Сцяг Нядзеля, 19 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2025, 16:54

"Расстаўляючы акцэнты і арыенціры". Праект "Веды без межаў" сустрэлі ў Гродне

18 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Сацыяльна значную літаратуру і сертыфікаты на доступ да рэспубліканскіх электронных рэсурсаў на "Марафоне адзінства" прадстаўнікам бібліятэчнай сістэмы Гродзенскай вобласці ўручыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага прыняла праект "Веды без межаў", які праходзіць у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства". Так, сёння фонды гэтай установы культуры і публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці папоўніліся 300 экзэмплярамі сацыяльна значных выданняў, а таксама атрымалі доступ да электронных рэсурсаў Нацбібліятэкі. "Калі мы гаворым аб адзінстве, гэта адзіная прастора нашай краіны: і пакаленчая, і геаграфічная, але, вельмі важна, культурная прастора. Вядома, сімвалам культуры з'яўляецца кніга. Кніга, якая прадаўжае выконваць сваю функцыю асветную. Кніга жывая і будзе жыць", - сказаў Вадзім Гігін і дадаў, што бібліятэчная справа набывае новыя формы.

"Цяпер Нацыянальная бібліятэка пачала рэалізацыю новага праекта - гэта "Нацыянальная электронная бібліятэка". І мы паступова падключаем усе бібліятэкі нашай краіны да электронных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі. Акрамя таго, дзелімся тымі ведамі, якія захоўваюцца ў нашым алмазе ведаў у рамках кнігаабмену. Мы прывозім у рэгіёны сацыяльна значную літаратуру, яны атрымліваюць яе самі. Запатрабаванасць яе вельмі вялікая, таму што гэта тыя кнігі, якія расстаўляюць ідэйныя акцэнты і арыенціры. Яны і аб сучаснасці, і аб гісторыі, яны аб самых актуальных пытаннях, якія вывучаюцца ў школе, узнімаюцца на днях інфармавання, якія хвалююць нашых людзей. І менавіта кніга змяшчае найбольш правільную, найбольш верыфікаваную інфармацыю. Таму гэты праект вельмі важны", - звярнуў увагу гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі.

Ён таксама падкрэсліў, што праект "Веды без межаў" у Гродне мае свае асаблівасці. "Тут да нас больш актыўна падключаецца гродзенскі Саюз пісьменнікаў. Калі мы гаворым пра кнігу, то мы павінны і планаваць будучыя тэмы, якія хвалююць пісьменнікаў. А для таго, каб гэта было найбольш эфектыўна, неабходны кантакт з чытачом. Дзе ён можа адбывацца? Вядома ж, у бібліятэцы", - сказаў Вадзім Гігін.

Як падзялілася дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Марына Ігнатовіч, сённяшняя падзея значна пашырыць магчымасці бібліятэк рэгіёна. "Гэта вялікая падмога, вялікі плюс. Кожны з розных куткоў Гродзенскай вобласці, са свайго населенага пункта будзе мець доступ да электронных рэсурсаў галоўнай бібліятэкі нашай краіны. Гэта дазволіць нам яшчэ больш паглыблена вывучаць гісторыю нашай краіны, дасць магчымасць яшчэ больш якасна задавальняць запыты карыстальнікаў. Бо самае галоўнае, што ёсць у бібліятэцы кожнай, - гэта фонд, кнігі і карыстальнікі", - сказала яна.

Гродна 17 і 18 студзеня прымае рэспубліканскую грамадска-культурную акцыю "Марафон адзінства". У яе маршруце гэта ўжо 15-ы горад. Марафон стартаваў у Маладзечне, затым пабываў у Гомелі, Жлобіне, Магілёве, Бабруйску, Оршы, Віцебску, Пінску, Баранавічах, Брэсце, Мазыры, Салігорску, Лідзе, Наваполацку.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі