ва Успенскі сабор Жыровіцкага мужчынскага манастыра. Насельнікі манастыра будуць кругласутачна чытаць Евангелле. У пятніцу, 15 студзеня, у 10.00 ва Успенскім Жыровіцкім манастыры пачнецца саборная архірэйская Боская літургія, пасля якой адбудзецца паніхіда. Пасля яе цела спачылага мітрапаліта Філарэта, згодна з яго запаветам, будзе пахавана за Крыжаўзвіжанскім храмам Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Як паведамлялася, 16 снежня 2020 года мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны з прыкметамі захворвання, выкліканага каранавіруснай інфекцыяй. Ён памёр у бальніцы 12 студзеня 2021 года.

Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт (у свеце - Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія. У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаства з імем у гонар святога Філарэта Міласцівага і быў пасвячоны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў назначаны Мітрапалітам Мінскім і Беларускім, Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м - Мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода. У 1992-2013 гадах быў Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрытам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Падзвіжніцкая асветная дзейнасць ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, яго вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага і расійскага народаў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі - ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, Пашаны, Францыска Скарыны, расійскім ордэнам "За заслугі перад Айчынай" IV ступені і іншымі.

У 2006 годзе мітрапаліту было прысвоена званне "Герой Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі