Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 студзеня 2021, 18:51

Распрацоўка вакцыны і лячэнне з дапамогай стваловых клетак - як беларускія вучоныя змагаюцца з COVID-19

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Ганчароў расказаў аб даследаваннях беларускіх вучоных у галіне барацьбы з COVID-19 у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Часта развіццё цяжкіх пнеўманій пры COVID-19 асацыіравана з моцнай рэакцыяй уласнай імуннай сістэмы. Стваловыя клеткі могуць паўплываць на гэта. Акрамя таго, яны могуць садзейнічаць аднаўленню пашкоджаных тканак, у тым ліку лёгачнай. Таму мы вырашылі праверыць, ці змогуць стваловыя клеткі дапамагчы пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Мы выкарыстоўвалі іх унутрывенна для лячэння цяжкіх пацыентаў. Такія даследаванні праводзяцца на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ў супрацоўніцтве з БДМУ. Пачалі ў канцы снежня, пакуль пралячылі толькі пяць чалавек", - расказаў Андрэй Ганчароў.

Паводле яго слоў, ва ўсіх пацыентаў былі паказанні да пераводу на штучную вентыляцыю лёгкіх. Ім аднаразова або двухразова ўвялі стваловыя клеткі (1 млн на 1 кг масы цела). "Адну жанчыну ўсё ж перавялі на ШВЛ, але толькі на адны суткі, а праз некаторы час паспяхова выпісалі з бальніцы. Астатніх на ШВЛ не пераводзілі, паколькі на працягу сутак іх стан стабілізаваўся. З пацыентамі усё добра, - адзначыў вучоны. - Вядома, пакуль нельга гаварыць, што такое лячэнне будзе эфектыўным для ўсіх. Каб дабіцца добрага выніку, вельмі важна ўвесці стваловыя клеткі своечасова, пакуль яны яшчэ могуць дапамагчы пацыенту".

Вучоныя таксама займаюцца распрацоўкай вакцыны супраць COVID-19. У рабоце акрамя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН удзельнічаюць РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, інстытуты генетыкі і цыталогіі, фізіялогіі НАН. "Кожны выконвае сваю задачу. Напрыклад, Інстытут генетыкі і цыталогіі будзе праводзіць поўнае геномнае секвеніраванне віруса, а Інстытут фізіялогіі - даследаванні на жывёлах. Мы маем намер выканаць работу ва ўстаноўлены тэрмін", - падкрэсліў Андрэй Ганчароў.

Акрамя таго, беларускія вучоныя даследуюць клетачны імунітэт у пацыентаў з COVID-19. "Мы ўжо выявілі некалькі паказчыкаў, якія з вельмі высокай верагоднасцю паказваюць на тое, што ў пацыента будзе цяжкі ход хваробы. Пры паступленні хворага ў стацыянар можна выканаць імунаграму і зрабіць пэўныя высновы", - дадаў дырэктар інстытута.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі