Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 кастрычніка 2020, 11:48

"Размова прайшла пазітыўна" - у Віцебску дыялогавая пляцоўка аб'яднала актывістаў з рознымі меркаваннямі

30 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Практыку дыялогавых пляцовак трэба пашыраць. Да такога меркавання прыйшлі 29 кастрычніка ўдзельнікі круглага стала "Шляхі пабудовы грамадзянскай супольнасці, вырашэнне палітычных і эканамічных праблем у Віцебскім рэгіёне", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дыялогавая пляцоўка сабрала ў Віцебску прадстаўнікоў розных палітычных партый (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя, БНФ), у тым ліку тых, якія ствараюцца ("Радзіма" і "Айчына"), грамадскіх аб'яднанняў ("Белая Русь", "Гавары праўду", Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз афіцэраў, Беларускі фонд міру, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, "Ветэраны паветрана-дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый", Саюз пісьменнікаў Беларусі). Далучыліся і актыўныя прадпрымальнікі, неабыякавыя да палітычнага жыцця грамадзяне, якія не прадстаўлялі якія-небудзь палітычныя ці грамадскія сілы. Так, на сустрэчы прысутнічаў актывіст руху "Краіна для жыцця" Аляксандр Ільінец. Па асабістай ініцыятыве са сваімі прапановамі прыйшла педагог дадатковай адукацыі Марына Кісялёва. Такім чынам, была забяспечана палярнасць меркаванняў.

У цэнтры ўвагі ўсіх, хто сабраўся, была палітычная абстаноўка не толькі ў рэгіёне, але і ў Беларусі ў цэлым. Усе выступленні аб'яднаў агульны пасыл: неабходны мірны дыялог улады і апазіцыі. Пры гэтым большасць удзельнікаў адзначала, што гэта магчыма толькі пры ўмове спынення вулічных пратэстаў і вяртання да мірнай, спакойнай абстаноўкі ў краіне.

"Добра, што мы сабраліся тут, каб бакі пачулі адзін аднаго. Толькі праз канструктыўны дыялог можна вырашыць усе наспелыя пытанні. Для гэтага трэба размаўляць, а не ставіць ультыматумы", - падкрэсліў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Дзянісаў.

Актыўную грамадзянскую пазіцыю займае прадпрымальнік і мецэнат з Наваполацка Максім Голубеў. "З улікам дзейнасці ў мяне склаліся вялікія сацыяльныя сувязі. Я добра ведаю меркаванні розных слаёў грамадства і прыйшоў да наступнай высновы: пераважная частка насельніцтва актыўна не далучаецца ні да аднаго палітычнага лагера", - адзначыў ён.

"Сваё меркаванне трэба выказваць вось у такім фармаце, у час такіх круглых сталоў. Сённяшняя размова прайшла пазітыўна. У кожнага з удзельнікаў сваё бачанне, свая пазіцыя па сітуацыі. Фармат дыялогавай пляцоўкі даў магчымасць усім у канструктыўнай форме, без зняваг выказаць свой пункт гледжання", - адзначыла старшыня каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый, палітычных партый Віцебска, старшыня Віцебскага гарадскога савета ветэранаў Ларыса Аленская. На яе думку, большасць беларусаў ужо стамілася ад пратэстных акцый. "Яны нічога не выпрацоўваюць, не нясуць у сабе ніякага канструктыўнага сэнсу ці прапаноў. Таму мы ўсе павінны прыкласці максімум намаганняў для вяртання той мірнай, спакойнай абстаноўкі, якой заўсёды вызначалася Беларусь, вярнуць камфортны стан у кожную сям'ю, каб весці сумесны дыялог далей. Кожны з бакоў павінен зрабіць крок насустрач", - канстатавала эксперт.

Асобную ўвагу ўдзельнікі звярнулі на неабходнасці палітычных пераўтварэнняў, якія наспелі ў грамадстве і якія патрэбна шырока абмяркоўваць, улічваючы розныя меркаванні.

"Наша сённяшняя сустрэча - добры знак таго, што грамадства, улада гатовы да дыялогу", - дадаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі