Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 верасня 2024, 22:10

Расстрэл картэжу з гранатамёта. Як планавалі ўстараніць Лукашэнку і што такое план "Цішыня" 

Скрыншот відэа "Беларусь 1"
Скрыншот відэа "Беларусь 1"
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Змоўшчыкі, якія распрацавалі план па захопе ўлады ў 2021 годзе, планавалі ўстараніць Прэзідэнта Беларусі, расстраляўшы яго верталёт альбо картэж. Аб гэтым у фільме "Забойная змова. Мэта - Лукашэнка" на канале "Беларусь 1" расказаў адзін са змоўшчыкаў Юрый Зянковіч, які быў асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі ў верасні 2022 года, паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Юрыя Зянковіча, першапачатковы план прадугледжваў "класічны ваенны пераварот". У выпадку, калі ваенныя адмовяцца страляць у кіраўніка дзяржавы, былі падрыхтаваны групы радыкалаў. Яны гатовы былі расстраляць верталёт Прэзідэнта пры ўзлёце альбо пры пасадцы з буйнакалібернага кулямёта. "Знішчэнне гэтага верталёта павінна было быць выкарыстана як сігнал для ваенных дзейнічаць па тым плане, аб якім я расказаў (ваенны пераварот. - Заўвага БЕЛТА)", - дадаў Юрый Зянковіч.

Ён таксама расказаў, які лёс чакаў чалавека, які павінен быў устараніць Прэзідэнта: "Сусветная гісторыя вучыць, што чалавек, які непасрэдна падняў руку на кіраўніка дзяржавы, павінен быць знішчаны. Дастаткова хутка і дастаткова паказальна. Любы чалавек, які прыходзіць на месца кіраўніка дзяржавы, даражыць сваім жыццём. І дрэнны прыклад заразлівы. Калі можна ўстараніць аднаго кіраўніка дзяржавы, то можна ўстараніць і наступнага. Таму хуткае і публічна вядомае ўстараненне асобы, якая падняла руку на кіраўніка дзяржавы, павінна адпужваць ад такіх злачынстваў у далейшым".

Юрый Зянковіч канстатаваў, што, акрамя групы ваенных, была група, якая ўмоўна называлася АГСА - "Атрады грамадзянскай самаабароны". Яны дэкларавалі вельмі вялікае жаданне знішчыць кіраўніка дзяржавы. Аўтарам плана з расстрэлам верталёта з буйнакалібернага кулямёта стаў Мікалай Аўтуховіч. У кастрычніку 2022 года ён абвінавачваўся па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, шэсць з якіх - за асабліва цяжкія злачынствы. Гродзенскі абласны суд прызнаў Мікалая Аўтуховіча вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання. Увогуле яму назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў.

"Я звярнуўся да Аўтуховіча, як да былога ваеннага. Ён сказаў, што з гранатамёта гэта даволі складана зрабіць. А вось з кулямёта, як ён лічыў, - гэта больш надзейны варыянт", - заявіў Юрый Зянковіч.

Акрамя таго, дадаў ён, быў і план "Цішыня", які прыслаў Дзяніс Хромаў (Хофман) - грамадзянін Украіны, які пражываў апошнія гады ў Германіі: "Гэты план я атрымаў менавіта ад яго. Расстрэл картэжу кіраўніка дзяржавы з гранатамёта - гэта быў менавіта план "Цішыня". Я пераслаў яго іншым членам групы. План быў раскрытыкаваны, і быў прадстаўлены другі варыянт гэтага плана".

Юрый Зянковіч адзначыў, што стараўся трымацца ад Хофмана на адлегласці, таму што ён грамадзянін Украіны, для якога жыцці беларусаў не ўяўляюць ніякай каштоўнасці. "Ён, відаць, дзейнічаў і ў інтарэсах сваёй краіны. Аднойчы ў размове са мной прапанаваў мне вельмі настойліва прыехаць у Кіеў. Калі я спытаў, навошта, ён сказаў, што не ўпаўнаважаны цяпер мне аб гэтым расказваць. Але я павінен быў даверыцца яму, прыляцець у Кіеў. У аэрапорце "Барыспаль" мне павінны надзець на галаву мяшок, завезці ў нейкую ўстанову або падвал і дапытаць на дэтэктары хлусні. У выпадку, калі я прайду дэтэктар хлусні, мне раскажуць, навошта мяне прывезлі ў Кіеў", - расказаў ён.

"Пры ўсёй прывабнасці такой прапановы я вырашыў адмовіцца ад яе, паколькі мне маё жыццё і мая свабода даражэй за нейкія дзіўныя ігрышчы, хутчэй за ўсё звязаныя са спецслужбамі Украіны", - лічыць Юрый Зянковіч.

Юрый Зянковіч сказаў, што яму складана меркаваць, хто стаяў за Хофманам. "У той час ва Украіне было столькі як дзяржаўных, так і недзяржаўных прыватных узброеных груп, што гэта мог быць любы", - рэзюмаваў ён.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі